Так ужо склалася, што сярэднестатыстычны сучасны беларус пра жыццё ў Заходняй Беларусі ведае нямнога. Зразумела, у міжваеннай Рэчы Паспалітай жылося няпроста, аднак карціна таго жыцця не зводзіцца цалкам да палітычных і нацыянальных рэпрэсій. Большасць людзей цяжка працавала, спрабавала зарабіць нейкую лішнюю залатоўку, набыць патрэбнае для дзяцей, паглядзець новае кіно, патанцаваць пасля цяжкой працы. Бо жыццё ў сваёй аснове заўжды аднолькавае — каму-каму, а Кухмістру гэта бачна лепш за іншых.
Дык вось, жылі неяк нашы людзі і пры Пілсудскім. Большасць, сапраўды, нялёгка. Гаспадарка цяжка аднаўлялася пасля ваеннай разрухі. З аднаго боку — Савецкі Саюз, з другога — Захад, які зладзіў амаль што эканамічную блакаду. А калі ў канцы 1920‑х надышла Вялікая дэпрэсія, зрабілася зусім цяжка. Экспартаваць адноўленая дзяржава магла мала што. Напрыклад, цукар. Вось яго і спрабавалі прадаваць за мяжу, каб неяк звесці канцы з канцамі. Але заходнія капіталісты людзі жорсткія, асабліва ў цяжкія часы. Дык яны так збілі цэны на той цукар, так выкруцілі рукі экспарцёрам, што польскі цукар, у тым ліку і выраблены з беларускіх буракоў, прадаваўся ў Англіі за 17 тагачасных польскіх грошаў за кілаграм, хаця на радзіме каштаваў ажно 1 злоты 55 грошаў. Бо высокія былі акцызы на цукар, якія давалі польскай дзяржаве больш грошай, чым каштавала будаўніцтва ўсіх дарог. І за гэтыя ж грошы аплачваўся дэмпінгавы экспарт цукру на Захад. Кажуць, што кемлівыя англійскія фермеры пачалі нават карміць польскім цукрам… свінняў, так што нават гэта збіла цэны на англійскі бекон і яшчэ больш ускладніла эканамічнае становішча Польшчы, якая таксама той бекон экспартавала. Такія вось эканамічныя парадоксы. Так, часам «эфектыўныя менеджары» дураць саміх сябе і сваю краіну.
Але нічога лепшага прыдумаць не змаглі, як наладзіць масіраваную рэкламу цукру дома. І даручылі вядомаму публіцысту (а па сумяшчальніцтве — капірайтару) Мельхіёру Ваньковічу вынайсці магічную формулу, якая прымусіла б спажыўца купляць больш цукру.
Мельхіёр Ваньковіч, трэба адзначыць, наш зямляк. На жаль, дагэтуль на Беларусі амаль невядомы. Ён нарадзіўся 10 студзеня 1892 года ў маёнтку Калюжыцы (сучасны Бярэзінскі раён), у тым самым маёнтку і той самай сям'і, дзе стагоддзем раней нарадзіўся вядомы мінскі мастак Валентый Ваньковіч. Яшчэ да Другой сусветнай вайны Мельхіёр Ваньковіч праславіўся як «кароль польскага рэпартажу», а яго праца ваеннага карэспандэнта пры арміі генерала Андэрса яшчэ больш узмацніла гэтую славу. Ваньковіч пражыў доўгае, нялёгкае і слаўнае жыццё (памёр у 1974 годзе), у якім знайшлося месца і эмігранцкім бадзянням, і зняволенню ў ПНРаўскай турме за незалежную інтэлектуальную пазіцыю. Дарэчы, незадоўга да смерці ён стварыў яшчэ адзін «хітовы» рэкламны слоган, для авіякампаніі LОT: «LОTам — бліжэй». Яго кнігі «Шчанячыя гады», «Аповесць пра бітву за Монтэ-Касіна», «Зёлкі на кратары», «Туды-сюды», у якіх шмат месца адведзена і страчаным рэаліям Беларусі, зрабіліся класікай польскай літаратуры ХХ стагоддзя і ў значнай ступені «расцяганы» на цытаты — мудрыя, часам прыкрыя і саркастычныя.
Дык вось, у 1931 годзе для цукровых заводчыкаў ён стварыў рэкламны слоган усяго з двух слоў: «Сukіеr krzері!» (Цукар мацуе). Была праведзена маштабная рэкламная кампанія ў прэсе, праз постары ў крамах і іншае, якая заклікала купляць больш цукру, бо ён быццам бы карысны для здароўя, асабліва для дзетак. І косці ад яго нібы мацнеюць і растуць хутчэй. Усяго было створана некалькі дзясяткаў відаў рэкламных плакатаў, якія апелявалі пераважна да жанчын. І на нейкі час сітуацыя з продажам цукру істотна палепшылася, бо якая ж маці пашкадуе неабходнага для свайго дзіцяці? Ганарар, які выплацілі Ваньковічу за гэтыя 2 словы, склаў рэкордныя 5000 злотых. Тагачасны месячны заробак прэзідэнта Рэчы Паспалітай складаў 3000 злотых, а заробак настаўніка — 300 злотых. А за 2 словы столькі наўрад ці зараблялі і лепшыя заходнія капірайтары тых часоў. Можна сказаць, што гэтыя постары ў значнай ступені сфарміравалі сімвалічную, эстэтычную атмасферу міжваеннай Польшчы, у тым ліку і Заходняй Беларусі. Дагэтуль вынайдзеная Ваньковічам «магічная формула» застаецца самай вядомай у гісторыі польскага рэкламнага бізнесу. А створаная, лічыце, мінчанінам.
Выхаваны ў атмасферы шляхецкіх фальваркаў сярэдняй заможнасці, Ваньковіч выдатна ведаў традыцыйную «ліцвінскую» кухню. Спадзяюся, у гэтай рубрыцы яшчэ не раз згадаем пана Мельхіёра добрым словам. Некаторыя з зафіксаваных ім рэцэптаў увайшлі ў гісторыю, як і яго рэкламныя слоганы і афарызмы.
Калдуны Мельхіёра Ваньковіча
Складнікі: Для цеста — 2 шклянкі мукі, 2/3 шклянкі вады, соль.
Для начынкі — 200 г ялавічнай паляндвіцы, 200 г барановага лою, 200 г бараніны (сцягно), 2–3 лыжкі булёну, трохі цукру, солі, маярану, часнаку.
Для варкі — 2 л булёну (можна з кубікаў); 80 г вяршковага масла.
Прыгатаванне: З мукі і падсоленай вады (кіпеню, што астыў) замясіць эластычнае цеста. (Ідэальна — мясіць на працягу 30 хвілін). Выбіць аб стальніцу з усіх бакоў. Прыкрыць сурвэткай і пакінуць на 30 хвілін.
Мяса старанна ачысціць ад абалонак. Лой паставіць на 20 хвілін у маразільнік, каб зацвярдзеў. Бараніну і паляндвіцу нарэзаць дробнымі кубікамі і пасячы цесаком, лой настругаць нажом на тонкія пласцінкі. Перамяшаць мяса, лой, прыправы, дадаць трохі булёну, добра перамяшаць. Цеста, па порцыях, раскачваць у пласт таўшчынёй ільнянога палатна. Раскладаць шэрагамі «кулькі» з фаршу на адным пласце цеста, накрываць другім, абціскаючы пальцамі вакол «кулёк», выразаць калдуны кілішкам для гарэлкі. Укладаць калдуны ў кіпячы падсолены булён невялічкімі партыямі, каб маглі ўсплыць адным слоем. Пасля ўсплывання варыць 3–5 хвілін, затым — наступную партыю і г. д.
На дно паўміскі пакласці некалькі кавалкаў масла (нерастопленага), затым па чарзе партыі калдуноў, перакладаючы наступнымі кавалкамі масла. Есці лыжкай з глыбокіх талерак або місак. Можна пасыпаць зяленівам.
Цытаты М. Ваньковіча:
«Больш карысна мець прэтэнзіі да сябе самога, чым да іншых»
«Няма нічога больш ненадзейнага, чым лічба»
«Жанчына ўпарта верыць у тое, што мужчына зменіцца, і ў тое, што сама яна не змяняецца»
«Мама — гэта мяккія рукі. Мама — гэта меладычны голас, подых на выцятае месца. Мама — гэта само дабро і прыемнасць, нешта, што хочацца мець у кожную хвіліну жыцця побач з сабой, вакол сябе, недзе ўдалечыні. Але адначасова мама — гэта і строгія правілы, няўмольныя «ідзі спаць», жахлівыя «апрані гэта, калі ласка». Мама — расціранне шорсткім ручніком, адмераныя гадзіны, жыццё прыемнае, зычлівае, сонечнае, але без сюрпрызаў і вельмі святое.
Кухмістр Верашчака
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2013/12/1387258185570_1.jpg
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/14-4.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/igumenski-trakt
[5] https://zviazda.by/be/tags/zahodnyaya-belarus
[6] https://zviazda.by/be/tags/melhiyor-vankovich
[7] https://zviazda.by/be/tags/kuhnya
[8] https://zviazda.by/be/tags/recepty
[9] https://zviazda.by/be/tags/kuhmistr-verashchaka-0
[10] https://zviazda.by/be/bayki-kuhmistra-verashchaki