Таццяна ПАНЧУК, інструктар па працатэрапіі Шарашоўскага дома-інтэрната Пружанскага раёна:
— Мы прыехалі на выставу з вялікімі спадзяваннямі звярнуць на сябе ўвагу. Бачыце, колькі прыгожых вышыванак, іншых вырабаў (паказвае) падрыхтавалі нашы пацыенты? Многія з 300 жыхароў інтэрната праводзяць тут усё жыццё. Некаторыя маюць добрыя схільнасці да рукадзелля. Вось як напрыклад, Вадзім Латыш. Яго жыццёвы шлях: дом немаўляці, затым дзіцячы дом, потым наш інтэрнат. Малады чалавек вышывае левай рукой. Работы Вадзіма вельмі сонечныя, яркія, як і многіх іншых нашых майстроў. Мы спадзяёмся, што нешта ўдасца прадаць, выручыць грошы для аўтараў работ. А яшчэ большае спадзяванне маем на тое, што людзі звернуць ўвагу на нашу ўстанову, праявяць міласэрнасць, стануць трохі дабрэйшымі.
Любоў ПАПОВА, медыцынскі работнік, шматдзетная маці:
— Для нас выстава стала сямейным святам. Тут нам уручылі дыпломы і падарункі як пераможцу абласнога конкурсу «Здаровая сям'я». І мы цяпер расказваем іншым, нешта накшталт майстар-класа, пра традыцыі сваёй сям'і. Мы з мужам не курым, не ўжываем спіртнога, кожны дзень з ранку робім прабежкі. Наш 17-гадовы сын з малых дзён займаўся спортам (хакеем, гімнастыкай, конным спортам), удзельнічаў у розных спаборніцтвах. Зараз ён вучыцца ў Маскве. 11-гадовы сын таксама займаецца ў секцыі дзюдо, ходзіць на плаванне. 3-гадовая Ліза робіць зарадку разам з мамай і татам.
Усёй сям'ёй ходзім на прагулкі, любім прыроду. Нашы захапленні падзяляюць дзеці. І гэта вельмі важна ў справе выхавання дзяцей. Добра, што на тэмы сямейнага здароўя гавораць на такіх маштабных форумах.
Ларыса АХРАМУК, журналіст:
— Гэта дзявятая выстава на тэму здаровага ладу жыцця ў нашым горадзе. Я асвятляла практычна ўсе з іх і бачу, што з кожным годам павялічваецца маштаб выставы. Сёлета ў Лядовым палацы працуюць каля дваццаці ўрачоў, спецыялістаў вузкага профілю: псіхіятр, эндакрынолаг, акуліст, кардыёлаг, анколаг, гінеколаг і іншыя. Наведвальнікі маюць магчымасць атрымаць кансультацыю, а калі трэба — талон альбо накіраванне ў медустанову. І такія прыёмы карыстаюцца ўсё большай папулярнасцю ў гараджан. Асаблівую актыўнасць праяўляюць пенсіянеры.
Сёлета падчас выставы праводзіцца запіс у спартыўныя гурткі і секцыі... Не варта забываць, што гэта выстава-кірмаш. Для сябе ў адным з павільёнаў я набыла ікру. Тут, дарэчы, гэты далікатэс прадавалі танней, чым у краме. Гандлёвы рад харчовых тавараў, на мой погляд, выглядае прыстойна.
Святлана ЯСКЕВІЧ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/zdaroue
[3] https://zviazda.by/be/poglyad
[4] https://zviazda.by/be/tags/poglyad
[5] https://zviazda.by/be/tags/brest
[6] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-panchuk
[7] https://zviazda.by/be/tags/sharashouski-dom-internat-pruzhanskaga-rayona
[8] https://zviazda.by/be/tags/lyubou-papova
[9] https://zviazda.by/be/tags/larysa-ahramuk
[10] https://zviazda.by/be/tags/vystava-sadzeynichanne-zdarovamu-ladu-zhyccya-2013