Не спаць за рулём
24 верасня каля 7 гадзін раніцы ў Магілёўскім раёне, на аўтатрасе ў раёне аграгарадка Масток, сутыкнуліся два аўтамабілі, якія рухаліся ў адным напрамку.
Калі ў Магілёўскім ДАІ высветлілі абставіны здарэння, то аказалася, што 33-гадовы вадзіцель з Гомеля, які кіраваў мікрааўтобусам «Фольксваген Каравэла», заснуў за рулём. У выніку мікрааўтобус ударыўся ў «Жыгулі», якія мірна рухаліся па дарозе ў тым жа напрамку.
— Сур'ёзна пацярпеў вадзіцель «Жыгулёў», другі вадзіцель абышоўся перапудам. Абодва аўтамабілі атрымалі механічныя пашкоджанні, — пракаментавала вынікі здарэння інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе Магілёўскай ДАІ Таццяна СТАРАСОТНІКАВА. — Часам вадзіцелям даводзіцца доўгі час быць за рулём без сну і адпачынку. Аднак стан санлівасці і стомленасці вельмі небяспечны, як для саміх вадзіцеляў і іх пасажыраў, так і для іншых удзельнікаў руху, якія апынуліся на іх шляху. Не варта выпрабоўваць лёс, а трэба спыніцца і адпачыць, так будзе больш бяспечна.
Ілона ІВАНОВА
Усе парушэнні адразу
У Лельчыцкім раёне, ля вёскі Іванава Слабада, супрацоўнікі ДАІ затрымалі мясцовага жыхара, які асядлаў матацыкл у п'яным выглядзе. Кіроўца, да таго ж, рухаўся без моташлема.
Калі ў яго папрасілі дакументы для праверкі, высветлілася, што іх няма і быць не можа. Два гады таму грамадзянін быў пазбаўлены пасведчання за кіраванне ў нецвярозым стане. Да таго ж на заднім сядзенні матацыкла інспектары выявілі скрутак. Калі яго разгарнулі, убачылі стрэльбу ў разабраным выглядзе, на якую ў 49-гадовага мужчыны адсутнічае адпаведны дазвол. Складзены адміністрацыйны пратакол па артыкуле аб незаконных дзеяннях з паляўнічай зброяй, за што прадугледжаны штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. За кіраванне без дакументаў у нецвярозым стане таксама прадугледжаны немалы штраф, паведамілі ў прэс-службе Гомельскага абласнога ДАІ.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/zdarenni