zviazda.by
Published on zviazda.by (https://zviazda.by)

Хатняя старонка > ВЫЗНАЧАНЫ ЛАЎРЭАТЫ ДЗЯРЖАЎНАЙ ПРЭМІІ 2012 ГОДА

  • 10.09.2013 03:09
  • Палітыка [1], Афiцыйна [2]

Лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь 2012 года сталі 16 чалавек. Указ №401 «Аб прысуджэнні Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь 2012 года» кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў 9 верасня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Указам прысуджаны тры прэміі ў галіне навукі і тэхнікі і тры прэміі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры за работы, якія характарызуюцца навуковай навізной і маюць значную эканамічную эфектыўнасць ці сацыяльную значнасць для Беларусі, а таксама атрымалі шырокае прызнанне беларускай і міжнароднай грамадскасці.

Дзяржаўнай прэміяй у галіне навукі і тэхнікі адзначаны цыкл работ «Новыя неарганічныя злучэнні і матэрыялы на аснове мікра- і нанаразмерных часцінак: атрыманне, уласцівасці, прымяненне» . Ён мае высокую навуковую каштоўнасць і змяшчае вынікі сусветнага ўзроўню навізны, атрыманыя за 35-гадовы перыяд даследаванняў. Аўтарамі Міхаілам Арцем'евым, Анатолем Лесніковічам і Алегам Івашкевічам упершыню сінтэзаваны больш за 100 новых злучэнняў, якія знайшлі прымяненне ў розных галінах і ў розных краінах свету.

Гэтай прэміі таксама ўдастоена праца «Распрацоўка і шырокамаштабнае ўкараненне нацыянальных сродкаў абароны дакументаў, каштоўных папер і асабліва каштоўных аб'ектаў на аснове галаграфічных метадаў». Аўтарамі Леанідам Таніным, Пятром Маісеенкам і Мікалаем Макарэвічам распрацаваны і ўкаранёны нацыянальныя надзейныя сродкі абароны ад падробкі каштоўных папер, якія маюць сусветны прыярытэт. Навуковая каштоўнасць гэтай работы заключаецца ў развіцці фізічных прынцыпаў і распрацоўцы ўнікальных галаграфічных тэхналогій, якія з'яўляюцца бясспрэчным дасягненнем беларускіх вучоных і інжынераў.

Акрамя таго, дзяржаўнай прэміяй у галіне навукі і тэхнікі заахвоцілі працу «Распрацоўка і асваенне вытворчасці спецыяльных колавых шасі і цягачоў чацвёртага пакалення ваенна-тэхнічнага і двайнога прызначэння». Аўтары працы Андрэй Галавач, Юрый Нікалаеў і Яўген Гарко стварылі аснову для арганізацыі ў Беларусі ўласнай вытворчасці спецыяльных колавых шасі і цягачоў, якія істотна пераўзыходзяць па сваіх характарыстыках машыны папярэдняга пакалення.

Дзяржпрэміяй у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры адзначаны спектакль «Пінская шляхта» па п'есе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Творчы калектыў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы стварыў спектакль, які стаў выдатнай з'явай у тэатральным жыцці краіны і ўяўляе сабой яркае ўвасабленне класікі сучаснымі сцэнічнымі сродкамі. Гэтая пастаноўка атрымала высокую ацэнку і прызнанне не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Прэмія прысуджана народнаму артысту Беларусі Віктару Манаеву, мастаку-пастаноўшчыку Вользе Мацкевіч і кампазітару Андрэю Зубрычу.

За выдатныя дасягненні вакальнага і выканаўчага майстэрства дзяржаўнай прэміі ўдастоена артыст-вакаліст — вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Ніна Шарубіна. Артыстка, якая валодае голасам рэдкага тэмбру, за кароткі час стала вядучай салісткай тэатра оперы і балета, дэманструючы цудоўны вакал, віртуозную пеўчую тэхніку і талент драматычнай актрысы. Яе творчасць з'яўляецца вышэйшым дасягненнем беларускага мастацтва апошняга часу.

Дзяржаўнай прэміяй за стварэнне шматпрофільнага культурна-спартыўнага комплексу «Мінск-Арэна» адзначаны аўтарскі калектыў у складзе Валерыя Куцко, Уладзіміра Будаева і Анатоля Шабаліна, які стварыў найбуйнейшы спартыўна-культурны аб'ект на тэрыторыі краіны, што па сваім маштабе, інжынернаму і мастацкаму вырашэнню параўнальны з найлепшымі ўзорамі сучаснай сусветнай архітэктуры.

Прыняцце ўказа сведчыць пра высокую ацэнку і прызнанні дзяржавай заслуг выдатных людзей Беларусі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё нацыянальнай навукі, культуры і мастацтва.

Падзяліцца:
Нашы партнёры:
Publishing House Star
Падпіска
© 1998—2021 Усе правы належаць рэдакцыі РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”.
Пры выкарыстанні публікацый сайта актыўная гіперспасылка на крыніцу і аўтара абавязкова.
  • Газета "Звязда"
  • Рэклама
  • Праекты
  • Архіў
  • Палітыка
  • Эканоміка
  • Грамадства
  • У свеце
  • Культура
  • Калейдаскоп
  • Спорт
  • Нашы выданні
  • Кнігі
Яндекс.Метрика (function(m,e,t,r,i,k,a){m[i]=m[i]||function(){(m[i].a=m[i].a||[]).push(arguments)}; m[i].l=1*new Date();k=e.createElement(t),a=e.getElementsByTagName(t)[0],k.async=1,k.src=r,a.parentNode.insertBefore(k,a)}) (window, document, "script", "https://mc.yandex.ru/metrika/tag.js", "ym"); ym(37842935, "init", { clickmap:true, trackLinks:true, accurateTrackBounce:true, webvisor:true });
Создание информационного сайта Создание сайта webxayc.by

Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/aficyyna