Для рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў і якаснага суверэннага развіцця Рэспублікі Беларусь органы дзяржаўнага кіравання і грамадзяне павінны адмыслова валодаць сучаснай міжнароднай праблематыкай і быць гатовыя не толькі рэагаваць на выклікі і пагрозы, але дзейнічаць на апярэджанне.
Навакольны свет у наш час надта неспакойны, трывожная інфармацыя пра крызісныя з'явы ў эканоміцы, зводкі з франтоў «гарачых кропак» розных рэгіёнаў планеты па ранейшаму сярод топ-навін тэлеканалаў і інтэрнэт-рэсурсаў, на першых палосах газет і часопісаў. На жаль, і гэты тыдзень не стаў выключэннем з агульнай тэндэнцыі.
Найбольшую ўвагу прыцягваюць да сябе падзеі вакол узброенага канфлікту ў Сірыі, што цягнецца болей за два гады і каштаваў не менш за 100 тысяч жыццяў. Відавочна, што сірыйскі канфлікт уступіў у актыўную фазу свайго развіцця, калі краіна аказалася на парозе ўзброенай знешняй інтэрвенцыі. Тлумачыцца гэта тым, што сірыйскі дзяржаўны лад праявіў нечаканую устойлівасць, а кіраўніцтва на чале з Башарам Асадам паступова пачало вяртаць сімпатыі насельніцтва. Летам 2013 года ўрадавыя ўзброеныя сілы ўвогуле былі блізкія да канчатковай ліквідацыі апошніх ачагоў «сірыйскай рэвалюцыі». Аднак з гэтым ніяк не маглі пагадзіцца ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і іх саюзнікі, таму было пастаўлена пытанне аб узброеным вырашэнні сірыйскага супрацьстаяння на карысць паўстанцаў. У якасці фармальнай прычыны быў названы факт прымянення хімічнай зброі ўрадавымі войскамі.
Між іншым, трэба адзначыць, што знешні фактар быў вельмі важкі ў сітуацыі сірыйскай грамадзянскай вайны: атрады мяцежнікаў-ісламістаў, што аб'ядналіся ў Свабодную армію Сірыі пад кіраўніцтвам Сірыйскай нацыянальнай кааліцыі
, атрымалі палітычную, вайсковую, матэрыяльную падтрымку ад ЗША і блізкіх да іх дзяржаў, у той час сірыйскі ўрад карыстаецца падтрымкай Расійскай Федэрацыі, Кітая і, найперш, Ірана.
Зразумела, што заявы кіраўніка ЗША, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Барака Абамы пра неабходнасць узброенага ўмяшання ў сірыйскую грамадзянскую вайну не маглі быць спакойна ўспрынятыя кіраўніцтвам гэтых краін. Адсутнасць згоды вакол сірыйскай праблематыкі была ў аснове расійска-амерыканскага непаразумення падчас саміту G20 у Санкт-Пецярбургу. Пры гэтым, нягледзячы на адсутнасць міжнароднай санкцыі, ЗША працягвалі падрыхтоўку да баявой аперацыі. Трэба прызнаць, што аб'ектыўных баявых магчымасцяў стрымаць вайсковы імпэт паўночнаамерыканцаў у альтэрнатыўных краін сёння няма і бліжэйшым часам не прадбачыцца. У такіх умовах адзіным сродкам уздзеяння застаюцца дыпламатычныя і інфармацыйныя метады, калі сапраўдны агрэсіўны характар інтэрвенцыі становіцца відавочным, а размовы пра «абарону правоў чалавека» пазбаўляюцца асновы. Зыходзячы з такой логікі, кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі выступіла з прапановай аб перадачы сірыйскіх вайсковых арсеналаў хімічнай зброі пад міжнародны кантроль для яго далейшага знішчэння. Расійская ініцыятыва сустрэла прыязнае стаўленне дзяржаўнай улады Сірыі, была падтрымана Еўрапарламентам і міжнароднай супольнасцю (15 дзяржаў). 11 верасня 2013 года з прымірэнчым артыкулам у газеце Thе Nеw Yоrk Tіmеs да грамадскасці ЗША звярнуўся Уладзімір Пуцін. У такой сітуацыі прэзідэнт Злучаных Штатаў Барак Абама заявіў, што «гатовы адкласці вайсковую аперацыю для таго, каб даць шанс дыпламатычным высілкам».
З аднаго боку, падобна на тое, што дыпламатыя гэтым разам перамагла зброю, а канфлікт вырашыцца на карысць мірнага ўрэгулявання. Аднак існуе і іншы погляд на такія падзеі: шэраг аналітыкаў лічаць адносіны ЗША і РФ стратэгічным партнёрствам, а сірыйскі канфлікт усяго толькі «нязначным непаразуменнем» паміж хаўруснікамі. То бок, выходзячы з мірнымі прапановамі, якія прадугледжваюць размяшчэнне на тэрыторыі Сірыі міжнароднага вайсковага кантынгенту ААН, расійскае кіраўніцтва стварае для Абамы магчымасць «захаваць твар». Справа ў тым, што як знешнія, так і ўнутраныя ўмовы не спрыяюць правядзенню вайсковай аперацыі: супраць узброенай інтэрвенцыі ў Сірыю, згодна з апытаннямі, выступаюць да 60% грамадзян ЗША; акрамя таго, адмоўнае рашэнне брытанскага парламента паставіла крыж на мілітарысцкіх памкненнях Вялікабрытаніі. Без удзелу бліжэйшага хаўрусніка, ва ўмовах адсутнасці грамадскага кансенсусу баявая аперацыя магла ператварыцца для арміі ЗША з «лёгкай прагулкі» ў доўгатэрміновы крывавы канфлікт кшталту В'етнама ці Афганістана. Такім чынам, план Расіі можа быць для ЗША выратавальнай саломінкай, калі замест узброенай агрэсіі ўдасца размясціць вайсковы кантынгент на тэрыторыі Сірыі са згоды яе ўрада, ды яшчэ пад выглядам «міратворчай аперацыі». А гэта, як той казаў, «дзве вялікія розніцы».
Але ў такіх умовах вельмі важную ролю мае пазіцыя Кітая і ў яшчэ большай ступені Ірана, які цяпер з'яўляецца ключавым гульцом рэгіёна. Згодна з меркаваннем намесніка Генеральнага Сакратара ААН Джэфры Фелмана, «урэгуляванне сірыйскага канфлікту без актыўнага ўдзелу Ірана немагчымае». Відавочна, што адхіленне Башара Асада ад улады і штучная дэцэнтралізацыя Сірыі для афіцыйнага Тэгерана ні ў якіх умовах непрымальная, а значыць, сірыйскі канфлікт будзе мець працяг...
Ва ўмовах неспакойнага навакольнага свету пытанні абароны і нацыянальнай бяспекі ўважліва разглядаюцца і ў Беларусі. Пэўнымі структурамі аналізуецца і абагульняецца негатыўны вопыт краін Блізкага Усходу, распрацоўваюцца захады як па падтрыманні ўнутранай стабільнасці і інфармацыйнай бяспекі, так і ў напрамку падтрымання баяздольнасці ўзброеных сіл і ўдзелу Рэспублікі Беларусь у міжнародных вайскова-палітычных блоках.
Трэба сказаць, што ваенна-палітычная вага АДКБ у сучасных умовах бачыцца недастатковай. Відавочна, што для падтрымання бяспекі ў рэгіёне, а таксама ў інтарэсах развіцця ўзброеных сіл краін-удзельніц патрэбны большы ўзровень інстуцыяналізацыі блока як у пытаннях стварэння сумесных вайсковых адзінак і эфектыўнай сістэмы арганізацыі бяспекі, так і ў пытаннях вытворчай кааперацыі вайскова-прамысловага комплексу. Пры гэтым неабходна ўлічыць спецыфіку краін-удзельніц, што прадстаўляюць як рэгіёны Сярэдняй Азіі ды Закаўказзе, так і Цэнтральную Еўропу. Рознасць выклікаў фарміруе разнастайнасць прыярытэтаў адносна ўдзелу ў АДКБ. Скажам, для Рэспублікі Беларусь больш актуальнымі выглядаюць не пытанні супрацьстаяння знешнім вайсковым выклікам, а супрацоўніцтва ў рамках АДКБ па пытаннях ліквідацыі наркатрафіку, супрацьдзеяння нелегальнай міграцыі, пагрозам у сферы інфармацыйнай бяспекі, барацьба з кіберзлачыннасцю.
Аднак і аспекты ваеннага супрацоўніцтва з'яўляюцца неабходным элементам дзяржаўнай палітыкі ў сучасных умовах. Напрыканцы верасня на тэрыторыі нашай краіны пачнуцца маштабныя беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні «Захад-2013».
Крытыкі падобных мерапрыемстваў ваеннага кшталту прывыклі прыкрывацца ружовымі ўяўленнямі аб сучаснасці і эмацыйна енчаць «Навошта гэта? Нам жа нічога не пагражае! Беларусі ўвогуле войска не патрэбна». Для такіх пацыфістаў-аптымістаў карысна будзе нагадаць старажытную рымскую прымаўку «Рrоеmоnіtуs рrоеmіnіtуs» — «Папярэджаны — значыць узброены».
Аляксандр ШПАКОЎСКІ, палітычны аналітык
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-shpakouski
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/poglyad
[4] https://zviazda.by/be/tags/poglyad
[5] https://zviazda.by/be/tags/bashar-asad
[6] https://zviazda.by/be/tags/siryya
[7] https://zviazda.by/be/tags/respublika-belarus
[8] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-pucin
[9] https://zviazda.by/be/tags/zahad-2013
[10] https://zviazda.by/be/tags/adkb
[11] https://zviazda.by/be/tags/new-york-times
[12] https://zviazda.by/be/tags/siryyskaya-nacyyanalnaya-kaalicyya
[13] https://zviazda.by/be/tags/siryyski-urad
[14] https://zviazda.by/be/tags/samit-g20