1828 год — нарадзiўся (мястэчка Кузнiца Гродзенскай губернi) Мiхаiл Восiпавiч Каяловiч, беларускi i рускi гiсторык, этнограф, публiцыст i грамадскi дзеяч. Выкладаў у Рыжскай i Пецярбургскай семiнарыях, з 1856 года — у Пецярбургскай духоўнай акадэмii, прафесар (1862). Аўтар даследаванняў па гiсторыi Беларусi, Польшчы i Расii, дзе закранаў пытаннi этнагенезу i этнiчнай гiсторыi беларусаў, рускiх, лiтоўцаў: «Аб рассяленнi плямёнаў Заходняга краю Расii», «Аб этнаграфiчным атласе заходнiх губерняў», «Аб этнаграфiчнай мяжы памiж Заходняй Расiяй i Польшчай». У 1885—1887 гадах апублiкаваў нататкi пра падарожжа па Беларусi i Лiтве. Займаўся выданнем гiстарычных крынiц «Дзённiк апошняга паходу Стэфана Баторыя на Расiю…», «Дзённiк Люблiнскага сейма 1569 года». Памёр у 1891 годзе.
1869 год — нарадзiўся Махандас Карамчанд Гандзi. Людзi назвалi яго Махатма («вялiкая душа»). Яго паважаў Леў Талстой i недалюблiваў Уiнстан Чэрчыль. Яго лiчылi рэвалюцыянерам, рэакцыянерам, дробнабуржуазным iдэолагам, «вялiкiм сынам Iндыi», «бацькам нацыi», «архiтэктарам свабоды», «сумленнем чалавецтва», прарокам i святым. Ён навучыў Iндыю адстойваць iсцiну, дабiвацца яе без насiлля, павёў яе да свабоды i незалежнасцi, сцвярджаючы: «Ненасiлле, якое я прапаведую, — гэта актыўнае ненасiлле моцных». «Ён стаў каля парога хацiн тысяч абяздоленых, апрануты гэтак жа, як яны, — пiсаў Рабiндранат Тагор. — Ён звярнуўся да людзей на iх мове. У адказ на клiч Гандзi Iндыя зноў раскрылася для вялiкiх здзяйсненняў».
1871 год — 25‑гадовы рускi этнограф i падарожнiк Мiкалай Мiкалаевiч Мiклуха-Маклай сышоў з карвета «Вiцязь» на паўночна-ўсходнi бераг Новай Гвiнеi i… трапiў у каменны век. Але не разгубiўся — дабраўся да нейкага паселiшча, знайшоў цыноўку i лёг спаць, забiўшы адразу двух зайцоў: адпачыў i развеяў страх папуасаў. Тубыльцы назвалi яго «Каарам тамо» («чалавек з Месяца»). Мiклуха-Маклай займаўся вывучэннем побыту i нораваў папуасаў, давёўшы, што яны — тыя ж мы, толькi жывуць на iншым краi Зямлi. Да гэтага часу на берагах Новай Гвiнеi можна сустрэць якога-небудзь папуаса па iменi Маклай — значыць, памятаюць «чалавека з Месяца».
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2013/10/gandidid.jpg
[2] https://zviazda.by/be/etot-den-v-istorii