Лепш за ўсё мы вучымся і запамінаем у дзяцінстве. Калі ўжо мы хочам, каб наша насельніцтва было фінансава адукаваным, то пачынаць трэба менавіта з дзяцей. Пра новы від аплатных картак — для дзяцей — расказвае Алена Лагуніна, начальнік аддзела арганізацыі працы Разліковага цэнтра пластыкавых картак Беларусбанка.
"Дзеці заўсёды імкнуцца пераймаць паводзіны дарослых і ў ліку першых асвойваюць новыя тэхналогіі. Не выключэнне і аплатныя карткі, якія не так даўно пачалі прапаноўваць фінансава-крэдытныя ўстановы нашай краіны, — кажа спецыяліст. — Дзіцячыя карткі афармляюцца, як правіла, да рахунку бацькоў. Функцыянальнасць дзіцячай карткі часта дазваляе выкарыстоўваць яе для зняцця наяўных грошай (калі на такую ??аперацыю не ўстаноўлена забарона бацькамі і банкам), правядзення пакупак, выкарыстання інфакіёскаў, мабільнага банкінгу".
Калі казаць пра Беларусбанк, то, па словах Алены Лагунінай, тут дзіцячую картку можна аформіць дзіцяці ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў у якасці дадатковай да рахунку аднаго з бацькоў або іншых паўналетніх асоб (напрыклад, бабулі, цёткі і інш.). Картка можа быць прывязана да рахунку, які ў вас ужо створаны ў банку (напрыклад, на які пералічваецца зарплата, пенсія), альбо да новага рахунку, на які спецыяльна будуць уносіцца сумы, прадугледжаныя для выкарыстання дзіцём.
Натуральна, дарослыя хочуць мець магчымасць кантраляваць выдаткаванне грашовых сродкаў. "Таму ўладальнік рахунку можа ўсталяваць ліміт на суму аперацый па дзіцячай картцы (за дзень або пэўны перыяд), — паведамляе спецыяліст банка. — Акрамя гэтага, уладальнік рахунку падключаецца да паслугі "СМС-апавяшчэнне", і пасля любой расходнай аперацыі па "Дзіцячай" картцы на мабільны тэлефон прыходзіць паведамленне аб тым, колькі грошай выдаткавана".
Аперацыі па картцы дзіцяці больш "празрыстыя" для бацькоў, чым аплата за наяўныя грошы, бо можна лёгка кантраляваць выдаткі свайго сына ці дачкі. У любы момант можна запытаць выпіску па рахунку, у якой змешчана гісторыя ўсіх аперацый па картках, аформленых да рахунку. Па выпісцы можна ўбачыць дату здзяйснення аперацыі, месца, яе суму, а таксама суму магчымых камісій за зняцце наяўных грошай. Атрымаць выпіску па рахунку можна па асабістым звароце ў банк з прад'яўленнем дакумента, які сведчыць асобу, (пашпарта) або па электроннай пошце. Па выніках месяца можна разабраць разам з дзіцем, якія выдаткі былі апраўданымі, а без якіх можна было і абысціся, што навучыць дзіця лепш кантраляваць выдаткі.
"На карысць дзіцячай карткі кажа і іх вялікая бяспека ў параўнанні з наяўнымі грашыма, страта якіх практычна заўсёды з'яўляецца беззваротнай. Калі ж дзіця згубіць картку, грошы ўсё роўна знаходзяцца ў бяспецы на рахунку. Галоўнае — аператыўна заблакіраваць картку па званку ў кругласутачную сэрвісную службу з наступным прадстаўленнем у пісьмовай форме заявы ва ўстанову банка. Такая картка можа стаць не толькі цікавым, але і карысным падарункам дзіцяці, бо дасць магчымасць навучыць яго разумна выкарыстоўваць грашовыя сродкі, закласці асновы ведаў аб фінансавых паслугах і падрыхтаваць да разумнай самастойнасці ў дарослым жыцці", — упэўнена Алена Лагуніна.
***
Чакаем вашых пытанняў пра карыстанне грашыма і ўсё, што з гэтым звязана. Вы можаце звяртацца на электронны адрас газеты іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу з пазнакай "для аддзела эканомікі" ці па тэлефоне 8 017 292 38 02.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika