Дні ідуць, а што мяняецца ў беларускім кіно?
Сёння ў беларускага кіно чарговы — 89-ы дзень народзінаў. 17 снежня лічыцца Днём беларускага кіно, таму што менавіта ў гэты дзень у 1924 годзе выйшла пастанова Савета Народных камісараў «Аб кінавытворчасці ў БССР». У 1994-м, калі наша краіна знаходзілася на піку эйфарыі ад уласнай незалежнасці пасля распаду СССР, было заснавана гэтае свята. Тады было заснавана шмат свят усяго беларускага. Але ніхто не ведаў, што зазнае наша кіно ў тыя ж 2000-я гады, напрыклад, калі былі закрыты ўсе прыватныя студыі.
У наступным годзе ў беларускага кіно юбілей — 90 гадоў. Сёння яму — 89. Якім за столькі часу стаў наш кінематограф?
Ён перажыў трыумфальныя ўзлёты. 1960—1970 гг. лічацца росквітам беларускага кінематографа: свая «адлігаўская» эстэтыка, экранізацыя айчыннай класікі. У 1995 годзе беларускі фільм «Праз могілкі» (1964, рэж. Віктар Тураў) увайшоў у 100 найлепшых фільмаў пра вайну па версіі ЮНЕСКА, а фільм «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979, рэж. Валерый Рубінчык) аб'ездзіў шмат сусветных кінафестываляў, атрымаўшы ў тым ліку ў 1980 годзе Гран-пры на І МКФ дэтэктыўных і таямнічых фільмаў «Містфэст» у Католіцы (Італія) і спецпрыз журы на ІV МКФ у Манрэалі (Канада).
Гэта значыць, былі часы, калі пра беларускае кіно ведалі і памяталі ў свеце, калі яно атрымлівала прэстыжныя міжнародныя ўзнагароды і нават калі яго ведаў і любіў глядач! Але, як напісаў класік, «няма таго, што раньш было». Калі быць шчырымі, то ад былой велічы мала што засталося. Хіба што велізарная машына пад назвай — Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», якая функцыянуе ўжо не так паспяхова як у камерцыйным, так і ў канцэптуальным сэнсе. Адбываюцца нейкія адзінкавыя прарывы ў выглядзе экранізацыі рэжысёрам Сяргеем Лазніцам твора Васіля Быкава «У тумане» пры ўдзеле беларускага боку і атрыманне фільмам узнагароды журы кінапрэсы ФІПРЭСІ на Канскім кінафестывалі. Але гэта, хутчэй, «цуд-удача-пашчасціла», чым мэтанакіраваная паслядоўная палітыка, якая можа прывесці да адраджэння беларускага кінематографа.
Так, сёння лічбавыя тэхналогіі, якія даюць магчымасць здымаць кіно абсалютна кожнаму, сцерлі некаторыя межы і самі па сабе стварылі канкурэнцыю галоўнаму беларускаму кінаманапалісту — «Беларусьфільму». Але чамусьці гэтыя магчымасці не далі прытоку новых імёнаў і талентаў у беларускае кіно, ніхто не «выстраліў», не заявіў пра сябе напоўніцу новым цікавым таленавітым фільмам. Дзе ён? «Дзе нашы Кустурыцы і Таранціны? — задаваў рытарычнае пытанне наш рэжысёр Андрэй Кудзіненка на кінафестывалі беларускага кіно «Бульбамуві». А сапраўды — дзе?.. Можна прыгадаць вучня Міхаіла Пташука Аляксандра Канановіча, які зняў класную дыпломную кароткаметражку «Колер кахання». Вось каму прарочылі быць беларускім Эмірам Кустурыцам! Але ці чулі мы пра Сашу яшчэ? Так! Толькі ўжо ў якасці паспяховага рэжысёра расійскіх тэлесерыялаў. А дзе астатнія «пташукоўцы»? Адзіныя вучні Майстра засталіся незапатрабаванымі ў роднай краіне. Хіба што Павел Сяцько здымае дакументальныя фільмы на студыі «Летапіс». Астатнія або працуюць на Расію, або зусім сышлі з прафесіі.
Сёння, у Дзень беларускага кіно, традыцыйна пройдзе прэс-канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры і кінастудыі «Беларусьфільм». А ўвечары ў кінатэатры «Дом кіно», дзе фармальна знаходзіцца офіс Саюза кінематаграфістаў Беларусі, адбудзецца святочнае мерапрыемства.
Альтэрнатыву гэтаму складзе прэм'ерны паказ у галерэі сучаснага мастацтва «Ў» новага фільма Андрэя Кудзіненкі, вядомага нам па стужках «Акупацыя. Містэрыі» (2004) і «Масакра» (2010), якая называецца «Hard Rеboot». І, калі меркаваць па трэйлеры, які мне давялося паглядзець у інтэрнэце, гэта будзе нешта радыкальнае.
А пакуль мы прапаноўваем вашай увазе Топ-5 найбольш цікавых і значных падзей беларускага кінематографа гэтага года. Не ўсе яны роўназначныя і адназначныя. Але, што самае неверагоднае, працэс не стаіць на месцы! У многім, вядома, дзякуючы апантаным творцам і энтузіястам. У першую чаргу сёння іх свята — дзякуй ім!
1. ХХ Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад». Юбілейны кінафестываль за апошнія гады ператварыўся проста ў сапраўдны гонар мінчан. З кожным годам фестываль становіцца ўсё больш «прасунутым», еўрапейскім і ўплывовым, заваёўвае новую аўдыторыю, набірае папулярнасць сярод сучаснай моладзі. Словам, аўдыторыя фестывалю не старэе, а гэта значыць, што кірунак абраны правільны і ў самага буйнога кінафоруму краіны ёсць будучыня. Сярод адных з самых удалых момантаў сёлетняга фестывалю — рэтраспектыва фільмаў іконы сучаснага французскага аўтарскага кіно Клер Дэні (гэта ў тым ліку сапраўды паказвае на ўзровень фестывалю— прывесці такія фільмы і такога госця!) і праект «Тузін. Немаўля», у рамках якога ў кінатэатры «Перамога» былі паказаны класічныя нямыя беларускія фільмы — «Кастусь Каліноўскі» (1927, рэж. Уладзімір Гардзін), «У агні народжаная» (1929, рэж. Уладзімір Корш-Саблін) і «Прастытутка. Забітая жыццём» (1926, рэж. Восіп Фрэліх) пад жывое музычнае суправаджэнне.
2. Рэарганізацыя Беларускага відэацэнтра ў структуру «Беларусьфільма» ў якасці студыі спецыяльных праектаў. Гэта структурнае пераўтварэнне пакуль не дало ніякага плёну. І, па шчырасці, адчуванне лёгкай няёмкасці і нават недарэчнасці так і не знікла пасля таго, як Белвідэацэнтр, які за два гады кіравання прафесійным прадзюсарам Юрыем Ігрушам ператварыўся ў паспяховае прыбытковае прадпрыемства, што з'яўлялася дзяржаўнай структурай, але працавала па прасунутай схеме сучаснага прадзюсарскага цэнтра і якасныя дакументальныя фільмы якога стабільна перамагалі на міжнародных фестывалях, аб'ядналі з нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм». З савецкіх часоў у нас засталася традыцыя далучаць да паспяховага прадпрыемства стратнае. Каб нібыта гэта стратнае «перавыхаваць». Але навошта знішчаць прадпрыемства паспяховае? Здагадак і плётак вельмі шмат, але афіцыйна ўсё так і засталося таямніцай. Навошта было знішчаць канкурэнтны асяродак (БВЦ — «Летапіс»), які толькі спрыяў удасканаленню нашай дакументалістыкі? Нягледзячы на такую вось неадназначнасць гэтай падзеі, яна з'яўляецца адной з ключавых сёлета. Ці скароціцца цяпер вытворчасць дакументальных фільмаў у Беларусі? Які лёс людзей, якіх «скарацілі» падчас рэарганізацыі? Гэтыя і многія іншыя пытанні пакуль застаюцца без адказу.
3. Віктар Аслюк экранізуе твор Максіма Гарэцкага. Адным з самых амбіцыйных кінапраектаў, якія сёння рэалізуюцца ў Беларусі, на маю думку, з'яўляецца праца над мастацкім кароткаметражным фільмам паводле твора Максіма Гарэцкага «Рускі». Па-першае, гэта па-свойму надзея для беларускага кінематографа — калі рэжысёр-дакументаліст бярэцца за мастацкі фільм, бо ёсць шмат прыкладаў, калі рэжысёры-дакументалісты ўжо ў сталым узросце станавіліся выдатнымі рэжысёрамі ігравых фільмаў. Напрыклад, Сяргей Лазніца, з якім, дарэчы, Віктар Аслюк сябруе. Па-другое, Максім Гарэцкі — гэта вельмі значная постаць для беларускай літаратуры і культуры наогул. А ў яго творах, дзейнасці і светапоглядах — шмат для разумення менталітэту беларусаў. Фільм «Рускі» пачалі здымаць у Беларускім відэацэнтры, але ў сувязі з рэарганізацыяй цяпер здымаюць на кінастудыі «Беларусьфільм». Выхад стужкі запланаваны на 2014 год.
4. 40-годдзе беларускай анімацыі. Круглая дата, якую яшчэ можна і аспрэчыць. У якасці плёткі варта ўзгадаць, што ў цырымоніі адкрыцця сёлетняга «Лістападзіка», якое было прысвечана 40-годдзю, адмовіліся ўдзельнічаць некаторыя беларускія аніматары, матываваўшы гэта тым, што 40-годдзе мінула ўжо 3-4 гады таму. Як бачыце, у беларускім кіно шмат разыходжанняў у датах. Тым не менш не ганарыцца беларускімі мультфільмамі нельга. Гэта сапраўды ўнікальная штучная ручная аўтарская анімацыя, якой, па сутнасці, можа пазайздросціць нават канвеерны Галівуд. Што-што, а школа дакументальнага і анімацыйнага кіно ў нас захавалася. У адрозненне ад мастацкага. Радуе, што як у «дакументалцы», так і ў анімацыі захавалася пераемнасць. Вядучыя беларускія аніматары вядуць свае курсы ў Акадэміі мастацтваў. Так, выдатныя вынікі паказваюць выпускнікі мінулага года з майстэрні Алены Пяткевіч і Міхаіла Тумелі. Напрыклад, малады рэжысёр-аніматар Марыя Матусевіч, чый дыпломны мультфільм «Фокус» атрымаў Гран-пры кінафестывалю «Бульбамуві». Яе мультфільм — самабытная лялечная пакадравая анімацыя — пачынае ўжо ўдзельнічаць і перамагаць у іншых міжнародных фестывалях. Шчыра хочацца верыць, што Марыя будзе запатрабавана на радзіме і ёй не прыйдзецца працаваць у іншых краінах, бо яна зможа рэалізавацца ў Беларусі. І не ў рэкламе якой-небудзь, а менавіта ў анімацыі. Днямі на вечарыне ў кінатэатры «Перамога», прысвечанай беларускай анімацыі, дырэктар «Беларусьфільма» Алег Сільвановіч заўважыў, што сёлета студыю анімацыйных фільмаў кінастудыі папоўнілі 6 маладых творцаў. Усяго там працуе 28 рэжысёраў-аніматараў, сярод якіх Уладзімір Воўчак, Аляксандр Ленкін, Ірына Кадзюкова, Уладзімір Пяткевіч, Таццяна Кубліцкая ды іншыя. За 40-гадовае існаванне беларускай анімацыі былі створаны 172 фільмы. Цяпер у год «Беларусьфільм» робіць да 10 анімацыйных стужак.
5. Фільм Канстанціна Лапушанскага «Роля». Гэты фільм пецярбургскага рэжысёра, вучня Андрэя Таркоўскага, стаў працягам лініі таго, што супрадукцыя ў сучасным кінематографе — гэта не проста добра, а ўжо нармальна. У сэнсе — у парадку рэчаў. «Роля» створана пры ўдзеле кінастудый «Беларусьфільм» і «Ленфільм» і шэрагу кінакампаній з Германіі, Расіі, Фінляндыі. Гэта густоўнае, старамоднае (у добрым сэнсе) кіно паказала, што знайсці грошы на кінавытворчасць сёння — рэальна. Калі падключаць некалькі крыніц фінансавання. Гэта, дарэчы, сцвердзіў і міжнародны кароткаметражны кінапраект пра халакост «Туфлікі», зроблены яшчэ на Беларускім відэацэнтры. А каб яшчэ Беларусь падпісала дакумент аб супрацоўніцтве з Еurіmаgеs (Еўрапейскі фонд падтрымкі кіно), пра што размовы ідуць ужо некалькі гадоў, то б многае ў беларускай кінавытворчасці выгадна спрасцілася. Магчыма, нават паспрыяла прытоку ў наша кіно большых грошай і стымулявала актывізавацца маладых рэжысёраў. На якіх, як і раней, уся надзея.
Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura-0
[2] https://zviazda.by/be/kino
[3] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/kino