Нагадаю, што з першых дзён жніўня ў Беларусі стартавала камерцыйная эксплуатацыя электроннай сістэмы BelToll, з дапамогай якой здзяйсняецца спагнанне платы за праезд па некаторых дарогах краіны. У першыя дні дзеяння новага праекта не ўсе кіроўцы транспартных сродкаў сур'ёзна падрыхтаваліся да электроннага новаўвядзення як тэхнічна, так і арганізацыйна. Тады колькасць розных парушэнняў у сістэме дасягала 2,5-3 тысяч выпадкаў у суткі. Цяпер гэтая сітуацыя істотна змянілася і практычна стабілізавалася.
1384487069782_1
Парушэнні на ўзроўні 1%
— Колькасць парушэнняў у сістэме BelToll з пачатку эксплуатацыі складае менш за 1% ад усіх транзакцый, якія праходзяць у сістэме і рэгіструюцца ёй, — расказвае менеджар па маркетынгу і сувязях з грамадскасцю кампаніі-аператара сістэмы BelToll акцыянернага таварыства «Капш Тэлематыка Сэрвісіз» Сяргей Буры. — У лістападзе фіксуецца максімум 600 парушэнняў у суткі, а вось абсалютная большасць транзакцый праходзіць у штатным рэжыме, адзначаюць прадстаўнікі кампаніі-аператара. Кіраўніцтва кампаніі гарантуе, што неабгрунтаваных налічэнняў аплаты ў павялічаным памеры не адбываецца. Усе без выключэння падазроныя выпадкі разглядаюцца ў індывідуальным парадку і праходзяць шматступенную сістэму праверкі. Толькі пасля таго, як у спецыялістаў не застаецца сумневаў у факце парушэння, інфармацыя перадаецца ў транспартную інспекцыю.
Часта да парушэнняў прыводзіць невыкананне карыстальнікам патрабаванняў да ўстаноўкі бартавых прылад на транспартным сродку, хоць гэтыя патрабаванні прапісаны ў інструкцыях карыстальнікаў. Да парушэнняў прыводзіць няўважлівасць да гукавых і светлавых сігналаў, якія выдаюць прылады падчас руху па платных дарогах, невыкананне карыстальнікам умоў дагавора аб карыстанні сеткай платных дарог. Як дадаў Сяргей Буры, у выключных выпадках парушэнні могуць быць абумоўлены збоямі ў працы сістэмы BelToll, што было зафіксавана толькі некалькі разоў за ўвесь тэрмін эксплуатацыі.
Большасць парушальнікаў — рэзідэнты краіны
На 12 лістапада, адпаведнымі службамі было складзена каля 56 тысяч актаў аб парушэннях платы за праезд па аўтадарогах Беларусі. Намеснік начальніка Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Аляксей Куцаеў паведаміў, што рэзідэнтам Беларусі за гэты час было адпраўлена каля 35 тысяч актаў з патрабаваннем унясення платы. У дачыненні да нерэзідэнтаў складзена прыкладна 21 тысяча актаў. Гэта парушэнні, па якіх былі прыняты пэўныя меры. Рэзідэнтам накіравана патрабаванне аб унясенні платы ў павялічаным памеры. Нерэзідэнты ў большасці выпадкаў ужо ажыццявілі аплату, бо ў іх ёсць права аплаты на месцы. Трэба адзначыць, што кожны ліст для рэзідэнтаў фіксуе асобнае парушэнне. Пры гэтым у акце для нерэзідэнтаў можа змяшчацца як адно, так і ўсе парушэнні, якія былі выяўлены па пэўным транспартным сродку.
Асобна Аляксей Куцаеў адзначыў, што тэрмін складання акта, у адрозненне ад адміністрацыйнага працэсу, не прадугледжаны. Ён рэгулюецца грамадзянскім заканадаўствам, калі парушальніка штраф можа «шукаць» мінімум тры гады. Інспекцыя мае права вылучыць патрабаванне ўнесці аплату ў павялічаным памеры ў гэты перыяд. На першым этапе запуску і функцыянавання сістэмы ў суткі выяўлялася 2,5-3 тыс. парушэнняў. Таму тэхнічнай і фізічнай магчымасці тады для аператыўнага афармлення падобнай дакументацыі не было. Цяпер спецыялісты інспекцыі могуць апрацоўваць і адпраўляць 1,3 тысячы падобных лістоў у дзень. А вось да канца лістапада плануецца скараціць час апрацоўкі даных і напраўлення апавяшчэння на ўнясенне платы ў павялічаным памеры, да аднаго дня. Разам з тым, Аляксей Куцаеў падкрэсліў, што, робячы такія прагнозы, варта ўлічваць мноства фактараў, у тым ліку і колькасць зафіксаваных парушэнняў.
1384487073681_2
Незаконны штраф адменяць, а грошы вернуць
— Да 1 лістапада кампанія сістэмы атрымала каля 3,6 тысячы прэтэнзій у дачыненні да збірання платы ў павялічаным памеры. Колькасць прэтэнзій у лістападзе пайшла на спад, — паведаміў намеснік старшыні Дырэкцыі па камерцыйнай эксплуатацыі кампаніі-аператара сістэмы BelToll Дзмітрый Мазанік. Прыкладна 80% парушэнняў кіроўцамі парадку аплаты за праезд былі пацверджаны на тэхнічным узроўні. А ў 20% выпадкаў, калі парушэнне аплаты праезду адбылося з-за тэхнічнага збою ў сістэме, у Транспартную інспекцыю накіроўвалася экспертнае заключэнне, на падставе якога інспекцыя можа адмяняць штрафы ці вярнуць грошы. Ужо цяпер кіроўцам вернута больш за 20 тысяч еўра.
У цэлым ад рэзідэнтаў і нерэзідэнтаў у бюджэт ужо паступіла каля 4 млн еўра ў якасці платы за праезд у павялічаным памеры. Як паведаміў намеснік начальніка Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Аляксей Куцаеў, зафіксаваны выпадкі, калі плату ў павялічаным памеры і пошліну ў памеры 50% ад гэтай платы бралі ад парушальнікаў праз суд.
Паводле слоў Дзмітрыя Мазаніка, з першых дзён эксплуатацыі сістэмы карыстальнікам выдадзена 140 тысяч бартавых прылад. Усяго, згодна з інвестдагаворам, у Беларусь завезена каля 400 тысяч прылад, і гэтай колькасці цалкам дастаткова, упэўнены спецыялісты кампаніі. Акрамя таго, работнікі сістэмы ў анлайн-рэжыме адсочваюць колькасць прылад у кожным пункце абслугоўвання кліентаў. У Беларусі на пачатак камерцыйнай эксплуатацыі BelToll было адкрыта 48 пунктаў абслугоўвання кліентаў, абсталяваны два сучасныя цэнтры апрацоўкі інфармацыі.
Распрацоўваецца праграма па дадатковым інфармаванні
— У сувязі з тым, што ў наступным годзе ў Беларусі будзе праходзіць чэмпіянат свету па хакеі, прынята рашэнне, у адпаведнасці з якім кампанія сумесна з Мінтрансам распрацоўвае праграму па дадатковым інфармаванні ўсіх катэгорый уладальнікаў транспартных сродкаў аб нюансах дзейнасці сістэмы, — паведаміў менеджар па маркетынгу і сувязях з грамадскасцю кампаніі-аператара сістэмы BelToll Сяргей Буры.
Праграма будзе ўключаць інфармаванне ў пунктах перасячэння мяжы, устаноўку стэндаў, распаўсюджванне друкаванай прадукцыі. Непасрэдна ў пунктах пропуску будзе размешчана вонкавая рэклама. Па словах Сяргея Бурага, новыя інфармацыйныя матэрыялы ў першую чаргу будуць разлічаны на турыстаў, якія прыедуць на чэмпіянат. Аднак інфармацыйная кампанія будзе працягвацца і пасля спартыўнага форуму. Усе ўстаноўленыя сродкі вонкавай рэкламы будуць намі эксплуатавацца і падтрымлівацца за кошт сродкаў аператара і інвестыцыйнага бюджэту.
Электронная сістэма збору платы за праезд BelToll заснавана на выкарыстанні тэхналогіі спецыялізаванай радыёсувязі на кароткіх адлегласцях і дазваляе спаганяць зборы з карыстальнікаў дарогі без спынення транспартных сродкаў. Яе камерцыйная эксплуатацыя пачалася ў Беларусі з 1 жніўня. Цяпер сістэма ахоплівае 815 км беларускіх дарог. Работы па пашырэнні сеткі вядуцца на ўчастках рэспубліканскіх аўтамагістраляў М4 (Мінск — Магілёў) і М5 (Мінск — Гомель).
У адпаведнасці з Указам № 426 ад 27 верасня 2012 года, ад дарожных збораў вызваляюцца транспартныя сродкі, зарэгістраваныя на тэрыторыі краін Мытнага саюза, з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай не больш за 3,5 т. Бясплатна могуць праехаць мапеды і матацыклы, зарэгістраваныя ў Беларусі, колавыя трактары і самаходныя машыны, транспартныя сродкі аператыўнага прызначэння, а таксама транспарт, што выкарыстоўваецца ў мэтах забеспячэння абароназдольнасці і правапарадку. Не трэба плаціць кіроўцам маршрутак для гарадскіх перавозак пасажыраў, аўтамабіляў, якія выкарыстоўваюцца для аказання меддапамогі, ліквідацыі надзвычайных сітуацый або перавозак грузаў гуманітарнай дапамогі насельніцтву Беларусі і іншых краін.
Уладальнікам электроннай сістэмы збору платы за праезд па аўтатрасах з'яўляецца ДУ «Белаўтастрада». Кіруе працай BelToll ў Беларусі кампанія-аператар «Капш Тэлематыка Сэрвісіз». Кантралюе спагнанне збораў на платных аўтамагістралях Транспартная інспекцыя.
Сяргей КУРКАЧ.
Да ведама
Каб сістэма збору электронных плацяжоў працавала на аўтамабілях з металізаваным лабавым шклом, на іх павінна быць ўсталявана бартавая прылада з вонкавай антэнай. У гэтым выпадку бартавая прылада і антэна ўпакаваны ў адну каробку і злучаюцца паміж сабой спецыяльным кабелем.
Плата за перамяшчэнне па беларускіх аўтамагістралях прадугледжана для любых транспартных сродкаў масай больш за 3,5 тоны, у тым ліку і цяжкіх джыпаў. Не дапускаецца пераўсталёўка бартавых прылад на іншыя транспартныя сродкі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/kiroucy
[5] https://zviazda.by/be/tags/elektronnay-sistemy-beltoll
[6] https://zviazda.by/be/tags/syargey-bury