Аляксандр Лукашэнка 3–4 кастрычніка з афіцыйным візітам наведае Казахстан. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка беларускай дзяржавы.
Праграмай візіту запланаваны перагаворы Аляксандра Лукашэнкі і Нурсултана Назарбаева ў фармаце «сам-насам» і ў пашыраным складзе, сумеснае наведванне Беларуска-казахстанскага вучэбна-вытворчага цэнтра падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі інжынерных кадраў пры Казахстанскім агратэхнічным універсітэце імя С.Сейфуліна.
Па выніках перагавораў чакаецца падпісанне шэрагу двухбаковых дакументаў.
Па аб'ёме беларускага экспарту Казахстан з'яўляецца трэцім па значнасці партнёрам Беларусі сярод краін СНД (пасля Расіі і Украіны). Беларусь разглядае Казахстан у якасці апорнай пляцоўкі для нарошчвання экспарту ў рэгіён Цэнтральнай Азіі.
Па выніках 7 месяцаў 2013 года тавараабарот паміж дзвюма краінамі перасягнуў $500 млн. пры аб'ёме беларускага экспарту амаль $460 млн. Аснову паставак у Казахстан складалі машыны і механізмы для ўборкі і абмалоту, трактары і седлавыя цягачы, шыны, малако і малочныя прадукты, мэбля, грузавыя аўтамабілі, вырабы з дрэва, мяса і мясапрадукты, цукар, вырабы з пластыку, лекавыя сродкі.
Напярэдадні візіту, як ужо паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю тэлеканалу «24 KZ» агенцтва «Хабар».
«Мы з Расіяй і Казахстанам, адзначыў Прэзідэнт, у бліжэйшым будучым павінны адыграць вельмі важную ролю ў фарміраванні Еўразійскага эканамічнага саюза, такога саюза, каб ён быў выгадны ўсім. Мы тут не павінны націскаць адзін на аднаго, павінны сёння зыходзіць з таго, што мы можам зрабіць. І Еўразійскі эканамічны саюз — гэта аб'яднанне, якое мы сёння рэальна можам пабудаваць, не замахваючыся на нейкія вялікія перспектывы ў будучым», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка не сумняваецца, што Еўразійскі эканамічны саюз будзе выгадны для ўсіх краін-удзельніц. «Вельмі вялікі рынак, прыкладна 170 млн. грамадзян, за кошт унутранага рынку можна пазбегнуць некаторых катаклізмаў, якія адбываюцца ў сусветнай эканоміцы. Паглядзіце на Кітай, — сказаў беларускі лідар. — І тое, што ў нас будзе свабода перамяшчэння людзей, капіталаў, рабочай сілы, тавараў — што тут дрэннага? Роўныя ўмовы гаспадарання. Для эканомікі гэта вельмі важна». «Для лю-
дзей, для эканомікі асабліва, для фінансаў — вельмі выгадна тое, што мы зрабілі, і тое, што мы цяпер робім», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
«Праўда, некаторыя з палітыкаў, асабліва ў Расіі, прывыклі падкідваць у парадак дня тое, што сёння нерэальна. Дапусцім, усе крычаць аб нейкай уніфікацыі, у тым ліку ў сферы палітычнай. Але мы ствараем эканамічны саюз», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«Некаторыя прывыклі падкідваць гэтыя пытанні: а вось, мы заўтра на адзіную валюту пяройдзем. Мы не абмяркоўвалі гэта, — сказаў Прэзідэнт Беларусі. — Мы не прыйшлі да такой неабходнасці, не гатовы для гэтага».
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ходзяць размовы і аб стварэнні нейкай палітычнай надбудовы. Кіраўнік беларускай дзяржавы заўважыў, што наднацыянальныя структуры, супраць якіх выступае хаця б адна з краін «тройкі», стварацца не будуць.
Прэзідэнт назваў абсалютна няправільным меркаванне аб тым, што інтэграцыя ў рамках Мытнага саюза трох краін з'яўляецца адраджэннем СССР. Паводле яго слоў, лідары трох дзяржаў шкадуюць аб распадзе СССР, аднак вяртання да старога няма.
«Мы зусім іншыя, зусім іншая сітуацыя ў свеце, нам трэба ісці наперад, ствараючы інтэграцыйныя аб'яднанні, таму што ўвесь свет інтэгруецца. У розных частках планеты нас ужо абагналі краіны ў сваім аб'яднанні ў саюзы. Таму мы сёння ў гэтых інтэграцыйных працэсах адстаём», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
«Але вяртацца да старога ні ў кога няма жадання, і гэта немагчыма. Таму палохаць тым, што хтосьці хоча вярнуцца ў Савецкі Саюз, — гэта, напэўна, сёння неразумна. Мы ствараем сучасныя формы інтэграцыі, якія не напружваюць ні знешні свет, ні ўнутры нашы народы. Людзі хочуць жыць у суверэнных, незалежных дзяржавах», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«СССР з'яўляўся процівагай, забяспечваў шматпалярнасць у свеце. Цяпер мы ўсе шукаем гэту шматпалярнасць. Але яе цяпер забяспечыць вельмі складана. Таму і ачагі напружанасці, таму адна краіна, закасаўшы рукавы, без згоды ААН гатова наносіць удары і г. д. Няма процівагі», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/aficyyna
[3] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[4] https://zviazda.by/be/tags/belta
[5] https://zviazda.by/be/tags/kazahstan
[6] https://zviazda.by/be/tags/euraziyski-ekanamichny-sayuz
[7] https://zviazda.by/be/tags/nursultana-nazarbaeu