ТЭЛЕФОН ДАРАЖЭЙШЫ ЗА ЖЫЦЦЁ?
53-гадовы жыхар вёскі Раманавічы, калі выцягваў вядро са звычайнага вясковага калодзежа, выпадкова ўпусціў туды мабільны тэлефон.
Мужчына вырашыў самастойна дастаць гаджэт і па металічным ланцугу спусціўся на глыбіню каля 20 метраў. Дарэчы, узровень вады ў калодзежы складаў усяго 20 сантыметраў.
Выбрацца назад аналагічным чынам аказалася не так проста. Выратавальнікі пры дапамозе альпінісцкага рыштунку дасталі мужчыну з калодзежа і перадалі брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі, нягледзячы на супраціўленне грамадзяніна. Фізічных траўмаў у вяскоўца не знойдзена.
Ірына АСТАШКЕВІЧ. Фота МНС.
ПАСВЯЦІЛІ Ў КАДЭТЫ
У Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы, што ў Слуцку, адбылося «Пасвячэнне ў кадэты». Падчас мерапрыемства навічкі, якія сёлета прыняты на вучобу, далі ўрачыстую клятву кадэта ў прысутнасці равеснікаў, старэйшых таварышаў, педагогаў і бацькоў.
Першыя пагоны ім уручылі ветэраны Узброеных Сіл, кіраўнікі абласных і раённых аддзелаў сілавых ведамстваў.
Сёлета кадэцкая сям'я папоўнілася 72-а новымі навучэнцамі, сярод якіх 11 — сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. Сёння ў навучальнай установе 225 выхаванцаў, у тым ліку 38 дзяўчат. Сёлета з вучылішча выйшла 46 выпускнікоў, 19 з іх працягваюць навучанне ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў, Інстытуце пагранічнай службы. Шэсць чалавек атрымліваюць адукацыю ў грамадзянскіх вышэйшых навучальных установах, 18 — у сярэдніх спецыяльных, 3 праходзяць службу ў органах Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.
«ПЕРАХОДЗЯЧАЯ» КВАТЭРА
28-гадовая мінчанка здала ў наём на працяглы тэрмін трохпакаёвую кватэру на вуліцы Каменнагорскай. Прычым як мінімум... чатыры разы.
Напачатку, як вынікае з інфармацыі Фрунзенскага РУУС г. Мінска, кватэра была здадзена адной з будаўнічых арганізацый і там ужо пражывалі чацвёра іншагародніх спецыялістаў. Гаспадыня квадратных метраў, высветліўшы, што ў дзённы час законныя жыльцы, як правіла, знаходзяцца на працы, пачала запрашаць... новых кватэраздымшчыкаў. Называлася даволі ўмераная цана, а патэнцыяльным жыльцам прапаноўвалася ўнесці перадаплату ў памеры ад 250 да 600 долараў. Пры гэтым дзяўчына абяцала, што жыллё вызваляць праз тыдзень-другі. Але калі надыходзіў прызначаны час, звязацца з гаспадыняй чамусьці станавілася праблематычна. Яна або пераносіла тэрміны, або ўвогуле не адказвала на званкі. Праўда, аднаму настойліваму кліенту гаспадыня кватэры ўсё ж дала ключы, якія... не падышлі да замка. Зараз у міліцыю з заявамі звярнуліся ўжо чацвёра падманутых. Ёсць падставы меркаваць, што стала вядома яшчэ не пра ўсе «подзвігі» падазронай.
Сяргей РАСОЛЬКА.
ЗАВІС НАД ПРЫПЯЦЦЮ
Увечары недалёка ад Мазыра па мосце рухаўся
«МАЗ-5551», нагружаны кукурузай.
У прэс-службе Гомельскага ўпраўлення ДАІ паведамілі, што раптам машыну павяло і яна прабіла каля 20 метраў сталёвага адбойніка, потым металічную агароджу і спынілася на самым краі моста. 37-гадовы кіроўца сам выбраўся з машыны, а «МАЗ» давялося адводзіць ад бездані выратавальнікам. Супрацоўнікі Мазырскага аддзела па надзвычайных сітуацыях пры дапамозе пад'ёмнага крана перамясцілі грузавы аўтамабіль, які належыць аднаму з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, на дарожную паласу і адбуксіравалі ў бяспечнае месца. Па папярэдняй версіі, прычынай інцыдэнту стала тэхнічная няспраўнасць аўтамабіля — а дакладней, адмова рулявога кіравання.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
УГНАЎ, АДСЯДЗЕЎ, ВЫЙШАЎ, УГНАЎ...
Супрацоўнікі Партызанскага РУУС сталіцы затрымалі за ўгон «Мерседэса» 21-гадовага мінчаніна, які на днях вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, дзе адбываў пакаранне за аналагічнае злачынства.
— Увечары наш герой святкаваў з прыяцелямі сваё «вызваленне». Вечарыну вырашылі скончыць шпацырам. На вуліцы Ваўпшасава кампаніі на вочы патрапіў прыпаркаваны «Мерседэс». Нядаўні зняволены вырашыў прадэманстраваць свае «навыкі»: пакорпаўшыся хвілін 15, ён правярнуў адзін з дзвярных замкоў легкавіка. Неўзабаве кампанія прадоўжыла прагулку па горадзе — толькі ўжо на колах, — расказала прэс-афіцэр Партызанскага РУУС г. Мінска Ганна Чыж-Літаш. — Занадта рэзкая манера кіравання аўтамабілем прыцягнула ўвагу супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі. Цягам некалькіх хвілін міліцыянеры праследавалі падазроны «Мерседэс». Аднак пасля чарговага рэзкага манеўру машына спынілася, а маладыя людзі, што былі ў салоне, кінуліся бегчы. Іх дагналі ўжо ў суседнім двары.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/infarmbyuro