У новай перамозе безнаяўных разлікаў над гатоўкай дапаможа Белаграпрамбанк. «Запрацуюць новыя тэрміналы з 1 кастрычніка», — паведаміла першы намеснік старшыні праўлення банка Наталля ШАЎЦОВА падчас прэс-тура па некаторых аграэкасядзібах.
Толькі адзінкі пагадзіліся
Усяго ў Беларусі 1775 аграэкасядзіб. З іх 425 крэдытаваў Белаграпрамбанк. Але адгукнуліся на прапанову аб усталяванні аплатных тэрміналаў толькі 23 гаспадары. З 1 кастрычніка ўжо можна будзе расплаціцца за адпачынкавыя паслугі па пластыкавай картцы, што вельмі актуальна для наведнікаў аграсядзіб, у тым ліку для замежных грамадзян. Акрамя таго, праект дазволіць пашырыць сетку безнаяўных разлікаў у рэспубліцы. Аплатныя тэрміналы банка будуць усталёўвацца на бясплатнай аснове, гаспадары сядзіб будуць плаціць толькі 0,2% ад сумы плацяжоў.
Крэдытаванне аграсядзіб — гэта некамерцыйны праект
Прадстаўнік банка адзначыла: «На ім (крэдытаванні аграсядзіб. — Аўт.) банк не зарабляе, гэта не камерцыйны, а сацыяльны праект». «Мы не будзем спыняць крэдытаванне аграэкасядзіб», — падкрэсліла Наталля Шаўцова. Гэты праект рэалізуецца з 2008 года. Аб'ёмы крэдытавання склалі 21 млрд рублёў. Між іншым, фізічныя асобы — уладальнікі сядзіб — максімальна могуць атрымаць крэдыт у памеры 2 тысяч базавых велічынь (200 млн рублёў) на 7 гадоў пад 5 % гадавых, што цяпер з'яўляецца вельмі нядрэннымі ўмовамі.
Дарэчы, сёння дынаміка крэдытавання знізілася. Усплёск крэдытавання назіраўся некалькі гадоў таму. Сёлета на гэтыя мэты банк накіраваў 3 млрд рублёў. Пры гэтым Наталля Шаўцова падкрэсліла, што кліенты банка па гэтым відзе крэдытавання адказныя, практычна не ўзнікае праблем з запазычанасцю.
Можа быць, менавіта таму банк гатовы ў перспектыве ўдзельнічаць у новым праекце па крэдытаванні аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу.
Бліжэй да Мінска — выгадна
У ліку атрымальнікаў крэдытаў Белаграпрамбанка — сядзібы Валожынскага раёна. А гэты раён, між іншым, з'яўляецца адным з найбольш актыўных рэгіёнаў па развіцці аграэкатурызму — тут дзейнічаюць 24 аграсядзібы. Спрацоўвае, відаць, блізкасць да сталіцы, дзе больш за ўсё і можа быць ахвотнікаў адпачыць па-сельску. Тут жа (у раёне) працуе грамадская рада па аграэкатурызме, інфармацыйны цэнтр па ўстойлівым развіцці аграэкатурызму і сельскага прадпрымальніцтва. У 2012 годзе сядзібы раёна наведалі больш як 8,2 тысячы чалавек, з іх амаль 600 — замежнікі (з Расіі, Польшчы, Англіі, ЗША, Ізраіля, Кітая, Новай Зеландыі, Венесуэлы). Агульная сума даходу сядзіб, атрыманага ад аказання паслуг у сферы аграэкатурызму, склала больш за 1 млрд рублёў.
«Звязда» будзе працягваць аповед пра аграэкатурызм на сваіх старонках.
ЛІЧБЫ
Сёння ў Беларусі зарэгістравана 1775 аграэкасядзіб (амаль у 10 разоў больш, чым было ў 2008 годзе). Летась сядзібы, што былі пракрэдытаваны Белаграпрамбанкам, наведалі 98,3 тысячы чалавек (прырост да 2011 года — 19,3%). Даходы суб'ектаў аграэкатурызму павялічыліся на 7,5 млрд рублёў і склалі ў 2012 годзе 18,2 млрд.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ, фота аўтара.
Смалявіцкі раён, Валожынскі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/uladzislau-kulecki
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika-0
[3] https://zviazda.by/be/selskaya-gaspadarka
[4] https://zviazda.by/be/tags/belagraprambank
[5] https://zviazda.by/be/tags/smalyavicki-rayon
[6] https://zviazda.by/be/tags/natallya-shaucova
[7] https://zviazda.by/be/tags/valozhynski-rayon