У гэтай сям'і, што жыве ў аграгарадку Забалацце пад Оршай, двое ўласных і трое прыёмных дзяцей. Усяго атрымліваецца пяцёра. «Пакуль што — пяцёра», — падкрэсліваюць бацькі, якія на паперы лічацца бацькамі-выхавацелямі ў дзіцячым доме сямейнага тыпу, але адчуваюць сябе выключна сям'ёй, дзе ўсе дзеці — свае і бясконца любімыя...
Мы табой ганарымся
Святлана Дашкевіч стварае ўражанне вельмі спакойнага, ціхага чалавека. «А я са школы такая — не актывістка і не перадавік, а звычайная, сярэдняя вучаніца, — кажа з няўлоўнай усмешкай. — Мае аднакласнікі нават не чакалі, ды я і сама не ведала, што рэалізуюся ў дзецях. А цяпер сустракаю знаёмых — кажуць: «Мы так табой ганарымся, Света!».
— Негатыўнага стаўлення да сябе я не адчувала ніколі. А падтрымку — так, прыемнае любое праяўленне ўвагі. Напрыклад, на працы ў мужа (Андрэй Тарган працуе фармоўшчыкам на камбінаце жалезабетонных вырабаў. — Аўт.) пра нас не ведалі. Толькі з раённай газеты дазналіся, што ў сям'і прыёмныя дзеткі, бо мы ніколі не афішавалі гэту сваю працу. І адразу да нас патэлефанавалі з пытаннем, колькі дзетак сёлета ідуць у школу, выдзелілі дапамогу на школьныя зборы. У аршанскім аддзяленні Беларусбанка таксама заўжды ідуць насустрач. Паабяцалі дапамагчы нам вырашыць пытанне з транспартам для сям'і — у найбліжэйшы час будзем абмяркоўваць варыянты.
«Я цябе люблю!»
— З чаго пачалося? — перапытвае Святлана Мікалаеўна. — Ды вось з Каці, яе мы ўзялі першай. Я працавала тады на льнокамбінаце. Жаданне мець больш дзяцей у нас з мужам было ўзаемным, але нараджаць не дазволіла здароўе. Пайшлі ў аршанскі дзіцячы дом №1, дзе і ўбачылі Кацю. Тады ёй было ўсяго 3 годзікі, а цяпер ужо сем, яна сёлета першакласніца. Потым узялі Віку, яна аднагодка маёй роднай дачкі, таму дзяўчаты хутка знайшлі агульную мову... А зусім нядаўна, некалькі месяцаў таму, у сям'і з'явіўся Максімка — гэта наша агульнае сонейка.
Проста падчас чарговага візіту ў раённы аддзел адукацыі, які Святлана Дашкевіч часта наведвае па розных пытаннях, дзяўчаты-метадысткі запыталіся: «Хочаце ўзяць хлопчыка маленькага?». Яна ніколі не адмаўлялася, пагадзілася і на гэты раз — прыйшла, паглядзела на малога ды адразу забрала.
— Нават дома нікому не сказала, гэта было сюрпрызам. Але ўсе адразу ад Максімкі былі ў захапленні. Шчыра прызнацца, я да яго ўжо так прыкіпела, што будзем афармляць паперы на ўсынаўленне, каб гэта ўжо было наша дзіця, каб ніхто яго больш нікуды не забраў. ...На Максімку ні злаваць, ні крыўдаваць немагчыма. Калі дзе нашкодзіць, я, натуральна, раблю строгі выгляд, але самой хочацца смяяцца. А ён з гэткай хітрынкай падсоўваецца пад бок, зазірае ў вочы, бачыць, што ніхто на яго насамрэч сварыцца не будзе. Я кажу: «Не сябрую з табой сёння». А Максім: «Я ж цябе люблю... І ты мяне любіш».
«Мама! — жвавым рыжым лісянём ласціцца пад рукі трохгадовы Максім. — Мама, я хачу веласіпед!». Старэйшыя дзяўчаты, Віка і Аня, прапануюць паказаць яму штосьці цікавае, і малы з лёгкасцю пакідае дарослых гаварыць «пра сваё», а сам пераключае ўвагу на сястрычак — чым парадуюць?
Працаваць... бацькамі
Вясной гэтага года ў райаддзеле адукацыі сям'і Тарган-Дашкевіч прапанавалі стварыць дзіцячы дом сямейнага тыпу ў аграгарадку пад Оршай. Муж з жонкай прызнаюцца, што нават не раздумвалі доўга, на сямейнай нарадзе абмеркавалі — і пачалі збіраць чамаданы, рыхтавацца да пераезду. «Я сам вясковец, цішыня і спакой мне бліжэйшыя, чым гарадская мітусня. І дзецям свежае паветра карыснае, дый праца для кожнага знойдзецца, гультаямі ніхто не вырасце», — разважае ўголас тата Андрэй.
— Калі мне пасля гарадскога жыцця было крыху цяжка прызвычаіцца да рэалій вясковага побыту, то дзецям вельмі падабаецца, — усміхаецца мама Святлана. — Нават тая акалічнасць, што з гарадской рускамоўнай школы перайшлі ў беларускамоўную, пайшла дзецям на карысць. Яшчэ калі мы не перасяліліся з Оршы ў вёску, некалькі разоў туды прыязджалі, знаёміліся са школай, з новымі суседзямі. Я здзівілася, і настаўнікі былі ўражаны, як хутка нашы дзеці ўліліся ў калектыў. На момант канчатковага пераезду іх ужо ўсе чакалі.
Безумоўна, усе дзеці розныя па характары, але для бацькоў аднолькава дарагія і любімыя. «Максімка для сваіх трох гадоў вельмі таленавіты і здольны хлопчык, — з пяшчотай распавядае Андрэй Пятровіч, — ужо зараз ён развіты лепш за многіх сваіх аднагодкаў. І, мяркую, калі даць пэўны штуршок, падтрымаць па меры сіл, хлопца чакае вялікая будучыня. Аня праяўляе схільнасць да музыкі і танцаў, яна цяпер вучыцца ў музычнай школе па класе віяланчэлі і фартэпіяна. Віка больш цікавіцца спортам, яна вельмі актыўная і рухавая. Каці падабаецца рашаць простыя арыфметычныя прыклады. І хоць пакуль што навучанне ёй даецца цяжэй, чым астатнім (у дзяўчынкі была вельмі няпростая сітуацыя з роднай маці, што прывяло да затрымкі псіхафізічнага развіцця), але, спадзяюся, спрыяльная атмасфера ў сям'і і наша падтрымка — а мы зробім усё магчымае — дапамогуць з гэтым справіцца». Арцёму, як, напэўна, большасці яго аднагодкаў, падабаюцца заняткі спортам і камп'ютарныя гульні, але і пра выбар будучай прафесіі ён пакрысе ўжо задумваецца. Але галоўнае, падкрэсліваюць прыёмныя бацькі, не тое, кім па прафесіі стануць іх дзеці, а тое, каб усе яны выраслі годнымі людзьмі.
«Словам, бачыце, — у адзін голас паўтараюць Святлана Мікалаеўна і Андрэй Пятровіч, — якая ў нас згуртаваная ячэйка грамадства атрымліваецца. — І надалей будзем толькі ўзмацняцца, вось паглядзіце!».
Неўзабаве ў сям'ю Дашкевіч-Тарган трапяць пад патранаж двое новенькіх — хлопчык-дзевяцікласнік, аднагодка старэйшага сына Арцёма («Ён вельмі добры, хатні хлопец, яго больш нікуды нельга аддаваць, толькі ў сям'ю», — хвалюючыся, тлумачыць Святлана Мікалаеўна) і маленькая дзяўчынка Улада, якая ў роднай Оршы ўжо стала славутасцю дзякуючы здымкам у тэлесерыяле. Улада так спадабалася ўсёй здымачнай групе, што да яе некалькі разоў прыязджалі ў госці, прывозілі падарункі і ўсякія прысмакі.
Рабіць і не баяцца
Некаторыя сямейныя пары, хто таксама хацеў бы ўзяць прыёмных дзяцей, доўгі час не адважваюцца на гэты крок. Сумняваюцца, ці справяцца матэрыяльна, ці асіляць псіхалагічную нагрузку... З пункту гледжання мамы-выхавацелькі, якая праз гэты этап прайшла, Святлана раіць патэнцыяльным прыёмным бацькам усё як след абдумаць, а потым — рабіць і не баяцца, што не атрымаецца.
— Сапраўды, такое рашэнне трэба абдумаць, узважыць з усіх бакоў і асэнсаваць, псіхалагічна настроіцца на тое, што цяжкасцяў на гэтым шляху хапае. А калі ўжо ўзяў дзіця ў сям'ю — набрацца цярпення і не шкадаваць бацькоўскай любові. Бо для таго, каб знайсці паразуменне з кожным дзіцем, трэба выдаткаваць шмат часу і сіл. У нас Каця, калі толькі «не такі» ветрык падзьмуў, «не так» на яе зірнулі ці хто неасцярожную заўвагу зрабіў, можа замкнуцца, раззлавацца і г.д., таму з ёй трэба абыходзіцца вельмі ласкава, падбіраць адпаведныя словы і нават інтанацыю... Тады ўсё будзе нармальна. Матчына пяшчота і цярпенне ўсё пераадольваюць, нават пры самых складаных характарах і няпростых дыягназах дзетак. Я ўвогуле думаю, што з дзецьмі трэба старацца пасябраваць. Быць для іх не мамай-дырэктарам, а мамай-сябрам, з якой можна адкрыта абмеркаваць свае праблемы, якая заўжды пастараецца зразумець і падтрымаць. Гэта мая прынцыповая пазіцыя, так мяне бацькі выхоўвалі і я стараюся сваіх дзяцей выхоўваць.
— Калі неўзабаве вам прапануюць узяць у сям'ю яшчэ некалькі дзяцей...
— Вазьму, вядома! — ні на хвіліну не задумваецца Святлана. — Ужо настроілася на вялікую сям'ю. Дый самой, напэўна, сумна будзе, калі старэйшыя вырастуць і паступяць некуды вучыцца — як гэта, дом без дзяцей застанецца? І яшчэ вельмі важна, што ўсе ў сям'і падтрымліваюць прыход кожнага новага дзіцяці. Я папярэдне рыхтую дзяцей да гэтага, расказваю, што з новенькімі будзе яшчэ весялей і цікавей.
— Да дзяцей прыкіпаеш, прырастаеш усёй душой, і потым не ўяўляеш свайго жыцця без вялікай сям'і, — пагаджаецца Андрэй Тарган. Тым больш месца ў новым доме хапае, падтрымка з боку дзяржавы ёсць — цяпер справа толькі за намі.
Вікторыя ЗАХАРАВА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta