Уначы дабрацца да маскоўскай кватэры майго сябра магчыма толькі на таксі. Сцяпан падбягае да ўзбочыны, выцягвае руку... Імгненна выстраілася чарга з машын. Праз секунду мы ўжо ў цесным салоне блакітных старэнькіх «Жыгулёў». Пад гучнае «Белые розы, белые розы...» імчымся з хуткасцю ветру праз увесь горад. За рулём — таджык сумнеўнага выгляду, які мала таго што размаўляе на ламанай рускай, дык яшчэ і падразае іншыя машыны. У галаве тут жа праносіцца процьма думак. Дзе і як ён атрымаў правы? Што ў яго ў галаве? Калі выходзім на свежае паветра — выдыхаю з палёгкай: «Абышлося». І ў той жа момант заракаюся: больш так рызыкаваць не буду.
«Цішэй едзеш — далей будзеш...»
Калі гаворка ідзе пра нелегальных таксістаў, адразу ж згадваю трагічную смерць актрысы Марыны Голуб. Расійскія СМІ пішуць, што яна злавіла таксіста-прыватніка, каб даехаць да дому. Але так і не даехала... Як высветлілася пазней, таксіст, па віне якога адбылася аварыя, быў пазбаўлены правоў...
«Браслаў, Паставы, Лепель...» З такімі заклікамі прапаноўваюць свае паслугі кіроўцы нелегальных маршрутных таксі недалёка ад уваходу ў адзін з мінскіх аўтавакзалаў. Асобныя з іх умудраюцца нават перахопліваць пасажыраў проста ля білетных кас. Гэтую карціну назіраю штораз, калі еду дадому. І ёсць людзі, якія спакушаюцца на гэтыя заклікі. Сярод іх маладыя людзі, якія два гады таму спяшаліся з Мінска ў Гродна. Недарэмна кажуць, не спяшайся з козамі на торг! Двое з пяці да месца прызначэння так і не даехалі... «Кіроўца «Фальксвагена» на закругленні дарогі ва ўмовах галалёдзіцы не выбраў бяспечную хуткасць, не справіўся з кіраваннем і выехаў на сустрэчную паласу. Сутыкнуўся з «Волгай»... У выніку ДТЗ двое пасажыраў мікрааўтобуса і пасажыр «Волгі» памерлі на месцы. Яшчэ тры чалавекі з траўмамі шпіталізаваны». На першы погляд, гэта ўсяго толькі адна са шматлікіх зводак УДАІ МУС. З другога боку, гэта ДТЗ — чарговая нагода звярнуць увагу на праблему нелегальнага возніцтва. Варта адзначыць, што кіроўца «Фальксвагена» напярэдадні прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за перавышэнне хуткасці больш чым на 30 км/г. Чаму нелегальныя таксісты спяшаюцца, зразумела: яны зацікаўлены выключна ў прыбытку. Чым хутчэй будуць на месцы, тым больш рэйсаў зробяць і больш грошай пакладуць у кішэню.
Легальныя супраць нелегальных
Каб выявіць нядобрасумленных таксістаў, супрацоўнікі падатковай інспекцыі садзяцца ў салон падазроных машын у якасці пасажыраў. Часам, прызнаюцца, і самі легальныя таксісты тэлефануюць у падатковую і «здаюць» сваіх калег-нелегалаў. Але гэта яшчэ нічога. У інтэрнэце бачыла фотаздымкі, як у Кітаі легальныя таксісты б'юць машыны нелегальных жалезнымі палкамі. Некалькі, праўда, больш мірных разборак паміж таксістамі, якія не падзялілі пасажыра, было і ў нас. Адна з найбольш гучных адбылася ля станцыі метро «Каменная Горка», калі таксісты спрабавалі выцягнуць нелегала з яго аўто. Ды я і сама неаднойчы бачыла, як азлобленыя таксісты з ужываннем нецэнзурнай лексікі «прасілі» нелегалаў, якія занялі іх месцы, з'ехаць, «пакуль цэлыя».
— Нелегалы перашкаджаюць працаваць афіцыйна зарэгістраваным перавозчыкам, — кажа суддзя Вышэйшага Гаспадарчага Суда Віктар Курыла. — Вядома, гэта адбіваецца і на паступленні падаткаў у казну. Ёсць і іншы момант — падрываецца культура вядзення бізнесу. З'яўляецца спакуса для іншых сысці ў нелегальную сферу, таму што тады прасцей вырашаць пытанні з утрыманнем аўтамабіля, з тэхнічным і медыцынскім аглядам. Атрымліваецца, што ўзяў машыну — і паехаў. Выдаткі — толькі на бензін, усю астатнюю выручку можна забраць сабе. Бываюць такія выпадкі, калі чалавек працаваў на нейкую фірму, потым пайшоў, але пакінуў на сваім аўтамабілі адметныя знакі. Некаторыя кіроўцы хітраць і здымаюць налепкі з левага борта, пакідаючы на правым, каб было незаўважна з дарогі, але відаць патэнцыйным пасажырам. Часам яны нават карыстаюцца паслугамі легальных дыспетчараў. Мабыць, ёсць неафіцыйныя дамоўленасці паміж асобнымі прадстаўнікамі гэтай сферы. Калі такія абставіны высвятляюцца ў судзе, то мы накладаем больш жорсткія санкцыі. Пагадзіцеся, ёсць розніца: чалавек раз-два выехаў патаксаваць або займаецца гэтым прафесійна, штодня. Натуральна, легальныя фірмы зацікаўлены ў спыненні падобнай нелегальнай дзейнасці і супрацоўнічаюць з падатковымі органамі. Іх ніяк не можа задавальняць несумленная канкурэнцыя. Таму трэба змагацца з нелегальным возніцтвам для нармальнага развіцця бізнесу таксі. У канчатковым рахунку гэта пазітыўна адаб'ецца на спажыўцах паслуг.
«На ліцэнзію, нават на жоўтую палоску, у мяне грошай няма»
Прымусіць таксістаў адмовіцца ад нелегальных заробкаў можа толькі пагроза страты машыны, лічаць у Вышэйшым Гаспадарчым Судзе. Пакуль у практыцы з 2011 года быў толькі адзін выпадак, калі аўтамабіль канфіскоўвалі за паўторнае парушэнне. Больш актыўна суды сталі прымаць рашэнні аб канфіскацыях аўтамашын, пачынаючы з другога паўгоддзя 2012 года, калі канфіскавалі 7 машын. У першым квартале гэтага года таксама канфіскавана 7 машын.
Вось толькі адзін з апошніх прыкладаў. Прадпрымальны бізнесмен з Бабруйска да канфіскацыі свайго «Фальксвагена Пасата» пападаўся супрацоўнікам падатковай інспекцыі тройчы. Мужчыну папярэджвалі, штрафавалі, але належных высноў ён так і не зрабіў. «Ну а сёлета, атрымліваецца, папаўся чацвёрты раз, — кажа суддзя Гаспадарчага суда Магілёўскай вобласці Уладзімір Трамбачоў. — З 2009-га мужчына нідзе не працаваў. Нягледзячы на тое, што ў яго ёсць сям'я і дзеці. Паколькі ранейшыя выхаваўчыя захады не дапамаглі, суд палічыў, што штраф у памеры 90 базавых велічынь (Вr9 млн) не спыніць мужчыну. Ён усё роўна будзе займацца нелегальным таксаваннем. Таму вырашалі канфіскаваць у яго аўтамабіль».
Што думаюць наконт канфіскацыі аўто самі таксісты? З гэтым пытаннем рушыла на адну з такса-стаянак у цэнтры Мінска. І, як варта было чакаць, думкі падзяліліся. Кіроўцы, якія працуюць з ліцэнзіяй, у адзін голас кажуць: «Іншага спосабу змагацца з нелегаламі няма. Яны зрабіліся зусім нахабнымі. Замінаюць нармальна працаваць. Падаткаў не плацяць, не праходзяць тэхагляды, выязджаюць на дарогу без медабследавання, а кліентаў у нас увозяць проста з-пад носа. Вось былі нават таксісты ў Магілёве, якіх правоў пазбавілі за п'янку, а яны пры гэтым людзей вазілі. Прычым нелегальна працуюць амаль усе, хто не лянуецца. Трэба прымаць супраць іх самыя жорсткія меры».
Таксісты-нелегалы, калі чулі пра газету «Звязда», адмаўляліся размаўляць. Агульную мову ўдалося знайсці толькі з адным з іх. «Ды я не таксую кожны дзень, — з абурэннем кажа пажылы кіроўца старэнькіх «Жыгулёў». — Калі пенсія заканчваецца і няма за што набываць прадукты і лекі (я ж інвалід 2 групы), саджуся за руль і спрабую хоць крыху падзарабіць. На ліцэнзію, нават на жоўтую палоску, у мяне грошай няма». Нагадваю пра магчымую канфіскацыю і чую... «А няхай забіраюць! Мяне ўсё жыццё дзяржава абірае. Калі і апошні сродак падзарабіць адымуць, ну што ж, пайду збіраць бутэлькі. На гэта, наколькі я ведаю, ліцэнзію пакуль браць не трэба».
Замест аплаты адабраў тэлефон
Калі ўзнікае неабходнасць скарыстацца таксі, менш за ўсё мы думаем пра тое, ці плаціць яго кіроўца падаткі. А варта было б. Бо менавіта ад гэтага залежыць не толькі якасць аказання паслугі і яе кошт, але і бяспека. Чым небяспечныя нелегальныя таксісты і пра што варта падумаць перш, чым садзіцца ў таксі, на адным з інтэрнэт-сайтаў распавёў дырэктар адной з самых буйных службаў таксі Мінска Ігар Верхавец: «Ідзе жорсткая канкурэнцыя, нелегалы падрываюць павагу да прафесіі грубіянствам, хамствам, высокімі тарыфамі. Пасажыр не выклікае таксі па тэлефоне і думае, што тым самым сэканоміў час. А потым кусае локці. Скардзіцца на нелегалаў няма куды, беспакаранасць дазваляе высадзіць пасажыра на сярэдзіне дарогі і з'ехаць. Неяк раз, прыкрываючыся назвай нашай службы, адзін такі «бамбіла», даведаўшыся, што ў пасажырак-дзяўчат не хапае грошай, адабраў у кошт выплаты сотавы тэлефон. Змагаючыся за гонар нашай службы, таксісты аб'ядналі намаганні і адшукалі яго самастойна».
Людзі, якія садзяцца ў машыну нелегальнага таксіста, часта не ведаюць, што ён працуе неафіцыйна. Бо сёння шмат машын закамуфлявана пад легальнае таксі, з палосамі, з «шашачкамі».
— Наўрад ці хтосьці з пасажыраў будзе патрабаваць у таксіста прад'явіць пасведчанне, ліцэнзію, — кажа намеснік старшыні Гаспадарчага суда Мінска Сяргей Кулакоўскі. — Пасажыр у першую чаргу думае, як хутка і за меншую цану даехаць да месца прызначэння. Але калі ўзнікаюць нейкія пытанні па якасці аказання паслугі, то ў судзе яму будзе праблематычна даказаць парушаныя правы. У легальных таксістаў ёсць спецыяльная страхоўка ў выглядзе адказнасці кіроўцы пры перавозцы пасажыра. І калі, не дай Бог, здарыцца ДТЗ, пацярпелы пасажыр мае права разлічваць на грашовую кампенсацыю.
Думкі ўголас
Толькі адны падатковыя інспектары праблему з нелегальнымі таксістамі не вырашаць. Бо калі капнуць глыбей, праблема не толькі ў «бамбілах», а ў нашай з вамі славянскай свядомасці. Замежныя сябры сцвярджаюць, што ў тым самым Нью-Ёрку на прапанову прыватніка-нелегала падвезці да дому пагодзіцца далёка не кожны. Там выклічуць афіцыйнае таксі, таму што людзі берагуць сваё жыццё. У некаторых краінах увялі нават «жаночае» таксі. Кіроўцы-жанчыны возяць пасажыраў-жанчын. Зноў жа ў імя бяспекі. Трагічная гібель пасажыраў па віне таксістаў-нелегалаў сведчыць пра тое, што пара б і нам задумацца пра элементарную бяспеку свайго жыцця.
КАМПЕТЭНТНА
— Што пагражае нелегальнаму таксісту?
— Калі ён пападаецца першы раз, то, як правіла, гаспадарчыя суды накладаюць штраф парадку Br3-4 млн, — распавядае намеснік старшыні Гаспадарчага суда Мінска Сяргей Кулакоўскі. — Пры паўтарэнні, вядома, гэтыя сумы падвойваюцца. Максімальная велічыня — 100 базавых, што цяпер складае Br10 млн. На трэці-чацвёрты раз штрафам не абмяжоўваемся, канфіскоўваем машыну. Пры гэтым суддзі ўлічваюць, як часта парушальнік аказваў паслугі па нелегальным возніцтве, на працягу якога перыяду, ці выплаціў ён штраф, прызначаны раней.
— А калі аўтамабіль запісаны на іншага чалавека?
— Сустракаюцца ў практыцы выпадкі, калі нелегальныя таксісты рэгіструюць аўто на жонак, братоў, бацькоў і гэтак далей. Яшчэ нядаўна закон дазваляў канфіскоўваць аўтамабілі ў таксістаў-нелегалаў незалежна ад таго, у чыёй уласнасці яны знаходзяцца. З 28 жніўня гэтага года ўступіў у сілу Закон «Аб унясенні змяненняў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях». З артыкула «Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць» выключылі словы «незалежна ад таго, у чыёй уласнасці яны знаходзяцца». У той жа час заканадаўца замацаваў магчымасць замест канфіскацыі аўто спагнаць з парушальніка яго кошт.
Як можна вызначыць, хто прапаноўвае паслугу — «бамбіла» ці законапаслухмяны таксіст?
На легальным таксі жоўтыя палосы, на пярэдніх дзвярах — назва юрыдычнай асобы або прадпрымальніка, які ажыццяўляе перавозку, нумар ліцэнзіі. На даху — плафон, нумары — жоўтага колеру. У нелегалаў машыны амаль «голыя» — то з адным плафонам на даху, то з абрыўкамі жоўтых палос на кузаве, але без надпісаў. Застрахавацца ад непрыемнасцяў можна з дапамогай выкліку таксі па тэлефоне — у нелегалаў сваёй службы няма.
Не таксуй без ліцэнзіі!
Для таго, каб легальна працаваць на рынку пасажырскіх перавозак, трэба атрымаць ліцэнзію. Яна каштуе 8 базавых велічынь — 800 тысяч рублёў. Сума штомесячнага падатку вар'іруецца ад 550 тысяч рублёў для райцэнтра і 650 тысяч для абласнога цэнтра да 1 мільёна рублёў у Мінску. Таксометр «БелТАКС» абыдзецца прыкладна ў 4 мільёны рублёў.
І смех, і грэх!
У практыцы падатковых інспектараў здараюцца і камічныя сітуацыі. Адна з іх адбылася падчас рэйду па выяўленні нелегальных таксістаў у Гомелі. У інспектараў выклікаў падазрэнне легкавік, абсталяваны пад таксі, але без дзяржаўных нумароў. Каб развеяць сумненні, вырашылі пракаціцца на ім. Па прыбыцці кіроўца папрасіў пасажыраў заплаціць 20 тысяч рублёў. Атрымаў спецыяльна пазначаную купюру і ўжо збіраўся ехаць далей... Ды дзе там: інспектары прад'явілі яму свае пасведчанні. Разлічвалі, што ён адразу «здасца». Толькі памыліліся, бо кіроўца ў адно імгненне праглынуў грошы. Праўда, гэты «фокус» яго не выратаваў ад штрафу, бо доказаў незаконнай дзейнасці было дастаткова.
Надзея ДРЫЛА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/reparcer