Чаму людзі ваююць паміж сабой? Па сутнасці, гэта залежыць ад саміх удзельнікаў канфлікту, таго, што яны з сябе ўяўляюць. Не кожны канфлікт — абавязкова суцэльнае зло. З яго можна вынесці штосьці важнае, атрымаць урок. У любым выпадку, як бы мы ні пазбягалі «складаных» сітуацый, яны ўсё роўна здараюцца, а значыць, яны неабходныя і важныя для нас.
— Канфлікт — гэта сутыкненне супрацьлеглых мэт, інтарэсаў, пазіцый, меркаванняў і поглядаў, — тлумачыць псіхолаг Мінскага гарадскога псіханеўралагічнага дыспансера Настасся ХНЫКАВА. — У падмурку такога сутыкнення хаваецца сітуацыя, якая можа ўключаць супрацьлеглыя пазіцыі бакоў, або супрацьлеглыя мэты і сродкі для іх дасягнення, або проста несупадзенне інтарэсаў і жаданняў і г.д. Для развіцця канфлікту неабходны інцыдэнт — нейкія дзеянні аднаго з бакоў, зацісканне інтарэсаў другога боку. Вылучаюць некалькі тыпаў канфліктных сітуацый.
Імкненне да перавагі
Гэта сітуацыі, калі адзін чалавек аказвае на другога псіхалагічны ціск, імкнецца зацвердзіцца за кошт уласнай псіхалагічнай перавагі. Спробы дабіцца псіхалагічнай перавагі над апанентам праяўляюцца загадам, пагрозай, рэзкай несправядлівай крытыкай, абвінавачаннем, насмешкай, саркастычнай заўвагай. Калі апанент адчувае сябе ў выніку гэтага прыніжаным, пачуцці, якія ён перажывае ў такія моманты, могуць справакаваць яго на канфлікт.
*Паблажлівае стаўленне.
Перавага, «аформленая» добразычлівасцю: маўляў, «нічога страшнага», «хіба можна гэтага не ведаць?», «няўжо не зразумела?», «разумны чалавек, а паводзіце сябе...».
*Выхваленне. Натхнёны аповед аб сваіх поспехах і дасягненнях, часам несапраўдных. Такія аповеды могуць выклікаць у слухачоў зайздрасць і раздражненне, што правакуе канфлікт.
*Навязванне парад. Той, хто раіць, займае пазіцыю псіхалагічнай перавагі. Бо ў такім выпадку той, каму адрасуецца парада, выстаўляецца ў свеце бездапаможнай ахвярай. Многім людзям гэта не падабаецца, і яны могуць адказаць канфліктам на падобнае стаўленне да сябе.
*Перабіванне суразмоўцы. Таксама можа ўказваць на перавагу над суразмоўцам. Той, хто перабівае, дае зразумець апаненту, што яго меркаванне не такое ўжо і істотнае, так што няма чаго выслухоўваць. Аднак многія людзі больш жадаюць гаварыць самі, чым слухаць некага, таму перапыненне суразмоўцы адназначна правакуе канфлікт.
*Катэгарычнасць, безапеляцыйнасць. Сюды адносяцца выказванні кшталту «Я лічу», «Я ўпэўнены», «Усе бабы — дурніцы» і г.д. У суразмоўцы пры такіх выказваннях няма шанцаў выказаць сваё меркаванне. Зноў жа, гэта азначае, што нас заганяюць у кут. Калі ж нас заганяюць у кут, нараджаецца агрэсія. А навошта нам агрэсія? Адчайна і агрэсіўна абараняцца! Вось і канфлікт. Таму лепей карыстацца ў размове фразамі «я мяркую», «верагодна».
*Утойванне інфармацыі. Гэта нараджае стан трывогі, паколькі інфармацыя неабходна нам для выжывання. Той, хто ўтойвае важную інфармацыю, рызыкуе аказацца ў цэнтры канфлікту.
*Неэтычныя паводзіны. Наўмысныя і ненаўмысныя, якія перакрэсліваюць агульнапрынятыя правілы, нормы маралі і жыццёвыя перакананні іншых людзей.
*Паджартоўванне. Не кожны чалавек валодае адмысловым пачуццём гумару, а таму надзвычай едкія жартачкі правакуюць канфлікт. Некаторыя асмеяныя прагнуць сатысфакцыі.
*Нагадванне. Асабліва гэта датычыцца сітуацый, у якіх наш апанент панёс маральныя або матэрыяльныя страты. Такія нагадванні выклікаюць часам адчуванне недарэчнай бездапаможнасці, што здольна справакаваць канфлікт.
*Перакладванне адказнасці. Чалавек, які не справіцца з гэтай «перакладзенай» адказнасцю, можа перажываць самыя непрыемныя пачуцці, у выніку чаго прывядзе сябе да стану гневу, што і справакуе канфлікт.
*Падман. Або спроба падману. Адна з самых моцных сітуацый у гэтым аспекце.
Праява агрэсіўнасці
Існуе катэгорыя людзей з прыроднай высокай агрэсіўнасцю. Агрэсіўныя паводзіны дэманструюць падлеткі. Так яны праяўляюць сваё імкненне да самасцвярджэння, пратэстуюць супраць залежнасці ад бацькоў. Вельмі агрэсіўны чалавек сам па сабе з'яўляецца верагоднай крыніцай канфліктаў, паколькі ў любы момант гатовы выліць сваё раздражненне на тых, хто побач. Ён свядома ці несвядома вырашае свае ўнутраныя праблемы за кошт навакольных. Аднак тут варта звярнуць увагу на пачуццё меры: чалавек з агрэсіўнасцю ніжэй за сярэднюю даб'ецца ў жыцці нашмат меншага, чым мог бы, а поўная адсутнасць агрэсіўнасці наогул мяжуе з адсутнасцю цікавасці да жыцця і адмовай ад барацьбы.
Да сітуатыўнай агрэсіўнасці адносяцца канфлікты ў выніку агрэсіўных паводзін, звязаных з унутранымі супярэчлівасцямі і пачуццямі. Гэта могуць быць асобныя непрыемнасці ў асабістым жыцці, на працы, дрэнны настрой ці самаадчуванне. У псіхалогіі такія станы называюцца фрустрацыяй — стан псіхікі, які ўзнікае ў выніку расчаравання з-за таго, што не ажыццявілася нейкая значная мэта або патрэба. Такія ўнутраныя перажыванні — расчараванне, напружанасць, безвыходнасць — нярэдка выклікаюць агрэсіўныя абарончыя рэакцыі, якія выліваюцца ў канфлікты.
Проста эгаізм
Эгаіст дабіваецца ўсяго толькі для сябе і ва ўрон навакольным. Такія паводзіны расцэньваюцца навакольнымі як несправядлівыя, а таму часта становяцца прычынай канфліктаў. Акрамя таго, эгаіст перадае навакольным схаванае пасланне на псіхалагічным узроўні аб тым, што ўсе яны з'яўляюцца толькі інструментам для дасягнення яго карысных мэт. Цалкам натуральна, што такія паводзіны звычайна выклікаюць крыўду, раздражненне і нават гнеў.
— Людзі ваююць адно з адным па розных прычынах, і гэта непазбежна, — кажа Настасся Хныкава. — Таму нам не трэба вучыцца пазбягаць канфліктаў і спрэчак. Нам трэба вучыцца іх вырашаць. Гэта даволі цяжкая праца. Можна нават сказаць, праца ўсяго жыцця. У першую чаргу неабходна вучыцца кантраляваць свае эмоцыі. Бываюць моманты, калі нас перапаўняе жаданне выліць на апанента ўвесь негатыў, аднак неабходна ўстрымлівацца ад такога жадання. Калі наспявае канфлікт з-за непаразумення, то прычына часта не ў тым, што партнёр не жадае прыслухацца да нас, а ў тым, што ён інакш успрымае сітуацыю. Часцей размаўляйце адно з адным, адкрыта гаварыце аб сваіх жаданнях. Шукайце кампраміс з улікам меркавання іншага чалавека. Як бы цяжка гэта ні было.
Святлана БАРЫСЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/zdaroue
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/22-21.jpg
[5] https://zviazda.by/be/tags/nastassya-hnykava
[6] https://zviazda.by/be/tags/sprechka
[7] https://zviazda.by/be/tags/kanflikt