Самай дарагой жылой вуліцай Мінска названа Піянерская, кошт прапанавання 1 кв.м жылля на ёй перавышае $3,5 тыс.
Аб гэтым паведаміла БЕЛТА намеснік дырэктара па продажах на другасным рынку жылля аднаго з буйнейшых сталічных агенцтваў нерухомай маёмасці Святлана КУДЗЕЛКА, спецыялісты якога падрыхтавалі і склалі рэйтынг 30 самых дарагіх жылых вуліц Мінска.
Высокія цэны на жылую нерухомую маёмасць у асноўным характэрны для цэнтра горада. У пяцёрку самых дарагіх трапілі вуліцы Карла Маркса ($3180 за 1 кв.м), Камуністычная ($3136), Інтэрнацыянальная ($3023) і Старажоўская ($3005). Разам з тым вуліца Піянерская, якая ўзначаліла рэйтынг, размешчана ў мікрараёне Дразды насупраць культурна-спартыўнага комплексу «Мінск-Арэна».
Намеснік дырэктара адзначыла, што кошт квадратнага метра на самых рэспектабельных вуліцах сталіцы амаль у два разы вышэйшы, чым у сярэднім па горадзе. Прычым цэны на жыллё ў цэнтры Мінска або паблізу маляўнічых мясцін павялічваюцца на працягу ўсяго года. «Такія кватэры набываюць у асноўным заможныя замежныя грамадзяне і ўнутраныя інвестары для далейшай здачы ў арэнду па высокіх стаўках», — растлумачыла яна.
Гаворачы аб месцы размяшчэння ў Мінску элітнага жылля, эксперт вылучыла пяць асноўных рэгіёнаў сталіцы. Па-першае, традыцыйна папулярнай з'яўляецца нерухомая маёмасць у гістарычным цэнтры горада, у тым ліку кватэры на вуліцах Інтэрнацыянальная, Леніна і Карла Маркса. У якасці альтэрнатывы выступаюць новыя элітныя раёны ў акваторыі ракі Свіслач (вуліцы Піянерская, Язмінавая, Парніковая і Ваньковіча). Па-трэцяе, заможныя пакупнікі прыглядаюцца да кварталаў з папулярнасцю, якая крыху спадае, — вуліц Захарава і Пуліхава. З'яўленне там новабудоўляў дае магчымасць захаваць да раёна высокі інтарэс. Стабільным застаецца попыт на дамы па праспекце Незалежнасці.
Прычым цэнавы дыяпазон кватэр у розных дамах уздоўж праспекта значна адрозніваецца. Сваю нішу заняла і элітная забудова ў спальных раёнах горада — перш за ўсё сучасныя пабудовы ва Уруччы і ў раёне праспекта Дзяржынскага.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/zhyllyo-0