З вёскі Галавенчыцы Стаўбцоўскага раёна ў рэдакцыю патэлефанавала жанчына, чыя скарга пакрысе пераўтварылася ў суцэльны плач у тэлефоннай слухаўцы... Высветлілася, што мясцовым жыхарам вяртаюць назад малако...
— Першы раз гэта надарылася ў самым пачатку верасня. Потым сітуацыя паўтарылася недзе ў сярэдзіне месяца. Зараз вось днямі вярнулі малако зноў. Калі гаварыць асабіста пра мяне, гаворка ідзе пра 16-18 літраў за кожны раз, — распавяла пра бяду заяўніца. — Асабліва нічога не тлумачаць, гавораць толькі, што ў малацэ — антыбіётыкі. Толькі ў нашай вёсцы прыватных малаказдатчыкаў — недзе дзесяць чалавек. І ўсім павярталі здадзенае...
Старшыня Стаўбцоўскага раённага Савета дэпутатаў Аркадзь КАЗЯКОЎСКІ, да якога мы звярнуліся па каментарыі, пацвердзіў наяўнасць праблемы.
— Малако з нашага раёна, якое збіраецца дзвюма машынамі, паступае на першы сталічны гармалзавод. І вось адтуль сапраўды пачалі вяртаць прадукцыю, бо ў ёй знайшлі сляды антыбіётыкаў. Гэта азначае, што нехта з вяскоўцаў здае малако ад хворай каровы, — уздыхнуў суразмоўца. — І гэты «нехта», выходзіць, падводзіць усіх астатніх здатчыкаў, бо малако ў цыстэрне змешваецца і яго даводзіцца потым вяртаць усім без выключэння.
Ці можна нейкім чынам вырашыць праблему на месцы? «Толькі праз свядомасць!» — адказаў Аркадзь Казякоўскі. І патлумачыў, што калі праверыць малако на шчыльнасць, тлустасць — не праблема, дык адзін аналіз на наяўнасць антыбіётыкаў каштуе вялікіх грошай. Таму і застаецца апеляваць да сумлення вяскоўцаў.
— Пагаварыў са старшынямі сельскіх выканкамаў: каб тыя пагутарылі са здатчыкамі малака, папрасілі іх ставіцца да справы больш адказна, патлумачылі сітуацыю, у якой церпяць ні ў чым не вінаватыя людзі, — сказаў напрыканцы старшыня Стаўбцоўскага раённага Савета дэпутатаў. — З заўтрашняга дня (на момант гутаркі. — Аўт.)зноў пачынаем збіраць малако ад насельніцтва.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/zvarotnaya-suvyaz
[2] https://zviazda.by/be/tags/zvarotnaya-suvyaz