У жніўні сярэдні кошт квадратнага метра такіх памяшканняў ліквіднага класа «В» склаў 2155 долараў, класа «С» — 1833 долары. А ўвогуле цэннік на офісную нерухомасць на першасным рынку Мінска с пачатку года павялічыўся на 10%, паведаміла рэдакцыі кіраўнік праектаў агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Наталля НОВІКАВА.
Кошт памяшканняў для бізнесу ў мінулым месяцы даражэў і на другасным рынку. Сярэдні кошт прапановы па аб'ектах класа «В» дасягнуў 2529 долараў. Памяшканні гэтага класа даволі запатрабаваныя на рынку офіснай нерухомасці, бо пры добрай якасці яны маюць параўнальна невялікі кошт. Цэннік памяшканняў на базе гатовых аб'ектаў у трэцяй дэкадзе жніўня павялічыўся да 2000 долараў за квадратны метр.
Павелічэнне коштаў на офісныя памяшканні эксперты тлумачаць адкладзеным попытам і нізкім аб'ёмам прапановы якасных аб'ектаў. Акрамя таго, цяпер у бізнесу павялічыўся ўзровень даверу да дэвелапераў і наблізіліся тэрміны ўводу аб'ектаў у эксплуатацыю. Да трэцяй дэкады снежня ў Мінску чакаецца адкрыццё 11 новых бізнес-цэнтраў.
Суразмоўца адзначае, што сёння попыт на набыццё ва ўласнасць офісных памяшканняў працягвае павялічвацца. Больш за тое, цяпер крыху змяніліся прыярытэты. Калі ў пачатку года найбольшая цікавасць была да памяшканняў з памерам плошчы да 50 квадратных метраў, то цяпер — ад 100 да 150 «квадратаў».
З пачатку года павялічыліся і арэндныя стаўкі на офісныя памяшканні. За гэты час кошт арэнды квадратнага метра элітных памяшканняў класа «А» павялічыўся на 7% (да 34 еўра/кв.м), класа «В» — на 11% (да 20 еўра/кв.м), класа «С» — на 5% (да 16 еўра/кв.м). Сярод арандатараў максімальным попытам карыстаюцца даволі сур'ёзныя офісныя блокі плошчай ад 200 да 250 квадратных метраў з машына-месцамі і зручнымі транспартнымі зносінамі.
Сяргей ПАЛІНІН.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[2] https://zviazda.by/be/infarmbyuro