Пакуль студэнты грамадзянскіх ВНУ адпачывалі, курсанты Ваеннай акадэміі ўжо ваўсю спасцігалі ваенную навуку. Першакурснікі прайшлі курс агульнавайсковай падрыхтоўкі, паспелі адаптавацца да армейскай дысцыпліны, навучыліся прышываць каўняры і ў выніку атрымалі курсанцкія пагоны.
А сапраўдная класічная навука ў іх пачалася як і ва ўсіх. У другі дзень верасня курсанты зноў селі за парты, першакурснікі ўпершыню адкрылі падручнікі па ваенным майстэрстве. Сярод навічкоў — 313 юнакоў з розных рэгіёнаў Беларусі. Трое з іх будуць навучацца ў Акадэміі МУС. 43 чалавекі вырашылі атрымліваць ваенную адукацыю ў ВНУ Расійскай Федэрацыі.
— Сённяшні курсант — будучы афіцэр, — ахарактарызаваў першакурсніка начальнік Ваеннай акадэміі генерал-маёр Сяргей БОБРЫКАЎ. — У асноўным, гэта жыхар горада. На жаль, з кожным годам усё менш абітурыентаў з сельскай мясцовасці. За месяц, які курсанты правялі тут, яны выраўняліся, сталі падобнымі адзін да аднаго. Галоўнае, што іх аб'ядноўвае, — аднолькавыя мэты, дзеля якіх яны прыйшлі вучыцца ў галоўную ваенную ВНУ краіны.
Новаспечаны курсант Аляксандр Бухта будзе спасцігаць ваенную навуку на агульнавайсковым факультэце Ваеннай акадэміі па спецыяльнасці «Мотастралок». Юнак жартуе, што гэта добрая заяўка ў камандзіры: якраз такіх спецыялістаў большасць сярод каманднага складу Узброеных Сіл краіны. І ў яго на выдатную кар'еру ёсць усе шанцы. Аляксандр працягвае ваенную дынастыю сваёй сям'і: дзядуля, бацька, дзядзька і брат у розныя часы прысягалі на вернасць Айчыне. Таму годна праходзіць службу для юнака — задача № 1, бо родныя папярэдзілі: «Не падвядзі!»
Адукацыйны працэс у Ваеннай акадэміі і на ваенных факультэтах грамадзянскіх вышэйшых навучальных устаноў Беларусі адпавядае ўсім тым тэндэнцыям, якія ініцыюе Міністэрства адукацыі. У першую чаргу, гэта тычыцца пераходу да новых адукацыйных стандартаў трэцяга пакалення з улікам дыферэнцыраваных тэрмінаў навучання.
— Сёлета навучальны працэс будзе арганізаваны па 21 адукацыйным стандарце, — паведаміў начальнік вучэбна-метадычнага аддзела Ваеннай акадэміі Андрэй ГОВІН. — Згодна гэтым стандартам, намі праведзена сістэматызацыя падрыхтоўкі спецыялістаў як ваеннага, так і грамадзянскага профілю, ажыццёўлены ўхіл на практычную падрыхтоўку курсантаў. Ужо не першы год адметная асаблівасць адукацыі Ваеннай акадэміі — шчыльнае супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі. У прыватнасці, з арганізацыямі АДКБ. Нядаўна, напрыклад, курсанты вярнуліся з расійскага палігона, дзе прайшлі стажыроўку і ўдзельнічалі ў рэальных пусках, выконваючы разам з расійскімі ваеннаслужачымі баявыя задачы.
Адзін са складнікаў падрыхтоўкі будучых афіцэраў — навуковая работа. Трэба адзначыць, што яна тут праводзіцца на самым высокім узроўні. Пра што сведчыць хаця б тое, што, у адрозненне ад тэндэнцый грамадзянскай адукацыі, дзе тэмы дыпломных работ распрацоўваюцца на выпускаючай кафедры, тэмы дыпломных работ курсантаў перад напісаннем абавязкова ўзгадняюцца з заказчыкам.
...Не сакрэт, што мы даўно імкнёмся стаць удзельнікамі Балонскага працэсу. Выкананне ўсіх адукацыйных стандартаў набліжаюць нас да гэтай мэты. Вялікі крок у гэтым «падарожжы» робіць і галоўная ваенная ВНУ краіны.
Вераніка КАНЮТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/placdarm