ЮНIСЭФ распрадае шэдэўры дзеля дзяцей
Нямецкае аддзяленне дзiцячага фонду ААН ужо атрымала 43 мiльёны еўра ад продажу калекцыi ўрача Густава Рау, якую ён пакiнуў у спадчыну мiжнароднай арганiзацыi, перадае агенцтва DPA. Рэкордныя сумы прынёс, у прыватнасцi, продаж карцiн Эль Грэка i Клода Манэ. Як паведамiлi прадстаўнiкi ЮНIСЭФ, на аўкцыёне Sotheby's у Лондане i Lempertz у Кёльне былi прададзена 92 карцiны i скульптуры са 130 выстаўленых на аўкцыён твораў мастацтва. Яшчэ 389 твораў з калецыi штутгарцкага ўрача-бiзнесмена чакаюць новых асеннiх таргоў i шчаслiўцаў-уладальнiкаў.
Першапачаткова ЮНIСЭФ планаваў атрымаць каля 120 млн еўра чыстага прыбытку ад продажу ўсёй атрыманай спадчыны. Аднак цяпер дзiцячы фонд ААН мяркуе, што гэтая сума будзе значна вышэй. Самы вялiкi прыбытак пакуль прынесла карцiна Эль Грэка "Малiтва Святога Дамiнiка", якая пайшла з малатка за 10,8 мiльёна еўра. Палатно iмпрэсiянiста Манэ "Драўляны мост" ацэнена пакупнiком у 6,5 мiльёна.
Доктар са Штутгарта Густаў Рау, якi памёр у 2002 годзе, пакiнуў у спадчыну дзiцячаму фонду ААН большую частку сваёй вялiкай калекцыi, што налiчвае каля 800 прац вядомых мастакоў. Прыбытак ад продажу твораў мастацтва, згодна з запаветам, павiнен пайсцi на дапамогу дзецям у Афрыцы. Грашовую падтрымку атрымае, у прыватнасцi, заснаваныя штутгарцам дзiцячыя бальнiцы ў Дэмакратычнай рэспублiцы Конга, Намiбii i Бурундзi.
Польшча сядзiць на вугалi
"Каменны i буры вугаль i надалей павiнен складаць аснову польскага энергазабеспячэння, — цытуе словы прэм'ер-мiнiстра Польшчы часопiс Industrie. — Польская эканомiка i энергетыка дагэтуль абапiраецца на вугаль, якi дабываюць экалагiчна чыстым спосабам. Пошук новых крынiц энергii можа быць толькi дадаткам да яго". Заходняя суседка Беларусi хацела б скарацiць свае выкiды вуглякiслага газу з дапамогай сучасных тэхналогiй, але нi ў якiм разе не поўным выдаленнем вугляроду з яе энергетычнага балансу.
Польшчу, якая ў лiстападзе 2008-га прымала самiт ААН па праблемах змянення клiмату, неаднаразова крытыкавалi праз шкоду "вугальных" выкiдаў. Дарэчы, тут у сферы здабычы каменнага i бурага вугалю працуюць каля 120 000 чалавек.
Twitter выходзiць на бiржу
У сваiм мiкраблогу iнтэрнэт-канцэрн Twitter паведамiў, што падаў заяўку на першае публiчнае размяшчэнне акцый (IPO) на бiржы. Праблемай застаецца бiзнес-мадэль рэсурсу, пiша WirtschaftsBlatt.
Twitter пускае ў атаку сваё ўсiмi чаканае IPO. Паводле ўласных звестак самой амерыканскай службы кароткiх паведамленняў, у чацвер яна адправiла ў бiржавы кантроль канфiдэнцыяльны запыт на дадатковую эмiсiю акцый. Гэта першы крок кампанii да выхаду "на публiку". Для тэхнасферы бiржавы дэбют "Твiтара", заснаванага ў 2006 годзе, якi на сёння мае больш чым 200 мiльёнаў карыстальнiкаў, стане, хутчэй за ўсё, самай важнай падзеяй з часоў мега-IPO "Фэйсбука". Прыватныя iнвестары ацэньваюць Twitter у больш чым 10 мiльярдаў долараў.
Японскае машынабудаўнiцтва "падае"
У лiпенi, у параўнаннi з папярэднiм месяцам, колькасць машынабудаўнiчых заказаў Японii знiзiлася, паведамляе часопiс Industrie . З улiкам сезонных ваганняў спад быў невялiкi: усяго 0,025%. Аднак, на думку экспертаў, факт спынення росту кажа пра няўпэўненасць некаторых японскiх кампанiй наконт неабходнасцi ўкладвання грошай у развiццё аўтапрама, незалежна ад новай эканамiчнай палiтыкi прэм'ер-мiнiстра Сiндзо Абэ. Звесткi пра стан машынабудавання ў краiне — акрамя суднабудаўнiчых i энергетычных прадпрыемстваў — лiчацца галоўным iндыкатарам iнвестыцыйных магчымасцяў японскiх кампанiй.
Еўрапарламент умацоўвае шлях для цэнтральнага банкаўскага нагляду
Пасля некалькiх месяцаў неафiшаванай унутранай барацьбы Еўрапейскi парламент расчысцiў шлях для банкаўскага нагляду. Пераважная большасць дэпутатаў Еўрапарламента прагаласавалi за планы па стварэннi новага органа ад Еўрапейскага Цэнтрабанка, якi складаецца са 150 найбуйнейшых банкаў у еўразоне, пiша Frankfurter Allgemeine Zeitung.
З восенi 2014 года для моцнага банкаўскага кантролю ў зоне еўра больш няма нiякiх перашкод. Пасля жорсткiх дэбатаў у Страсбургу Еўрапарламент даў зялёнае святло для банкаўскага нагляду з боку ЕЦБ. 556 дэпутатаў аддалi свае галасы "за", 54 — "супраць" i 28 устрымалася.
Першапачатковая задача ЕЦБ будзе заключацца ў тым, каб уважлiва вывучыць падкантрольныя фiнансавыя ўстановы i з дапамогай "стрэс-тэстаў" выяўляць любыя дысбалансы. Гэты працэс павiнен дапамагчы аператыўна рэагаваць на эканамiчную сiтуацыю i абараняць ад магчымых фiнансавых крызiсаў.
Падрыхтавала Любоў Каспяровiч.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika