Чаму падзеі 150-гадовай даўніны дагэтуль выклікаюць спрэчкі?
Тое, што было ў пазамінулым стагоддзі, прайшло праз лёсы розных народаў. Свой погляд на паўстанне (за якім у нас у Беларусі замацавалася імя Каліноўскага) прадставіў польскі бок. У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь працуе выстава, прысвечаная 150-годдзю паўстання 1863-1864 гг., падрыхтаваная сумесна з Пасольствам Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь. Праект арганізаваны на падставе выставы, якая праходзіла ў Рэспубліцы Польшча, частку экспазіцыі займаюць матэрыялы, прэзентаваныя ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.
Здаецца, што па-рознаму бачацца і ўспрымаюцца тыя падзеі ў Беларусі і Польшчы. І сапраўды, можа, трэба доўга працаваць разам, адкрываючы архівы, дакументы, якія ёсць у адной і ў другой краіне, каб з частак склалася адзіная карціна.
Тое, што важныя для агульнай гісторыі даты трэба адзначаць разам, было падкрэслена ў словах гасцей. У прыватнасці, кіраўнік канцылярыі Прэзідэнта Рэспублікі Польшча Яцэк МІХАЙЛОЎСКІ
сказаў:
— ...Мяжа перастае быць бар'ерам і становіцца шанцам, каб супрацоўнічаць, перш за ўсё культурна. У нас выдатная гісторыя, але мы сёння думаем пра сваю будучыню. Адна з назваў выставы: «Смерць — адзіны пераможца. Слава пераможаным!» Тыя, хто загінуў у паўстанні, якое ў Беларусі называюць паўстаннем Каліноўскага, — сапраўдныя пераможцы. Яны пераможцы і ў Польшчы, і ў Беларусі.
Высокія словы сёння можна казаць, аднак ступень іх вышыні абумоўліваюць шмат якія акалічнасці, сярод якіх ёсць і гістарычныя, і сучасныя. І розніца ва ўспрыманні тых падзей у Польшчы і ў сучаснай Беларусі ўсё ж ёсць. Калі азнаёміцца з матэрыяламі выставы, то можна яе адчуць.
Намеснік міністра культуры РБ Васіль ЧЭРНІК адзначыў:
— Тыя падзеі сёння выклікаюць цікавасць, актыўна абмяркоўваюцца. Дыскусійнасць праблемы тлумачыцца недастатковай прапрацоўкай дакументальнай базы, у сувязі з чым сённяшняя выстава з'яўляецца вельмі надзённай. Інфармацыйны матэрыял дакументаў, якія дэманструюцца на выставе, дазваляе ўдакладніць спецыфіку тагачаснай урадавай барацьбы, прааналізаваць сацыяльную структуру ўдзельнікаў руху, высветліць рэгіянальныя асаблівасці паўстання як на тэрыторыі Польшчы, так на беларуска-літоўскіх землях. Сённяшняя выстава з'яўляецца спробай аб'яднаць гістарычную памяць дзвюх дзяржаў.
Беларускі гісторык Алена Фірыновіч, даследчыца падзей 1863-1864 гадоў, падкрэсліла магчымасць звярнуцца да першакрыніц, архіўных дакументаў, якія могуць даць адказы на шматлікія пытанні. Выстаўка тым і адметная, што змяшчае рукапісныя і друкаваныя дакументы, а таксама іканаграфічныя матэрыялы і фотаздымкі. Частка прадастаўлена Нацыянальным лічбавым архівам Рэспублікі Польшча, ёсць экспанаты з калекцыі Аддзела мастацкіх рамёстваў і гістарычных каштоўнасцяў Варшаўскага гістарычнага музея. Яны адлюстроўваюць падыход да падзей 1863-1864 гг. польскіх навукоўцаў.
Дарота ЛЕВАНДОЎСКАЯ, навуковы супрацоўнік Галоўнага архіва старажытных актаў, адзін з аўтараў выставы, патлумачыла:
— Нас больш за ўсё цікавілі людзі, мы хацелі паказаць тых, хто змагаўся з адзінай мэтай — дзеля незалежнасці. Мы хацелі паказаць не толькі герояў, якія ўдзельнічалі ў паўстанні, але і тых, хто быў супраць іх. Таму часткі выставы адлюстроўваюць такія тэмы, як збройная барацьба, палітычныя дзеянні, асобы паўстанцаў, у тым ліку адзначана роля апошняга кіраўніка Рамуальда Траўгута (таксама быў пакараны смерцю. — Аўт.). Іншаземцы ў паўстанні — у архівах шмат лістоў італьянцаў. Апошняя частка — успаміны ветэранаў-паўстанцаў і пра паўстанне.
Частку экспазіцыі займаюць матэрыялы, падрыхтаваныя Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь.
Ларыса ЦІМОШЫК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/igumenski-trakt