Крысціна БОНДАРАВА, загадчык літаратурна-драматычнай часткі Беларускага тэатра «Лялька», г. Віцебск:
— Кожны беларус мусіць пабываць у вёсцы Косава Брэсцкай вобласці, каб пабачыць шыкоўны палац Пуслоўскіх. А зусім недалёка знаходзіцца фальварак Мерачоўшчына, дзе нарадзіўся сусветна вядомы наш зямляк — Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка, кіраўнік паўстання 1794 года. Неверагодна прыгожая і таямнічая сядзіба Умястоўскіх у Жамыславе. Далей вандроўніку варта зазірнуць у так званыя «Паўночныя Афіны» — палац, які быў пабудаваны ў вёсцы Залессе Гродзенскай вобласці славутым ліцвінам Міхалам Клеафасам Агінскім. Варта наведаць і палац Булгакаў ў Жылічах (Магілёўская вобласць), які называюць «беларускім Версалем». Тым, хто цікавіцца ўладаннямі Радзівілаў, нельга абмінуць і замак у мястэчку Любча, што вельмі хутка аднаўляецца дзякуючы намаганням валанцёраў з розных краін свету.
Павел ХАВАНСКІ, электрамеханік у метрапалітэне, г. Мінск:
— Перш за ўсё, кожнаму беларусу трэба наведаць Мірскі замак. Гэта шэдэўр беларускай архітэктуры і, мабыць, самае папулярнае месца ў краіне. Таксама трэба наведаць Гродна. Архітэктура самага «еўрапейскага» горада Беларусі нікога не пакіне абыякавым. Абавязкова трэба завітаць у вёску Гервяты Астравецкага раёна. Там знаходзіцца касцёл, пабудаваны ў стылі неаготыкі, — адно з самых прыгожых збудаванняў на Беларусі. Абавязкова трэба паглядзець Брэсцкую крэпасць. Звычайна беларусы могуць расказаць пра яе толькі праз прызму падзей Вялікай Айчыннай вайны. І не кожны ведае, што тут у 1596 годзе была падпісана царкоўная унія, а падчас Першай сусветнай вайны — Брэст-літоўскі мірны дагавор. Яшчэ раю завітаць у Навагрудак. Канешне, там няма такога велічнага замка, як, напрыклад, у Нясвіжы, але адчуванне, што па гэтай зямлі некалі хадзіў Міндоўг і Міцкевіч, ні на хвіліну не пакідае.
Марына СУХАНАВА, правізар у аптэцы, г. Мінск:
— З тых месцаў, дзе я была, спачатку я раіла б усім наведаць Гродна, бо там знаходзіцца цудоўная Каложская царква. Калі вы хочаце пабачыць «маленькую Швейцарыю», то тады трэба ехаць у Гервяты. Каб ацаніць прыгажосць беларускай прыроды, варта завітаць на Браслаўшчыну. Бясспрэчна, кожны беларус павінен трапіць у Нясвіж. І абавязкова калі-небудзь завітайце ў Віцебск. Гэта горад на Дзвіне з прыгожымі саборамі, цэрквамі і пануючай там атмасферай мастацтва.
Падрыхтавала Вікторыя ЧАПЛЕВА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/poglyad
[3] https://zviazda.by/be/tags/poglyad
[4] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-chapleva
[5] https://zviazda.by/be/tags/kryscina-bondarava
[6] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-teatr-lyalka
[7] https://zviazda.by/be/tags/pavel-havanski
[8] https://zviazda.by/be/tags/maryna-suhanava