На Віцебшчыне пабывалі члены групы, створанай па даручэнні кіраўніка дзяржавы для вывучэння праблемных пытанняў будаўнічай галіны і выпрацоўкі канкрэтных мер па іх вырашэнні. Яны наведалі даўгабуды ў Талачыне, Оршы, Віцебску і Наваполацку.
Заробак будаўнікоў — да 12 мільёнаў
У Талачыне ў жылым доме, які планавалі здаць «пад ключ» у верасні, павінны справіць наваселле 48 сямей. Сярод усіх кватэр тры — так званыя сацыяльныя, а гаспадарамі астатніх стануць тыя, хто «крэдытуецца на льготных умовах». Чаму дом не пабудаваны поўнасцю і своечасова? — гэтае канкрэтнае пытанне задалі «рэвізоры» прадстаўнікам райвыканкама, заказчыкам будаўніцтва і генеральным падрадчыкам. Высветлілася, што дом пачалі будаваць яшчэ ў маі 2011. Спачатку тут працавала мясцовая дзяржаўная будаўнічая арганізацыя (ПМК. — Аўт.), якая спыніла існаванне. Аб'ект быў перададзены для завяршэння таксама мясцоваму, але ўжо недзяржаўнаму — вытворчаму ўнітарнаму прыватнаму прадпрыемству.
— Былі і застаюцца праблемы з фінансаваннем. Больш за 1 мільярд рублёў складае доўг за нашу працу. Аплата ідзе з вялікім адставаннем. Калі б нам пералічылі ўсё, што патрабуецца, безумоўна, здалі б дом своечасова, нават раней, чым запланавана, — расказвае Васіль Федаровіч, галоўны інжынер прадпрыемства «Друць».
Паводле яго слоў, рабочых і тэхнікі хапае. Акрамя жылля, арганізацыя будуе аб'екты сельскагаспадарчага прызначэння. Дэфіцыту кадраў няма. І гэта зразумела, калі заробак кваліфікаваных рабочых — ад 5 да 12 мільёнаў рублёў (столькі заплацілі тым, хто займаўся насцілам даху. — Аўт.).
— Вось сёння некалькі чалавек прасіліся ў наш калектыў. Наогул працаўладкавацца ў райцэнтры цяжка. Ды і хто зможа столькі плаціць? Мы бяром толькі тых, хто можа працаваць за траіх. І рабочыя з задавальненнем выходзяць на працу па выхадных, нават просяць: маўляў, толькі дайце што рабіць — выканаем. Пры гэтым да якасці ніякіх прэтэнзій. Так, ёсць у нас і некаторыя з тых, хто прыехаў з Расіі. Такіх бяром, калі ёсць у іх паслугах патрэба, — працягвае будаўнік.
Па выніках імправізаванага «пасяджэння» ў адной з кватэр дома было вырашана, што яго абавязкова поўнасцю «давядуць да розуму» ўжо ў гэтым месяцы.
Членаў рабочай групы здзівіла, што, згодна з праектам, на першым паверсе на лоджыях устаноўлены рашоткі, дзверы пры ўваходзе ў кватэры — металічныя, а падлогі — драўляныя. І ўся гэтая «круцізна» на кошце квадратнага метра практычна не адбілася, бо праект тыпавы. Наконт тых жа металічных дзвярэй і іншага — улічылі пажаданні будучых навасёлаў. «Квадрат», паводле слоў кіраўніка КУП упраўлення капітальнага будаўніцтва райвыканкама, каштуе каля 6,1 мільёна рублёў.
У Оршы члены групы наведалі дом, які будуе льнокамбінат для сваіх працаўнікоў. «Няма фінансавання» — тая ж прычына даўгабуду. Віцебскай фірме, якая ўзвяла «каробку» дома, запазычылі па розных ацэнках ад 2 да 3 мільярдаў рублёў. Увод у эксплуатацыю дома вышынёй у 8-10 паверхаў таксама планаваўся на верасень, а ўзводзіць яго пачалі летась у сакавіку.
Паводле слоў прадстаўніка заказчыка будаўніцтва — прадпрыемства «Аршанскі льнокамбінат», для завяршэння ўсіх работ трэба яшчэ 28 мільярдаў рублёў, а выдаткавалі каля 26 мільярдаў. Зразумела, дом на 90 кватэр, з фірменнай крамай на першым паверсе, будзе дабудаваны, калі прадпрыемства знойдзе грошы... А пакуль што каля дома на вуліцы Савецкая прастойвае вежавы кран, рабочых на аб'екце няма.
Эксперыментальны «цёплы» дом
У Віцебску члены групы наведалі два дамы. Першы — на 188 кватэр у новым спальным раёне на ўскраіне абласнога цэнтра. Зараз тут працуюць 300 чалавек у дзве змены. Так, здаць своечасова дом не паспелі, але ўжо хутка будаўнікі адсюль сыдуць. Квадратны метр для тых, хто атрымаў ільготныя крэдыты, каштуе 6,8 мільёна рублёў.
Наступны 5-павярховы мансардны 60 кватэрны дом — унікальны: апалубка пасля выканання бетонных работ застаецца ўнутры. Гэта, безумоўна, адбіваецца на цане будаўніцтва. Але, як патлумачылі спецыялісты, будынак захоўвае больш цяпла. Эксперыментальны — першы ў вобласці такі дом — будуе прыватная фірма. Кватэру тут можна купіць па рыначнай цане. Чаму дом яшчэ не заселены? Тым больш што знаходзіцца ў вельмі прывабным месцы: побач садок, дзіцячая паліклініка, недалёка галоўная плошча горада. Як растлумачыў прадстаўнік заказчыка-падрадчыка будаўніцтва, каб усё дарабіць, нядаўна ўзялі крэдыт.
І ў кастрычніку «кроў з носу, а дом будзе здадзены «пад ключ». Цікава, што, нягледзячы на элітнасць, «квадрат» каштуе менш за 1,2 тысячы долараў.
Аляксандр Сонцаў, намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства «Галоўдзяржбудэкспертыза», член рабочай групы, якая адсочвае стан спраў па жыллёвых даўгабудах у Віцебскай вобласці, адказваючы на пытанні карэспандэнта «Звязды», адзначыў, што ў мінулы раз маніторынг праблемных дамоў праводзіўся ў жніўні. Чарговая «праверка» зроблена, каб высветліць, што змянілася, вызначыць на месцы з удзелам усіх зацікаўленых бакоў канкрэтныя тэрміны завяршэння даўгабуду.
— Наведваем аб'екты, якія не ўпісаліся ў графік здачы. Гэта кантрольная праверка, — сказаў ён. — Будзем і надалей сачыць за выкананнем абавязацельстваў па ўводзе жылля. Праблемы Віцебскай вобласці ў гэтым пытанні асабліва не адрозніваюцца ад тыповых па краіне: няма фінансавання, затрымкі крэдытавання...
Па апошняй інфармацыі, у Прыдзвінскім краі засталіся 23 жыллёвыя даўгабуды.
Аляксандр ПУКШАНСКІ. Фота аўтара.
Талачын — Орша — Віцебск.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zhyllyo-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/vicebshchyna
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyo
[6] https://zviazda.by/be/tags/vasil-fedarovich
[7] https://zviazda.by/be/tags/pradpryemstva-druc
[8] https://zviazda.by/be/tags/pradpryemstva-arshanski-lnokambinat
[9] https://zviazda.by/be/tags/budaunictva-zhyllya