Аб гэтым рэдакцыі газеты паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі. Такім чынам, план пераўтварэння дзяржаўных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыства на 2011-2013 гады цалкам выкананы.
Усяго на базе 108 рэфармаваных прадпрыемстваў стварылі 83 таварыствы, у тым ліку адна акцыянерная структура зроблена на базе РУП «БелВітуніфарм» з удзелам замежнага інвестара — Іарданскай фармацэўтычнай вытворчай кампаніі. Акрамя таго, летась адно прадпрыемства, згодна з планам пераўтварэння (Віцебскі футравы камбінат), было прададзена за 1 базавую велічыню кіруючай кампаніі холдынга «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія «Марка».
Нагадаю, што яшчэ на 19 прадпрыемствах, якія былі ўключаны ў трохгадовы план пераўтварэння, рэфармаванне не ажыццяўлялася па ініцыятыве рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і са згоды кіраўніка дзяржавы. Пераўтварэнне прадпрыемстваў у акцыянерныя таварыствы ажыццяўлялася як на базе аднаго ўнітарнага прадпрыемства, так і некалькі прадпрыемстваў, зыходзячы з мэтазгоднасці развіцця галін, неабходнасці стварэння аптымальнай і эфектыўнай структуры кіравання.
Даволі актыўна такі працэс ажыццяўляўся і летась, калі з 57 рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў было створана 51 акцыянернае таварыства. Тут трэба адзначыць, што за мінулы год форму ўласнасці змянілі такія буйныя прадпрыемствы, як Мінскі трактарны завод, Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання «Гомсельмаш», Мінскі электратэхнічны завод імя В.І.Казлова, Нацыянальная авіякампанія «Белавія», «Мінск Крышталь» і іншыя. Акрамя таго, летась у акцыянерныя таварыствы пераведзена 49 прадпрыемстваў, якія да гэтага часу былі «пад эгідай» абласной або раённай (гарадской) камунальнай уласнасці. За мінулыя тры гады на таргах было рэалізавана 8 камунальных унітарных прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў.
Кіраўніцтва Дзяржкаммаёмасці ўпэўнена, што і ў далейшым работа па аптымізацыі колькасці дзяржаўных прадпрыемстваў будзе працягнута. У план пераўтварэння рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў у акцыянерныя таварыствы на 2014-2016 гады рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання прапанавана ўключыць 40 буйных прадпрыемстваў краіны.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika-0