Зборная Беларусі па футболе саступіла нацыянальнай камандзе Францыі ў перадапошнім паядынку кваліфікацыі першынства свету, які налета прыме Бразілія.
Да сустрэчы з Беларуссю французы на працягу 5 матчаў не маглі паразіць вароты саперніка. Гэта сапраўдны антырэкорд у гісторыі «трохколерных». У паядынку з хлопцамі Георгія Кандрацьева, які праходзіў у Гомелі, госці забілі ажно чатыры мячы, але гэта да апошняга не забяспечвала ім вікторыю ў даволі драматычным супрацьстаянні.
Беларусы гулялі добра. Выкладваліся напоўніцу і імкнуліся перамагчы, усімі сіламі не даць перавагі апаненту, які ўваходзіць у спіс лепшых зборных свету. Французы для свайго статусу дзейнічалі, як прызнаўся Грэгары Купэ, экс-галкіпер французскай зборнай, правальна. У выніку наскокаў на гасцявыя вароты Ягор Філіпенка і Цімафей Калачоў забілі два галы (на шчасце родным балельшчыкам), якія для галкіпера Уга Льярыса сталі, напэўна, аднымі з самых кур'ёзных у кар'еры. Нягледзячы на гэта падапечныя Дыдзе Дэшама адыгрываліся хутка, але лік бяспечным для сябе зрабілі толькі на апошніх хвілінах сустрэчы. 4:2 — перамога французаў, якія не прадэманстравалі выдатнай гульні, але парадкам пахвалявалася ў матчы з няўступлівымі беларусамі.
— Шкада, саступілі ў матчы, які правялі, па вялікім рахунку, добра. Нават казаць нічога не хочацца, — гэта эмацыянальнае выказванне Георгія Кандрацьева, галоўнага трэнера беларускай зборнай, якое сведчыць пра тое, што нашы хлопцы не збіраліся ў гэтым матчы быць статыстамі. На жаль, не датрывалі...
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/sport
[2] https://zviazda.by/be/sport-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport