Праходзіць ён будзе з 8 па 10 кастрычніка ў Мінску. «Павялічваецца значэнне транспартнай лагістыкі, чыгункі, таму мерапрыемства прымае больш шырокі фармат. Беларускі транспартна-лагістычны форум, які мы праводзілі на працягу шасці гадоў, зараз пераўтвораны ў Беларускі транспартны тыдзень. Для нашай краіны гэта асабліва важна, бо Беларусь знаходзіцца ў цэнтры транспартнай сеткі», — адзначае начальнік упраўлення каардынацыі транспартных сістэм, ліцэнзавання і лагістыкі Міністэрства транспарту і камунікацый Павел БАЖАНАЎ.
Адным з галоўных мерапрыемстваў стане Беларускі транспартна-лагістычны кангрэс, на якім будуць абмяркоўваць перспектывы развіцця міжнародных транспартных калідораў праз тэрыторыю Беларусі, развіццё лагістычнай інфраструктуры і рынку лагістычных паслуг.
Адбудуцца шматлікія семінары і канферэнцыі, падчас якіх удзельнікі разгледзяць пытанні развіцця мультымадальных перавозак, выкарыстоўвання інфармацыйных і навігацыйных тэхналогій для павышэння якасці лагістычных і транспартных паслуг. На спецыялізаваным семінары прадставяць вынікі міжнароднага праекта «Лагістыка бурштынавага ўзбярэжжа», у якім прымалі ўдзел
19 арганізацый з Германіі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Даніі і Беларусі.
На канферэнцыі Беларускага саюза транспартнікаў у форме дыскусіі абмяркуюць праблемы развіцця грамадскага транспарту.
Упершыню ў Беларусі будзе праведзены міжнародны чыгуначны лагістычны бізнес-форум «Стратэгічнае партнёрства 1520: Цэнтральная і Усходняя Еўропа», генеральным партнёрам якога з'яўляецца адкрытае акцыянернае таварыства «Расійская чыгунка». «Асноўная тэма форуму — развіццё транзіту на бліжэйшую перспектыву, — паведаміў начальнік службы знешніх сувязяў Беларускай чыгункі Аляксандр СЕРГІЕНКА. — Удзельнікі сустрэчы — гэта кіраўнікі найбуйнейшых чыгуначных кампаній свету. Таксама для сумесных перамоў мы чакаем прадстаўнікоў міжнародных транспартных арганізацый». Напрыклад, Расійская Федэрацыя і Казахстан вельмі зацікаўлены ў стварэнні кантэйнернага бізнесу разам з нашай краінай. Удзельнікі форуму ацэняць сітуацыю ў Беларусі і яе здольнасць стаць часткай такога бізнесу. Каля 90% усіх чыгуначных перавозак Беларусь ажыццяўляе з Расіяй. Наша краіна знаходзіцца на стыку дзвюх транспартных сістэм. «Партнёры будуць вывучаць нашае транспартнае права. Адна з галоўных задач форуму — абмеркаваць магчымасць стварэння агульнага транспартнага права», — дадаў Аляксандр Сергіенка.
Праграма тыдня таксама прадугледжвае правядзенне Міжнародных спецыялізаваных выстаў «Транспарт і лагістыка» і «Лагістычны інжынерынг». Іх удзельнікі прадэманструюць сучасныя транспартныя сістэмы і абсталяванне для іх, тэхналогіі і тэхніку для праектавання, будаўніцтва, рамонту і абслугоўвання разнастайных відаў транспартных камунікацый, паслугі па перавозцы грузаў і пасажыраў.
Па ініцыятыве Навукова-тэхналагічнай асацыяцыі «Інфапарк» адбудзецца міжнародная канферэнцыя-выстава «Электронныя паслугі і інфармацыйныя сістэмы для транспарту і лагістыкі — «ІТ2ТL-2013». «Яна стане працоўнай пляцоўкай, якая аб'яднае тых, хто прапаноўвае, і тых, каму патрэбны інфармацыйныя тэхналогіі. Мы абмяркуем, як транспартным і лагістычным кампаніям павысіць эфектыўнасць працы сваіх прадпрыемстваў», — паведаміў аб планах Уладзімір БАСЬКО, генеральны дырэктар асацыяцыі «Інфапарк».
Цікавасць да форуму расце. Аб гэтым сведчаць лічбы. Калі летась было каля 100 удзельнікаў з 9 краін, то сёння прадэманстраваць свае дасягненні прыедуць больш за 120 кампаній з 15 краін.
Вераніка ЦВІРКО.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[4] https://zviazda.by/be/tags/veranika-cvirko
[5] https://zviazda.by/be/tags/pavel-bazhanau
[6] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-transpartny-tydzen