Хто ў свеце за ўсіх прыгажэй, высвятляюць у Інданезіі
У гэту суботу, 28 верасня, на інданезійскім востраве Балі адбудзецца фінал аднаго з самых прэстыжных міжнародных конкурсаў прыгажосці — «Міс Свету». Сёлета ён праходзіць у 63-і раз і сабраў удзельніц з больш як 130 краін свету. Беларусь на конкурсе прадстаўляе 22-гадовая ўраджэнка Віцебска Марыя Вялічка, якая ўжо мае ў актыве тытулы «Міс СНД-2010» і «Міс Дабрачыннасць-2012» (на нацыянальным конкурсе «Міс Беларусь»).
«Міс Свету» сёлета мае некаторыя асаблівасці. Так, каб не абвастраць адносіны з інданезійскімі мусульманамі, якія выступалі катэгарычна супраць правядзення мерапрыемства, арганізатары шоу на ўсякі выпадак перанеслі яго з Джакарты на Балі, як мага далей ад масавых акцый пратэсту. А пазней адмовіліся ад традыцыйнага дэфіле прыгажунь у бікіні. Дакладней, выхад у купальніках быў — але ў закрытым фармаце, толькі для суддзяў. Гледачам жа дзяўчаты прадэманструюць традыцыйныя ўборы народаў Паўднёва-Усходняй Азіі — саронгі. У астатніх этапах спаборніцтва змен не адбылося: па чарзе адбываюцца конкурсы талентаў (найлепшай тут суддзі прызналі галасістую «Міс Інданезія»), спартыўнага, мадэльнага, дабрачыннасці, пераможцы якіх трапляюць у паўфінал. З іх ліку журы выбірае 5 фіналістак, кожная з якіх можа стаць новай каралевай прыгажосці.
Выпускніца Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Марыя Вялічка пакуль што не змагла ўразіць строгіх суддзяў талентамі, не ўвайшла яна і ў топ-10 удзельніц па выніках фотасесіі ў бікіні, аднак шанцы праявіць сябе ў беларускі яшчэ ёсць. Наперадзе яшчэ некалькі конкурсных этапаў, для якіх спатрэбяцца падрыхтаваныя беларускімі дызайнерамі і стылістамі Нацыянальнай школы прыгажосці ўборы.
Вікторыя ЗАХАРАВА.
Фота з архіва Нацыянальнай школы прыгажосці і афіцыйнага сайта www.mіsswоrld.соm
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/tags/indaneziya
[4] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-zaharava
[5] https://zviazda.by/be/tags/konkurs-mis-svetu
[6] https://zviazda.by/be/tags/mis-svetu
[7] https://zviazda.by/be/tags/maryya-vyalichka
[8] https://zviazda.by/be/tags/mis-snd-2010
[9] https://zviazda.by/be/tags/mis-dabrachynnasc-2012
[10] https://zviazda.by/be/tags/mis-belarus