Наведаць 30-кіламетровую зону адчужэння — гэта значыць пабыць у самым сэрцы самага запаведнага беларускага запаведніка. І гэта не таўталогія. Сюды можна трапіць толькі па асаблівым дазволе, прайшоўшы некалькі інстанцый прапускнога рэжыму і мінуўшы два кантрольна-прапускныя пункты. Нават супрацоўнікі з складу абслуговага персаналу не маюць права наведваць тэрыторыю ў нерабочы час. Запаведная асаблівасць зоны адчужэння незвычайная і нават дзіўная — абараняць чалавека ад прыроды. На жаль, ад прыроды, забруджанай выкідамі з узарванай Чарнобыльскай АЭС. Уся ахоўная тэрыторыя літаральна «ўпрыгожана» папераджальнымі паказальнікамі, знакамі і шыльдамі: асцярожна — радыяцыйная небяспека!
Адзін з апошніх уездаў у зону — КПП «Майдан». Калі з дакументамі парадак, перад вамі расчыняюцца магутныя металічныя вароты, і добразычлівы жаночы позірк, нібы добрыя лекі, супакойвае ваша хваляванне перад дарогай у невядомае. Сустрэча з жанчынамі-вартавымі чарнобыльскай зоны — гэта, бадай, адно з незабыўных уражанняў для ўсіх, хто ўпершыню наведвае тэрыторыю небяспекі.
Самі ж вартаўніцы ўжо звыкліся са здзіўленымі і запытальнымі позіркамі і адказваюць на іх добрымі ўсмешкамі.
Так, менавіта сёлета спаўняецца 25 гадоў з часу надання тэрыторыі адчужэння статусу запаведніка (створаны быў праз два гады пасля аварыі на ЧАЭС, у 1988 годзе). Зямля, якая зведала неймаверныя пакуты, з крыніцы небяспекі зрабілася тэрыторыяй загадкавай і таямнічай, каштоўнай у плане новых даследаванняў, эксперыментаў і адкрыццяў. Усё часцей навукоўцы кажуць, што радыяцыйна-экалагічны запаведнік павінен ператварыцца ў навуковую пляцоўку сусветнага ўзроўню. Штодня тут вядуцца маніторынгі экалогіі — глебы, вады, паветра, расліннага і жывёльнага свету. Чвэрць стагоддзя збіраецца бясцэнны матэрыял, якога ў сусветнай практыцы яшчэ не было.
Перад наведваннем 30-кіламетровай тэрыторыі я сустрэўся з дырэктарам Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка Пятром КУДАНАМ
і вось што даведаўся:
— У запаведніку сёння працуе 740 чалавек — леснікі, вартавыя КПП і работнікі службы аховы, навукоўцы, дазіметрысты, абслуговы персанал. Адной з першых функцый запаведніка было забеспячэнне ахоўнасці ад несанкцыянаванага пранікнення на забароненую тэрыторыю (мэты знаходжання былі самыя розныя — паляванне, збор дароў лесу, вынас і вываз бытавых прадметаў) — каб уберагчы людзей ад залішняга апраменьвання. Па-ранейшаму адной з першасных задач застаецца зніжэнне ўздзеяння радыяцыі на здароўе персаналу. Адказнасць за гэта ўскладзена на аддзел радыяцыйнага кантролю і рэжыму.
У першыя гады шмат высілкаў трацілася на ліквідацыю пажараў, якія ў асноўным узнікалі ад наўмысных падпалаў. Але з падтрымкаю дзяржавы вырашаны шэраг важных задач па стварэнні больш надзейнай сістэмы супрацьпажарнай бяспекі. Напрыклад, узведзена 37 металічных назіральных вышак, з якіх тэрыторыя праглядаецца цалкам.
Лясныя масівы размежаваны шырокімі разрывамі, якія рэгулярна пераворваюцца. Цяпер у 30-кіламетровай зоне вырыта некалькі дзясяткаў вадаёмаў, дзе можна рабіць тэрміновую дазапраўку пажарных машын. Калі раней выгаралі тысячы гектараў, дык апошнім часам за год узнікае ўсяго 2-3 лакальныя ўзгаранні прыроднага паходжання.
Напачатку стварэння запаведніка агнём знішчаліся цэлыя вёскі, як, напрыклад, Даўляды ў Нараўлянскім і Кажушкі ў Хойніцкім раёнах. Цяпер матэрыяльныя страты ад агню зведзены да мінімуму. Але станоўчы момант яшчэ і ў тым, што супрацьпажарныя дзеянні не даюць адбыцца другаснаму забруджванню прылеглых да запаведніка і больш аддаленых тэрыторый.
За гэты час адбылося фарміраванне калектыву, створана грунтоўная база для навуковых даследаванняў. Навукоўцы распрацавалі і здзейснілі шэраг айчынных праектаў і праектаў Саюзнай дзяржавы, СНД, выходзяць на сусветны ўзровень. Удзельнічаюць у некалькіх індывідуальных праектах з Нарвегіяй і Германіяй. Рыхтуецца яшчэ шэраг праектаў па міжнародных праграмах.
Пры падтрымцы МАГАТЭ ўдалося папоўніць навуковыя лабараторыі самым сучасным абсталяваннем. Цяпер лабараторыі лічацца аднымі з лепшых у краіне — у іх з высокай дакладнасцю вымяраецца ўвесь спектр радыенуклідаў.
Адначасова з навукова-доследнай, запаведнік займаецца і эксперыментальнай работай, вядзе пазабюджэтную дзейнасць.
— Выжываць самастойна нам цяпер вельмі складана, — кажа кіраўнік запаведніка. — Але сядзець на шыі ў дзяржавы бясконца таксама нельга. Дарэчы, з бюджэту дзяржавы на функцыянаванне запаведніка штогод расходуецца больш за 5 мільярдаў долараў. У адрозненне ад іншых запаведнікаў, мы не можам праводзіць турыстычную дзейнасць — з-за фактару рызыкі, але праз міжнароднае супрацоўніцтва пашыраем кантакты. А яшчэ імкнёмся зарабляць грошы гаспадарчай дзейнасцю. 18 гадоў адпрацоўваем сучасныя тэхналогіі атрымання чыстай сельгаспрадукцыі на забруджаных тэрыторыях. Дзеля гэтага на ўскраіне запаведнай тэрыторыі было адведзена 700 гектараў зямлі. Спачатку заклалі пладова-костачкавы сад. Пазней разгарнулі эксперыментальны пчальнік, які налічвае 80 пчоласем'яў. Каля 15 гадоў таму пачалі разводзіць пародзістых коней. Калі выявілася, што каніну ў рэалізацыю пускаць нельга, сталі займацца племянной конегадоўляй, і сёння маем табун болей за 300 галоў.
Сёлета ад сваіх пчол у запаведніку атрымалі болей за тры тоны мёду. За мёд выручылі больш за 100 мільёнаў рублёў. Пры тым, што максімальныя затраты па доглядзе пчол склалі ўсяго 40 мільёнаў. Першыя гады пчалярства паказалі, што мёд у сотах радыеактыўны, таму пачалі засяваць меданосы на чыстых кавалках глебы — і мёд стаў сапраўды чыстым. Тым не менш пастаянна робіцца кантроль мёду на наяўнасць радыенуклідаў.
Штогод гаспадарка прадае па паўсотні галоў коней — і сельскагаспадарчым арганізацыям, і кумыснай ферме, і мясцоваму насельніцтву таксама.
Зусім нядаўна (не болей за год) прыняты Закон аб ахоўна-прававым рэжыме запаведніка, узмацніўся яго ахоўны статус.
— Стала лягчэй па частцы ахоўных правоў. У нас з'явілася болей правоў. У насельніцтва — больш абавязкаў, — сказаў Пётр Кудан. — Напрыклад, рака Прыпяць, якая дзеліць тэрыторыю запаведніка, доўга заставалася нейтральнай, плыць па ёй можна было любому. Было шмат браканьерства, несанкцыянаваных пранікненняў на забароненую тэрыторыю. Цяпер знаходзіцца на рацэ ў межах запаведніка можна толькі з дазволу адміністрацыі зоны адчужэння.
Важнасць узмацнення ахоўнасці запаведнай тэрыторыі асабліва падтрымліваецца навуковымі супрацоўнікамі, якія назіраюць устойлівасць пражывання рэдкіх відаў жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу — бурага мядзведзя, еўрапейскай рысі, барсука, еўрапейскага зубра. З 2007 года ў запаведніку з'явіліся коні Пржавальскага. Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела экалогіі фаўны запаведніка, кандыдат біялагічных навук Таццяна ДЗЯРАБІНА працуе ў гэтай установе ўжо 12 гадоў. І з кожным годам яе інтарэс да жывёльнага свету на забруджанай тэрыторыі ўзрастае.
— Гэта не сакрэт, што з паўраспадам цэзія, стронцыя і з'яўленнем новага прадукту распаду плутонія — амерыцыя — паўстае пагроза назапашвання ў органах жывёл яшчэ малавывучаных элементаў. Але відаць, што на свабоднай ад гаспадарчай дзейнасці і ад прысутнасці чалавека тэрыторыі жывёлы пачуваюць сябе ў поўнай бяспецы, асяроддзе іх поўнасцю задавальняе.
Да свайго юбілею «зона» таксама рыхтавалася — часткова пакладзены новы асфальт, свежай фарбай красуюцца папераджальныя паказальнікі. Упершыню каля вёскі Краснаселле з'явіўся надпіс: «Тэрыторыя з высокім узроўнем радыеактыўнага забруджвання па плутоніі». Праведзена ўпарадкаванне службовых памяшканняў і прылеглых тэрыторый 11 КПП.
З 35-метровай вышкі, усталяванай пасярэдзіне колішняй вёскі Краснаселле, добра відаць абрысы Чарнобыльскай атамнай станцыі — саркафаг над 4-м энергаблокам, недабудаваная пакуль канструкцыя «Укрыццё», пад якой будзе схаваны раз'юшаны рэактар. Гэты малюнак — нібы сімвал новага часу, па якім, хочам мы таго ці не, ужо адмерана цэлая чвэрць стагоддзя.
Анатоль КЛЯШЧУК. Фота аўтара.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/charnobylskaya-aes
[5] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-kniga
[6] https://zviazda.by/be/tags/magate
[7] https://zviazda.by/be/tags/kpp-maydan
[8] https://zviazda.by/be/tags/chaes
[9] https://zviazda.by/be/tags/pyotr-kudan
[10] https://zviazda.by/be/tags/paleski-dzyarzhauny-radyyacyyna-ekalagichny-zapavednik
[11] https://zviazda.by/be/tags/raka-prypyac
[12] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-dzyarabina
[13] https://zviazda.by/be/tags/krasnaselle
[14] https://zviazda.by/be/tags/charnobylskaya-atamnaya-stancyya
[15] https://zviazda.by/be/tags/kanstrukcyya-ukryccyo