Усё бліжэй да нас 100-годдзе пачатку аднаго з самых кровапралітных і маштабных узброеных канфліктаў у гісторыі чалавецтва — Першай сусветнай вайны. Ужо вядома, што асноўныя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай падзеі, пройдуць у Смаргоні. І невыпадкова. Менавіта гэты куточак гродзенскай зямлі быў адным з эпіцэнтраў мінулага, менавіта тут Вялікая вайна (так называлі яе ў міжваенны перыяд)пакінула адзін з тых слядоў, які ўжо ніколі не сатрэцца з народнай памяці. Аднак, нягледзячы на шматлікія страты, Смаргонь выстаяла, не скарылася ворагу...
Пра гераічную абарону горада можна распавядаць шмат. Толькі лепш за даследчыка Першай сусветнай вайны Уладзіміра Лігуты пра гэта ніхто не раскажа. Ваенны гісторык займаецца гэтай тэмай столькі, колькі сябе памятае. Дзякуючы яму сталі вядомымі цікавыя факты аб падзеях стагадовай даўніны, пра што ён напісаў у кнігах «Наша кроў ля Смаргоні» і «Ля Смаргоні, пад знакам святога Георгія».
— Уладзімір Мікалаевіч, сёння ўсё часцей гавораць пра Вялікую Айчынную вайну. Вы ж узяліся за тэму забытую і малавядомую. Адкуль з'явілася цікавасць да падзей 100-гадовай даўніны?
— У школе і ў вайсковым вучылішчы я вучыўся ў Рызе. Аднойчы сляды Першай сусветнай вайны — траншэі, акопы, ямы бліндажоў — убачыў ля возера Бабітэ, што недалёка ад горада. Там знаходзіліся і рускія могілкі з тысячамі пахаваных, якія былі старанна ўпарадкаваны і дагледжаны. Усё гэта мяне проста ўразіла! Пасля стаў цікавіцца гісторыяй імперыялістычнай вайны. Даведаўся, што ў цэнтры Рыгі, у музеі латышскіх стралкоў, змяшчаецца вельмі добрая экспазіцыя не толькі грамадзянскай, а і Першай сусветнай вайны. Паглядзеў. Затым мне стала вядома, што манументальныя Брацкія могілкі ў Рызе былі створаны менавіта пасля Першай сусветнай. Стала цікава — хто там пахаваны? Так я пачаў даведвацца нешта новае, захапіўся і толькі пазней зразумеў, што звычайная цікавасць перарасла ў справу, якой я займаюся і сёння.
— Вы, бадай што, адзіны даследчык Смаргоні па лініі Вялікай вайны. Якім чынам чалавек, які нарадзіўся ва Уладзівастоку, аказаўся ў слаўным куточку беларускай зямлі і пачаў цікавіцца гісторыяй гэтага краю?
— Такі лёс вайскоўцаў: не ведаеш, куды пашле Радзіма. Пасля заканчэння вайсковага вучылішча ў Рызе я служыў пад Мурманскам, а ў 1997 годзе трапіў у смаргонскі гарнізон. Спачатку праходзіў службу ў часцях ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння. Затым закончыў ваенную акадэмію ў Маскве. З 1992 года я — у пагранічных войсках Рэспублікі Беларусь, адкуль з пасады начальніка вучэбнага пагранічнага атрада пайшоў у запас.
Быўшы ў Смаргоні, і падчас службы, і ў дні адпачынку ў лясах і палях часта сустракаў сляды Першай сусветнай вайны. Тое, што яны адносіліся менавіта да гэтай вайны, было зразумела яшчэ па ўбачаным у Рызе. У смаргонскай раённай газеце з цікавасцю чытаў публікацыі на тэму імперыялістычнай вайны, якія рыхтавала Надзея Маркава, захавальніца фондаў мясцовага музея. Патроху адкладваў у свой архіў прачытанае ў газетах, часопісах, кнігах. Аднак усё роўна для мяне, як ваеннага чалавека, шмат што заставалася незразумелым і ў апісанні тых падзей, і ў прызначэнні таго, што мы называем «слядамі вайны». Пасля звальнення ў запас я перагледзеў увесь дакументальны матэрыял смаргонскага музея. Праўда, нічога значнага не знайшоў: дакументаў аб ваенных дзеяннях у беларускіх архівах і бібліятэках няма. А справа ў тым, што франтавыя часці, якія стаялі каля Смаргоні, адпраўлялі свае дакументы ў штаб арміі ў Маладзечна, адтуль яны ішлі ў стаўку, у Магілёў, затым эшалонамі дакументы накіроўваліся ў маскоўскі і петраградскі архівы. Там і трэба было шукаць. Атрымалася некалькі разоў папрацаваць у Расійскім дзяржаўным і Расійскім дзяржаўным ваенна-гістарычным архівах, што ў Маскве.
— І якія таямніцы адкрыліся перад вамі? Ці ўсё было прадказальна?
— Усё стала на месца ў маім уяўленні пра тыя падзеі. Карты, журналы ваенных дзеянняў, схемы пахаванняў і прозвішчы палеглых, узнагародныя лісты з апісаннем подзвігаў і загады — гэтыя дакументы дапоўнілі ўспаміны ўдзельнікаў Першай сусветнай і дазволілі ўбачыць карціну подзвігу і трагедыі 810-дзённага супрацьстаяння ля Смаргоні. І ўжо з матэрыяламі, сабранымі тут, у 2004 годзе я выступаў на міжнароднай канферэнцыі «Апошняя вайна Расійскай імперыі» ў Расійскай акадэміі навук. Там пазнаёміўся з Віталем Скалабанам, які падрыхтаваў даклад аб беларускіх бежанцах. Ён і прапанаваў мне расказаць пра Смаргонь у друку і напісаць кнігу.
— Смаргонь у Першую сусветную часам параўноўваюць са Сталінградам падчас Вялікай Айчыннай. Што аб'ядноўвае гэтыя гарады і ці варта іх ставіць побач?
— Да Сталінграда Смаргонь падобная па ступені разбурэння і лютасці восеньскіх баёў 1915 года. А вось што тычыцца працягласці супрацьстаяння, то тут Смаргонь лепш суаднесці з блакадным Ленінградам у Вялікую Айчынную. На смаргонскай зямлі расійская армія 810 дзён упарта супрацьстаяла ворагу! Вось што я прачытаў ва ўспамінах нямецкіх афіцэраў, якія трапілі ў палон: «Як жа так? Рускія здалі Брэст, Гродна, Вільню, а ля гэтага маленькага гарадка б'юцца да смерці...» Вядома, што пад уражаннем баёў у Смаргоні — Крэва ўлетку 1917 года ўжо ў наш час у германскім бундэсверы быў напісаны «Смаргонскі марш», які там гучыць і дагэтуль.
— Атрымліваецца, што сапраўды — «хто пад Смаргонню не бываў, той вайны не бачыў»?
— Гэтае выказванне — трагічны салдацкі фальклор. Так казалі і пра іншыя жахлівыя месцы той вайны. Аднак рацыя ў гэтых словах, безумоўна, ёсць. Баі за Смаргонь былі вельмі страшнымі. Нашы вайскоўцы атрымалі загад: «Стаяць насмерць! Ні кроку назад! За намі — Расія». Толькі ў адзін дзень — 25 верасня 1915 года — загінула 5,5 тысячы немцаў і 3,5 тысячы рускіх салдат гвардзейскіх палкоў. У парушэнне ўсіх загадаў было складзена перамір'е, каб сабраць забітых і параненых з поля бою ля ракі Віліі. Смаргонь потым назавуць «мёртвым горадам»: ён будзе цалкам разбураны і спалены. Пасля вайны з 16 тысяч жыхароў сюды вернуцца ўсяго 130 чалавек...
— А хто яны — героі Смаргоні?
— Я прытрымліваюся таго пункту гледжання, што героі — тыя, хто ў Смаргоні змагаўся з ворагам. А ворагам былі немцы. Расійская імператарская армія, верная прысязе і воінскаму абавязку, да смерці стаяла на беларускай зямлі, утрымліваючы фронт да 1917 года, думаючы пра Перамогу. Ужо вядомы імёны 838 салдат, унтэр-афіцэраў, афіцэраў і генералаў расійскай арміі, Георгіеўскіх кавалераў, узнагароджаных за подзвігі ў баях ля возера Вішнева, Смаргоні і Крэва ў 1915 — 1917 гадах.
— Ім вы і прысвяцілі сваю кнігу «Ля Смаргоні, пад знакам святога Георгія»?
— Пра герояў Смаргоні ў 1915—1917 гадах пісалі газеты і часопісы, многія военачальнікі і грамадскія дзеячы бывалі на гэтым участку фронту. Вядома, што людзі, якія ваявалі тут у розныя гады, пакінулі свае ўспаміны ў мемуарнай і мастацкай літаратуры. Кожны з іх па-свойму бачыў і ацэньваў тыя падзеі, але яны былі адзіныя ў тым, што любілі сваю Радзіму і гатовы былі аддаць за яе жыццё. Я ацаніў тыя падзеі па-свойму, прысвяціўшы кнігу героям Смаргоні.
— Ці магчыма сёння ўстанавіць імёны салдат расійскай арміі, якія загінулі пад Смаргонню?
— Імёны вельмі многіх аднавіць можна. Архівы ўсіх часцей імператарскай арміі знаходзяцца ў Маскве, у Расійскім дзяржаўным ваенна-гістарычным архіве. На жаль, няма толькі шмат якіх дакументаў за лета — восень 1917 года.
Бывае, што пэўныя выпадковасці наводзяць цябе на патрэбнага чалавека, на яго імя, яго лёс. Так было і ў маёй сям'і. Аднойчы ў Нацыянальным гістарычным музеі праходзіла выстава фотаздымкаў Першай сусветнай вайны. Пра гэта ў друку з'явіўся рэпартаж з фотаздымкамі. І на адным з іх быў мой дзед! Гэта быў фотаздымак з альбома франтавога лекара, зроблены ў раёне «Фердынандавага носа» (канфігурацыя фронту, падобная на доўгі нос балгарскага цара Фердынанда). Такіх участкаў фронту было шмат. Быў ён і ў Смаргоні, каля Дзвінска ў 1916 годзе.
Мой тата нарадзіўся ў 1920-м і добра памятаў свайго бацьку, які памёр у 1939 годзе. Ён заўсёды хадзіў з барадой, пра што сведчылі фотаздымкі, якія захоўваліся ў хаце. Таму мой бацька пазнаў яго адразу і на гэтым фотаздымку. Я прасіў сяброў праверыць у архіўных спісах палка яго прозвішча. І яно было! У ведамасці на выдачу тытуню і мыла.
— Ці праўда, што менавіта ля Смаргоні адбыліся першыя газавыя атакі?
— Упершыню немцы выкарысталі газы супраць расійскіх войскаў у Польшчы 31 мая 1915 года. У Смаргоні гэты жах адбыўся 12 кастрычніка 1915 года супраць 3-й гвардзейскай пяхотнай дывізіі. У далейшым газавыя атакі ўвайшлі ў разрад звычайных баявых дзеянняў і часцей за ўсё праводзіліся праціўнікам, зыходзячы з умоў мясцовасці на ўчастку ад Смаргоні да Крэва. Толькі ў начной нямецкай газавай атацы з 2 на 3 жніўня 1916 года каля станцыі Смаргонь былі смяротна атручаны 3000 салдат і афіцэраў Каўказскай грэнадзёрскай дывізіі. Расійскія ж войскі, упершыню на сваім фронце, газы ўжылі менавіта на ўскраіне Смаргоні 6 верасня 1916 года. Увогуле, жахлівыя па сваіх наступствах газавыя атакі з боку нямецкіх і рускіх войскаў у Смаргоні ўвайшлі прыкладамі ў сур'ёзныя даследаванні аб «газавай вайне» ў гады Першай сусветнай.
— Гэты край быў праслаўлены і подзвігам «Мурамца» № 16. Што канкрэтна звязана з гэтай гісторыяй?
— Гэта была адзіная баявая страта такога самалёта на тэрыторыі праціўніка ў расійскай авіяцыі за ўсю вайну! Падчас бомбакідання з «Мурамца» № 16 у небе завязаўся паветраны бой. Яго і «Моран-Парасоль» № 770 радавога Янсана атакавалі два нямецкія «Альбатросы» і два «Фокеры». У «Моран-Парасоля» заеў кулямёт, і ён выйшаў з бою. «Ілья Мурамец» № 16 стаў губляць вышыню. Кулямётным агнём яго экіпаж збілі тры нямецкія знішчальнікі, але бамбавік нечакана зваліўся ў штопар і стаў рассыпацца ў паветры. На зямлі ў раёне вёскі Чухны, што каля Крэва, сярод абломкаў немцы знайшлі целы чатырох рускіх авіятараў. Пасля ўсе члены экіпажа — паручнікі Д. Макшэеў, М. Рахмін, Ф. Гаібаў і А. Карпаў — былі пасмяротна ўзнагароджаны «за бясстрашнасць і самаахвярнасць у няроўным баі» ордэнамі святога Георгія 4-й ступені.
— Якім быў эпілог абароны пад Смаргонню?
— Да лета 1917-га тут было сабрана велізарнае войска, прычым рускія значна пераўзыходзілі немцаў у артылерыі і жывой сіле. Толькі ў войсках назіраўся палітычны раскол, таму наступ расійскай арміі поспеху не меў: фронт быў практычна прарваны, аднак салдаты не пайшлі наступаць далей. У снежні ў мястэчку Солы было заключана перамір'е з немцамі. 18 лютага 1918 года тэрмін перамір'я скончыўся, і германскія войскі па ўсім фронце перайшлі ў наступ. Супраціўленне рускіх часцей, якія заставаліся, было зламана. Узяўшы Смаргонь, немцы пайшлі на Мінск. Расія ў сакавіку выйшла з вайны, падпісаўшы Брэсцкі мір. А ў лістападзе Германія пацярпела паражэнне на захадзе, і вайна скончылася. Як ні парадаксальна, але ў ліку пераможцаў Расіі не было...
— Нядаўна мы адзначылі 100-годдзе, як скончылася Першая сусветная вайна. Што сёння робіцца дзеля ўшанавання памяці загінулых пад Смаргонню?
— Плануецца адкрыццё мемарыяла, прысвечанага 810-дзённаму супрацьстаянню ля Смаргоні. Па словах прадстаўнікоў Міністэрства культуры, ужо ў ліпені завершыцца праца па яго стварэнні. Дарэчы, у план асноўных мерапрыемстваў міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, звязаных са стагоддзем пачатку Першай сусветнай вайны, уваходзіць і Смаргонь. У ліпені яны плануюць правесці ваенна-гістарычны фестываль «Смаргонь. Год 1915». Таксама вядома, што ў дакументальнай кінастужцы, прысвечанай падзеям Першай сусветнай вайны, якую здымае мінкульт Расіі, ёсць і эпізод аб Смаргоні. А тэлерадыёвяшчальная арганізацыя Саюзнай дзяржавы здымае кінастужку «Батальён смерці», дзе будзе расказвацца пра жаночы батальён Марыі Бачкаровай, які дыслацыраваўся каля Смаргоні летам 1917 года. Адным словам, дзеля ўшанавання памяці не толькі тых, хто загінуў пад Смаргонню, а ўвогуле падчас Першай сусветнай, робіцца нямала. Спадзяюся, што неўзабаве мы ў гэтым упэўнімся!
Гутарыла Вераніка КАНЮТА.
Фота з архіва Уладзіміра ЛІГУТЫ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/pamyac
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/22-14.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/22-15.jpg
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/22-13.jpg
[7] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/22-12.jpg
[8] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/22-11.jpg
[9] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/22-10.jpg
[10] https://zviazda.by/be/tags/smargon
[11] https://zviazda.by/be/tags/pershaya-susvetnaya-vayna-0
[12] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-liguta