«Звязда» ўзгадвае самыя цікавыя спартыўныя падзеі, якія адбыліся ў айчынным спорце на мінулым тыдні.
1. Першынство краіны па футболе выходзіць на фінішную прамую. Пасля 2-х «колаў» каманды разбіліся на дзве шасцёркі, у якіх вызначаць прызёраў чэмпіянату і, адпаведна, імя таго, хто пакіне вышэйшы дывізіён. Нагадаем, што першую групу камандаў склалі БАТЭ, «Шахцёр», сталічнае «Дынама», «Гомель», «Нёман» і «Тарпеда-БелАЗ», а другую — «Дняпро», брэсцкае «Дынама», «Белшына», ФК «Мінск», «Нафтан» і «Славія». 23 тур прынёс наступныя вынікі: «Белшына» — «Славія» — 2:1, «Мінск» — «Нафтан» — 4:0, «Дынама» (Брэст) — «Дняпро» — 0:1, «Дынама» (Мінск) — «Гомель» — 3:1, «Шахцёр» — «Тарпеда-БелАЗ» — 1:0, «БАТЭ — «Нёман» — 1:0. Першы радок турнірнай табліцы па-ранейшаму займаюць салігорцы (52 балы), на другой пазіцыі знаходзіцца БАТЭ (51 бал), а на трэцяй — мінскае «Дынама», якое адстае ад другога месца на 14 ачкоў. На жаль, чарговы тур азмрочыўся не вельмі прыемным фактам. На выхадных быў усталяваны антырэкорд сярэдняга наведвання заўзятарамі нашага чэмпіянату. У сярэднім гульні наведалі 1425 гледачоў. Дагэтуль, як сцвярджае сайт gоаls.bу, найгоршым у гэтым плане быў другі тур. Тады на матчы ў сярэднім прыйшоў 1691 балельшчык.
2. Футбольная зборная Беларусі страціла ў рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футбольных асацыяцый (ФІФА) 7 пазіцый. У вераснёвай версіі чарта ўсіх зборных свету дружына Георгія Кандрацьева знаходзіцца на 80-м месцы. Беларусы пераганяюць Паўночную Ірландыю, Эстонію, Кітай, Канаду, але саступаюць, напрыклад, Македоніі, Гаіці, Ямайцы. Лепшая зборная СНД у гэтым спісе — Расія. Каманда Фабіа Капэлы знаходзіцца на 15 месцы рэйтынгу ФІФА.
Яшчэ адна цікавая навіна прыйшла з Беларускай федэрацыі футболу. З пасады галоўнага трэнера моладзевай зборнай пайшоў Аляксей Вяргеенка. Замест яго з камандай працаваць будзе экс-трэнер наваполацкага «Нафтана» Ігар Кавалевіч.
3. Хакейнае «Дынама» прайграла ў чарговым паядынку Кантынентальнай хакейнай лігі. Гэтым разам мінчане на сваёй пляцоўцы саступілі пражскаму «Льву» — 1:3. Адзінай шайбай у беларускай камандзе вызначыўся Аляксандр Паўловіч. Учора беларусы ў гасцях сустракаліся з чарапавецкай «Поўначсталлю». Матч завяршыўся ўжо пасля таго, як нумар быў падпісаны ў друк. Падрабязнасці сустрэчы чытайце ў бліжэйшым нумары «Звязды».
4. Перамогай зборнай Расіі завяршыўся чэмпіянат Еўропы па валейболе. У фінале нашы ўсходнія суседкі пераканаўча перамаглі гаспадынь першынства — каманду Германіі (3:1). Нашы дзяўчаты таксама гулялі нядрэнна. У васьмёрку лепшых не трапілі, затое ўпершыню за 15 гадоў атрымалі вікторыю на кантынентальным першынстве і апынуліся на выніковым 12-м месцы з 16 удзельнікаў. З лікам 3:1 беларускі перайгралі Азербайджан. Праўда, былі таксама паражэнні ад Расіі і Харватыі, фіяска ў 1/8 фіналу ў паядынку з турчанкамі. Аднак сам выхад з групы для Беларусі — гэта таксама вынік, за які трэба падзякаваць нашай камандзе.
Тарас ШЧЫРЫ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/sport
[2] https://zviazda.by/be/sport-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport