Апошні і «самы беларускі» прадстаўнік роду
З адзіным жывым сёння нашчадкам князёў Мсціслаўскіх і Заслаўскіх, ганаровым доктарам навук многіх універсітэтаў Еўропы, у тым ліку БДУ, кавалерам многіх ордэнаў і медаляў свету, у тым ліку беларускага ордэна Дружбы Народаў і медаля імя Францыска Скарыны, прафесарам Анджэем Станіславам Цеханавецкім, які жыве ў Лондане і, нягледзячы на свой узрост (28 верасня яму споўніцца 89 гадоў), яшчэ займаецца навукай, я ўпершыню сустрэўся восенню 1982 года, у час двухмесячнай камандзіроўкі ў Англію па лініі ЮНЕСКА. Але завочна я ведаў яго значна раней, не раз спасылаўся на яго кніжку «Міхал Казімір Агінскі і яго сядзіба муз у Слоніме», якая выйшла на нямецкай мове ў Заходняй Германіі яшчэ ў 1961 годзе. А ён чакаў вестак пра сённяшні стан Бачэйкава, што на Віцебшчыне, родавай сядзібы Цеханавецкіх на працягу стагоддзяў.
Таму граф Цеханавецкі зацікаўлена даў згоду на нашу сустрэчу ў італьянскай кавярні, што месцілася насупраць прыватнай «Хайм Галеры», якую ён тады ўзначальваў, а наша размова пачалася так, нібы мы ўжо былі знаёмыя цэлую вечнасць. Найперш я супакоіў яго: Бачэйкава і Цеханавецкія, а тым больш Мсціслаўскія ў беларускія энцыклапедычныя даведнікі ўвайшлі, а на яго першую кнігу, якая паслужыла падставай для доктарскай дысертацыі, я там, за «кардонам», спасылаўся некалькі разоў, што пацвердзіў візуальна.
Праз колькі дзён мой новы знаёмы пазваніў мне і прапанаваў вечарам у яго галерэі сустрэцца з экс-каралём Абедзвюх Сіцылій — ён, маўляў, гэтага хоча... Прызнаюся, ехаў я ў той прэстыжны квартал Лондана з пэўнымі, зразумелымі тады сумненнямі: а што скажа, даведаўшыся пра ўсё, загадчык аддзела культуры ЦК КПБ Іван Антановіч, які ўгаворваў мяне паехаць дзеля архіўных, музейных і бібліятэчных росшукаў у «логава імперыялізму» (я ж, спасылаючыся на дрэннае веданне англійскай мовы, прапаноўваў паслаць заміж мяне свайго маладзейшага калегу па Інстытуце літаратуры АН БССР, а да таго ж вопытнага перакладчыка англамоўных аўтараў Леаніда Казыру). Але Іван Іванавіч запярэчыў, што Казыру на Захадзе яшчэ не ведаюць і таму яму нічога не пакажуць, а мяне ўжо ведаюць па публікацыях і нават цытуюць. А мова? Можна з год пахадзіць на заняткі акадэмічных курсаў для дарослых.
Урэшце, цікаўнасць перамагла і першы раз, у ЦК, і другі раз, у Лондане. У галерэі мяне сустрэў немалады ўжо чалавек з арыстакратычным абліччам і задаў толькі адно пытанне: ці памятаюць яшчэ ў Беларусі, што яго прабабуля, Магдалена Радзівіл, укладвала грошы ў «беларускую справу»? Я збянтэжана (бо Радзівілы былі тады ў нас, як бы тут мякчэй сказаць, не ў модзе) адказаў, што так, памятаюць. Вунь Паўліна Мядзёлка нядаўна пісала ў сваіх успамінах, што княгіня-«беларусаманка» фінансавала выданне «Вянка» Багдановіча, а яшчэ кніжак Коласа, Купалы і іншых «нашаніўцаў». Задаволены адказам экс-кароль чокнуўся са мной келіхам сухога віна і заспяшаўся ў шпіталь, каб адведаць там хворага экс-караля Італіі.
І тут, апярэджваючы падзеі, зраблю невялікае адступленне. Тая сустрэча мела свой працяг у тым, што сёлета праз удзельніка міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Інстытуце культуры Беларусі, дзе я цяпер працую, аднаго з кіраўнікоў Англа-беларускага таварыства (а прафесар Цеханавецкі таксама ў яго кіраўніцтве) прафесара Джыма Дынглі (ён зачытаў на канферэнцыі даклад А. Цеханавецкага «Нясвіж у Еўропе») перадаў у Лондан некалькі экзэмпляраў выдадзенай Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў, дзе я з'яўляюся ганаровым старшынёй, кнігі «Асветніца і мецэнатка: Да 150-годдзя Магдалены з Завішаў Радзівіл» (2013) з просьбай перадаць іх аднаму з сузаснавальнікаў той жа асацыцыі, яе ганароваму сябру і арганізатару апісанай вышэй маёй сустрэчы з экс-каралём Абедзвюх Сіцылій, а адзін экзэмпляр пераслаць у Швейцарыю, дзе апошні цяпер жыве. Дарэчы, у кнізе нашым дыпламатам Андрэем Кулажанкам упершыню ў Беларусі падрабязнана апісаны апошняе месца жыхарства княгіні Радзівіл у той жа Швейцарыі і помнік на яе магіле ў Фрыбургу.
Аднак вернемся ў 1982 год. Тады на развітанне мы з Анджэем Цеханавецкім абмяняліся адрасамі. Гаспадар галерэі выказаў жаданне наведаць радзіму сваіх продкаў (сам ён нарадзіўся ў Варшаве, дзе яго бацька стаў дыпламатам), пра што я, вярнуўшыся дамоў, паведаміў кіраўніцтву таварыства «Радзіма». Там паставіліся да маіх слоў сур'ёзна, і ў 1988 спадар Анджэй па запрашэнні таварыства ўпершыню пабываў у Бачэйкаве, Магілёве і Мсціславе. У знак удзячнасці госць абяцаў таварыству падараваць Музею старажытнай беларускай культуры АН БССР, які яму вельмі спадабаўся, чатырохбаковы слуцкі пояс. Неўзабаве разам з работнікам «Радзімы» спадаром Абрамчыкам мы накіраваліся ў «туманны Альбіён». У наш гонар (гэта там быў, аказалася, першы «грамадскі» візіт з таямнічай для Захаду Беларусі) Міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі наладзіла абед з персанальнымі меню. А на развітанне Анджэй Цеханавецкі дадаў да пояса (ляжаў ён у мяне ў чамадане і не выклікаў ніякай цікавасці мытнікаў) гродзенскі старадрук, які я ад імя мецэната ўручыў Полацкаму музею кнігадрукавання ў дзень яго ўрачыстага адкрыцця. А пояс і сёння прыцягвае ўвагу наведнікаў у акадэмічным музеі. Праўда, рарытэт настойліва хацелі тады забраць у мастацкі музей, але тут я запратэставаў: такая воля ахвярадаўцы!
А потым пайшлі візіты за візітамі. Анджэй Цеханавецкі, удзельнічаючы ў І Міжнародным кангрэсе беларусістаў (1991), стаў яго сузаснавальнікам, а потым і ганаровым сябрам. Як навукоўца яго найбольш хвалявалі і трывожылі беларуска-літоўскія гістарычныя і сучасныя ўзаемаадносіны. Падзяляючы думку, што Вялікае Княтва Літоўскае было супольнай дзяржавай, што, ствараючы яе, русіны і жмудзіны адны другіх не заваёўвалі, але, аб'ядноўваючыся, кіраваліся агульнымі інтарэсамі дзеля абароны ад нямецкіх рыцараў і татараў, мецэнат фінансаваў адпаведныя навуковыя пасяджэнні ў Лондане, Мінску і Гервятах Астравецкага раёна, на беларуска-літоўскім этнічным і культурным памежжы.
Пасля мінскай сустрэчы пан Анджэй прапанаваў яе ўдзельнікам: кіраўніку польскай камісіі па справах ЮНЕСКА прафесару Ежаму Клачоўскаму, прадстаўніку італьянскага ўрада прафесару Сантэ Грачыёці і мне паехаць разам з ім у Нясвіж і Мір. Калі ж мы стаялі на валах нясвіжскага замка, заклікаў нас даць клятву, што мы зробім усё ад нас залежнае, каб Нясвіж увайшоў у спіс каштоўных помнікаў культуры ЮНЕСКА. І, наколькі мне вядома, нашы замежныя госці гэта дзейсна рабілі. У прыватнасці, Анджэй Цеханавецкі, чые продкі Кішкі з мазавецкага горада Цеханоўца былі таксама продкамі Радзівілаў, сам фундаваў і даставаў сродкі на аднаўленне крыпты з саркафагамі Радзівілаў у нясвіжскім фарным касцёле, выкарыстоўваў свае арыстакратычныя сувязі ў ЮНЕСКА, палічыў патрэбным прыляцець у калясцы (да яе яго прыкаваў няшчасны выпадак у Італіі) у Нясвіж, на ўрачыстае пахаванне ў фарным касцёле праха перадапошняга нясвіжскага ардыната і ганаровага старшыні фонда «Нясвіж» Антонія Радзівіла, урэшце, як ганаровы старшыня ўрадавай Польска-беларускай камісіі па супольнай культурнай спадчыне, станоўча і адначасова прымірэнча паўплываў на ўхіленне хібаў і недарэчнасцяў у час аднаўлення Нясвіжскага замка. Архітэктары і рэстаўтатары абараняліся, але ўсё ж слухаліся аўтарытэтнага замежнага беларусіста-культуролага. Ведаю, што ў выпадку чаго, як нашчадак супольных продкаў, ён завяшчаў пахаваць свой прах у той жа крыпце нясвіжскай фары — другога ў Еўропе, пасля італьянскай святыні Іль Джэзу, храма ў стылі барока.
А што ж Мсціслаў і Заслаўе, як яны ацэньваюць беларускія старанні адзінага і апошняга нашчадка князёў, якія калісьці валодалі гэтымі гарадамі? Трэба адзначыць, што заслаўскія ўлады паступілі годна: у той жа дзень, калі даведаліся, што Анджэй Цеханавецкі стаў ганаровым доктарам навук БДУ, яны надалі яму найменне ганаровага грамадзяніна свайго старадаўняга горада. Мы ж, кіраўнікі Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, на сваім Пятым кангрэсе аднагалосна прынялі рашэнне паслаць у Мсціслаў хадайніцтва, каб таксама прысвоіць яму ганаровае грамадзянства колішняй сталіцы княства, бо ён многае зрабіў для даследавання яго гісторыі. Але неўзабаве атрымалі з Мсціслаўскага райвыканкама адказ, што, маўляў, па-першае, Анджэй Цеханавецкі нарадзіўся не на тэрыторыі раёна, а па-другое, як ён будзе штогодна плаціць за званне невялікую грашовую суму, калі ён жыве ў Лондане... Скамунікаваўшыся з мецэнатам, мы абверглі апошні аргумент: тая сума будзе перадавацца ў дар мсціслаўскаму музею, а да яе яшчэ дададуцца каштоўныя артэфакты. Але рэагавання на другі ліст мы так і не атрымалі... Праўда, спадзяёмся, што ўсё ж атрымаем — у сувязі з хуткім 90-годдзем палымянага патрыёта Мсціслава, Бачэйкава і Нясвіжа, што нарэшце пераможа, як у Заслаўі, здаровы сэнс.
Аднак дазвольце мне, паважаныя чытачы, вярнуцца да Нясвіжа. Гэтай «некаранаванай» сталіцы беларускіх земляў на працягу ХVІ-ХVІІІ стагоддзяў Анджэй Цеханавецкі прысвяціў асобна выдадзенае аднайменнае даследаванне, вартае перакладу на беларускую мову, а таксама свой даклад на арганізаванай ім жа ў Венецыі навуковай канферэнцыі пра беларуска-італьянскае культурнае ўзаемадзеянне, якая адбылася ў 1992 годзе, на другі дзень пасля адкрыцця мемарыяльнай дошкі на будынку Падуанскага ўніверсітэта, дзе ў 1512 годзе беларускі першадрукар стаў доктарам медыцыны. Матэрыялы канферэнцыі склалі зборнік «Ад Полацка і Нясвіжа да Падуі і Венецыі» (1994), а недрукаваны раней здымак прэзідыума канферэнцыі змешчаны на гэтай старонцы «Звязды».
Як пісалася вышэй, Нясвіжу прысвечаны таксама даклад дабрадзея на сёлетняй канферэнцыі ў Мінску. Цалкам змест будзе змешчаны ў арыгінале і маім перакладзе ў «Весніку Інстытута культуры Беларусі». Тут жа, у артыкуле, я хачу адзначыць тры месцы ў дакладзе. Найперш ён будзе карысны спецыялістам, у тым ліку Міжведамаснай камісіі пры Савеце Міністраў Беларусі па выяўленні, вяртанні і сумесным выкарыстанні беларускіх матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца за мяжой, бо тут вельмі дасведчана пералічаны сляды радзівілаўскіх (нясвіжскіх і мірскіх) скарбаў, што вядуць (або не вядуць) за мяжу. Па-другое, А. Цеханавецкі кваліфікавана даказаў, што пошукі 12 ці 11 апосталаў (не залатых, а сярэбраных ці толькі пазалочаных!), якія нібыта дагэтуль знаходзяцца ў нясвіжскім падзямеллі, не маюць ніякага сэнсу, бо царскі генерал Чычагаў адразу ж пасля вызвалення Нясвіжа ў 1812 годзе пераплавіў іх у зліткі металу (у дакладзе для доказу прыведзены многія тагачасныя еўрапейскія аналагі) і вывез у Расію, а потым, відаць, пры аказіі і ў Заходнюю Еўропу. Цікава, што паралельна да такой жа высновы прыйшоў і я, пазнаёміўшыся дзякуючы аднаму з беларускіх тэлефільмаў з лістамі, скіраванымі тады ж і тым жа самым генералам у канцылярыю Мінскага губернатара (падрабязней пра ўсё гэта гаварылася ў маім дакладзе на той жа канферэнцыі). Па-трэцяе, лонданскі аўтар даклада настойліва раіў выкарыстоўваць Нясвіжскі замак не толькі для экскурсій і канцэртных шоу, але і як буйны міжнародны цэнтр навукова-асветнага жыцця. З прыемнасцю паведамляю, што гэты заклік быў пачуты ў Міністэрстве культуры Беларусі: у Нясвіж днямі накіраваны намеснікам дырэктара па навуцы вядомы гісторык-архівазнавец Зміцер Яцкевіч.
А летам бягучага года пан Анджэй паведаміў мне, што накіраваў у вядучыя бібліятэкі Беларусі і мне асабіста грунтоўнае даследаванне Генрыка Люлевіча і яшчэ шасці вядучых польскіх спецыялістаў па генеалогіі «Гісторыя сям'і Цеханавецкіх герба Дуброва (ХІV-ХХІ стагоддзі)» (Варшава, 2013). Першая прэзентацыя яго разам з прадстаўленнем грамадскасці польскай сталіцы манаграфіі Магдалены Беланоўскай «Анджэй Станіслаў Цеханавецкі» (Люблін, 1912) адбылося ў канцэртнай зале Каралеўскага замка ў Варшаве. І яно зразумела: нашчадак князёў Мсціслаўскіх і Заслаўскіх заснаваў пры тым жа замку фундацыю свайго імя. Але ўнутраны голас мне падказвае, што яшчэ сёе-тое засталося ў яго і для Мсціслава, і для Нясвіжа, і для Бачэйкава. Прынамсі, некаторыя мастацкія творы, звязаныя з Беларуссю, я бачыў у кватэры мецэната ў час сваёй апошняй паездкі ў Лондан на канферэнцыю па дыяспары ў Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны. А пра завяшчанне, дзе будзе ўлічана і «зямля продкаў», мецэнат згадваў мне некалькі разоў.
Адам МАЛЬДЗІС,
ганаровы старшыня ГА «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў»
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/navuka
[3] https://zviazda.by/be/tags/navuka