Тарыфы на абясшкоджванне бытавых адходаў неабходна павысіць, і гэта пойдзе толькі на карысць. Такую думку падчас прэс-канферэнцыі выказаў дырэктар унітарнага прадпрыемства «Экарэс» Анатоль КОЛБ.
— Жыхары сталіцы за абясшкоджванне бытавых адходаў сёння плацяць 1,5 тысячы рублёў за месяц. Калі павысіць гэты тарыф хаця б да 5 тысяч, утылізацыю можна зрабіць больш экалагічнай: не вывозіць асноўную іх колькасць на палігоны за горад, а сартаваць і перапрацоўваць, — лічыць Анатоль Колб.
Як вядома, перапрацоўка адходаў у другасную сыравіну становіцца значна больш простай, калі іх правільна сабраць. Тут складанасці часта ўзнікаюць на самым пачатковым узроўні:
— Ні пра які эфектыўны асобны збор адходаў нельга гаварыць, пакуль у гарадскіх дамах будуць смеццеправоды, — паведаміланачальнік аддзела вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі і добраўпарадкавання Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ірына Сафронава
. — Міністэрству архітэктуры і жыллёвага будаўніцтва дадзена распараджэнне яшчэ на стадыі праектавання дома адмовіцца ад выкарыстання ў ім смеццеправодаў, але, наколькі мне вядома, такіх праектаў пакуль няма, — адзначыла Ірына Міхайлаўна.
Акрамя праблемы ўласна ўтылізацыі бытавых адходаў, галоўнае ў працы з якімі — «дастаць» другасную сыравіну: макулатуру, шкло, пластык, у такім вялікім горадзе, як Мінск, існуе праблема, куды падзець вялікую колькасць смецця з будоўляў. Як паведаміў Анатоль Колб, у хуткім часе пачне працу комплекс, які на 80 працэнтаў вырашыць праблему ўтылізацыі рэшткаў жалезабетону і іншага будаўнічага смецця.
Па інфармацыі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сёння з усёй той колькасці бытавых адходаў, якія збіраюцца і вывозяцца арганізацыямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, на перапрацоўку ідзе 6-7 працэнтаў. У краіне маецца 5 прадпрыемстваў, якія займаюцца гэтай справай: у Брэсце, Наваполацку, Магілёве, Гомелі і Баранавічах, а таксама — 81 сартавальная станцыя і 5 сартавальна-перагрузачных станцый.
Ганна ГАРУСТОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/tags/ganna-garustovich
[3] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-zhyllyova-kamunalnay-gaspadarki
[4] https://zviazda.by/be/tags/iryna-safronava
[5] https://zviazda.by/be/tags/ekares
[6] https://zviazda.by/be/tags/anatol-kolb