Падведзены вынікі літаратурнага конкурсу
Каб было што пачытаць і каб хацелася напісаць... Вось тое, што аб'ядноўвае газету з аўтарамі, якія дасылаюць свае творы на конкурс апавяданняў «Звязды». Прачытаўшы нечае кранальнае апавяданне, бывае, хочацца выказацца. Так узнікае рэдакцыйная пошта з пазнакай «на літаратурны конкурс». І хацелася б, каб такіх лістоў было больш — дасланых у канвертах ці на нашу электронную скрыню. Таму што калі допісаў больш — то і значна павялічваецца верагоднасць таго, што сярод іх знойдзецца адметнае апавяданне, вартае таго, каб яго друкаваць. І бывае так, што можна ўдзельнічаць у нашым конкурсе на працягу дзесяцігоддзя ці нават больш, можна перыядычна бачыць свае апавяданні на старонках газеты, з кожным разам імкнучыся стварыць нешта не падобнае на ранейшае — і перамагчы.
Прыкладна так атрымалася ў Анатоля Бігайдарава з Гомельшчыны. Ён даўні чытач «Звязды» і адзін з актыўных удзельнікаў конкурсу апавяданняў. Працаваў у раённых газетах, апісваў жыццё глыбінкі, назіраў за людзьмі і сітуацыямі, якія хацелася ўвасобіць інакш, чым у журналісцкіх артыкулах. 6 яго апавяданняў былі надрукаваны на старонках «Звязды». І адно з іх адзначана 1-й прэміяй за 2013-ы год.
Пра тое, як узнікла ідэя «Марусьчынай дарогі», Анатоль Казбекавіч распавядае так:
— Быў яшчэ малады, не служыў у войску, і мяне выклікалі ў ваенкамат у Жыткавічах. Я ішоў да прыпынку і ўбачыў дзіўную жанчыну: растрапаную, у чорным, з кійком у руках... Узнікла задума. Дык калі гэта было! А напісаў вось толькі цяпер. У мяне шмат апавяданняў, даты стварэння якіх можна пазначыць прыкладна так: 1963-2012 гады. Калі працаваў у раёнцы, ездзіў пісаць пра фермы, кантактаваў з людзьмі — заўсёды прыслухоўваўся, што гавораць, як гавораць. У мяне было 3 нататнікі, спісаныя расказамі ад народа.
Анатоль Бігайдараў прызнаўся, што ўсё жыццё марыў напісаць раман. А ў дзяцінстве, у класе 5-м, натхніўшыся Янкам Маўрам, напісаў нават сваіх «Палескіх рабінзонаў»... Думкі пра ўласную творчасць працягваюць турбаваць і цяпер: час актыўнай працы скончаны, і на пенсіі ёсць магчымасць пісаць для сябе. А часам і для іншых — калі гэта надрукавалі, напрыклад, у газеце.
Уладальнік 2-й прэміі нашага конкурсу Валерый Гапееў таксама прыйшоў у літаратуру з журналістыкі. Працуе ў Івацэвічах, з'яўляецца вядомым у краіне пісьменнікам, аўтарам кніг. А вось наша лаўрэатка 3-й прэміі Марына Яўсейчык дзякуючы «Звяздзе» заявіла пра сябе як пра новага цікавага аўтара яшчэ ў школьныя гады!. І працягвае пісаць літаратурныя творы, некаторыя з іх друкуюцца ў рамках конкурсу ў нашай газеце. Дзеля таго, каб з'яўляліся новыя маладыя аўтары, якія пішуць па-беларуску, газета і ладзіць літаратурны конкурс. Як патлумачыў галоўны рэдактар Алесь Карлюкевіч
:
— Мы зацікаўленыя, каб ішоў пастаянны пошук. Заўсёды ў працы мас-медыя важнай задачай быў пошук — новых тэм, цікавых ідэй, аўтараў. Шмат чаго цікавага прапаноўвала менавіта пошта выданняў — як масавых, так і літаратурных. Напрыклад, калісьці і Васіль Быкаў дасылаў поштай свае першыя аповесці ў часопісы. Таму праца з рэдакцыйнай поштай для нас важная, у тым ліку і з тымі творамі, якія прапаноўваюцца на літаратурны конкурс. Мы хацелі б убачыць тых людзей, якіх, магчыма, не заўважылі літаратурна-мастацкія выданні. Хацелі б бачыць творы тых, хто працуе і жыве ў рэгіёнах нашай краіны, хацелася б зразумець, як яны глядзяць на жыццё, якім чынам асэнсоўваюць гісторыю і рэчаіснасць. Дзеля гэтага, я думаю, конкурс ладзіўся і ў ранейшыя гады, і дзеля гэтай мэты мы будзем яго працягваць.
Вядучы конкурсу апавяданняў «Звязды» пісьменнік Алесь Бадак адзначыў:
— Сам па сабе конкурс апавяданняў вельмі складаны. Жанр наогул вельмі складаны, а што тычыцца гэтага конкурсу, то тут гаворка пра кароткія апавяданні. У класічнай беларускай ці рускай літаратуры мала хто звяртаўся менавіта да кароткіх апавяданняў. Сапраўды, абмежаваць сябе на 4-5 старонак тэксту вельмі няпроста. Але крытэрый вызначэння лепшых твораў за год адзін: каб было арыгінальна. У нас друкуецца фантастыка, гістарычныя творы, гумарыстычныя апавяданні, жыццёвыя гісторыі, калі гэта арыгінальна пададзена. Арыгінальнасць — рэч непрадказальная. Нам дасылаюць шмат апавяданняў прафесійныя аўтары. Але першае месца неабавязкова можа заняць прафесійны пісьменнік. Хачу пажадаць усім, хто піша ці толькі спрабуе, не баяцца ўдзельнічаць. Сёння шанцы ёсць ва ўсіх, у якім бы кірунку чалавек не працаваў: ці ён піша дэтэктыўныя гісторыі, ці фантастыку, ці традыцыйную беларускую літаратуру (вясковую, гарадскую). Пра што чалавек ні пісаў бы, усё роўна ён пра сваё піша...
Марына Яўсейчык, якая ўжо тройчы была адзначана ў нашым конкурсе, дала параду маладым аўтарам, якія хацелі б пісаць па-беларуску:
— Перш за ўсё, важна мець жаданне пісаць. Таму што ў думках можа ісці спрэчка: пісаць ці не. Але трэба сесці за стол, узяць ручку і пачаць пісаць. Як у выпадку з любой працай: пачынаеш — і робіш... Бывае, што трэба папрацаваць са слоўнікамі — зазірнуць у тлумачальны ці слоўнік эпітэтаў. Здараецца, што не хапае слоўнікавага запасу, дык слоўнікі ўсё падкажуць. Трэба са старымі людзьмі больш камунікаваць, калі прыязджаеш у вёску, прайсціся, пагутарыць. Гэта і ёсць беларуская жывая мова, трэба яе слухаць. Трэба і самому размаўляць на ёй. Бывае, што натхненне пісаць узнікае ад таго, што глядзіш па баках, і некаторыя з'явы ўражваюць. І калі ты ўразіўся і гэта прайшло праз тваё нутро, то ёсць магчымасць стварыць нешта асаблівае. Але галоўная парада — адчуваць сябе асобай. Калі ты адчуваеш сябе асобай, то не будзеш параўноўваць свой талент з талентам іншага чалавека. Трэба давяраць самому сабе... Для мяне кожны раз удзел у конкурсе і сустрэча ў «Звяздзе» — як наталенне смагі, калі я бачу зацікаўленых у справе людзей.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/tags/larysa-cimoshyk
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/kultura-0
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/30-30.jpg
[6] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[7] https://zviazda.by/be/tags/konkurs-apavyadannyau-zvyazdy
[8] https://zviazda.by/be/tags/anatol-bigaydarau
[9] https://zviazda.by/be/tags/litaraturny-konkurs