…асабліва прыкметна ўдалечыні, — паэтычна заўважыў калісьці Уладзімір Высоцкі. Цяжка не згадзіцца, асабліва калі непасрэдна сутыкаешся з суайчыннікамі, якія апынуліся па волі лёсу далёка ад радзімы. Яны не заўсёды мараць вярнуцца на заснежаную вуліцу свайго дзяцінства, але ж настальгія, хоць уголас не абвяшчаецца, усё ж ёсць у пачуццях. Хаця б таму, што імкнуцца падтрымліваць стасункі з тымі, хто радзіму не пакідаў. Паколькі працягваю ўспамінаць аб замежжы, дзе давялося пабываць нядаўна, раскажу пра свае сустрэчы з людзьмі. Нашымі людзьмі.
Больш за ўсё іх, здаецца, у Чэхіі. І не дзіўна: Прага — адна з самых бліжэйшых да краін СНД еўрапейскіх сталіц. Нагадаю, што менавіта тут наш славуты беларус Францыск Скарына ў 1517 годзе пачаў сваю выдавецкую справу. За два гады свет пабачылі ажно 23 ілюстраваныя кнігі. Дзе знаходзілася друкарня беларускага першадрукара, невядома, але помнік і памятная дошка ёсць.
У Празе ўсё «заточана» пад разгалінаваны турыстычны бізнес. Да таго ж — кошт на многае трохі таннейшы, чым далей на Захадзе. І менавіта таму рускую мову тут можна пачуць ад кожнага пятага. Расіяне прыязджаюць у сталіцу Чэхіі на выхадныя дзеля шопінгу або каб адзначыць тут святы. Старэйшае пакаленне чэхаў не забыла 1968 год, аднак праглынула сваю крыўду на ўсіх усходніх славян, якія сёння для іх — адна з істотных крыніц даходу. Менавіта таму яны старанна ўспамінаюць мову, якую некалі вывучалі ў школе, а маладыя свядома яе вучаць: зразумелі, што «на рускіх» можна зарабляць неблагія грошы.
Між тым, праведзены асабіста эксперымент паказаў, што яшчэ лягчэй узаемаразуменне адбываецца, калі размаўляеш па-беларуску. Што зусім не дзіўна. Маленькая прыгожая краіна ў цэнтры Еўропы мае дастаткова цікавую гісторыю, аднак прыярытэты тут расстаўлены своеасаблівыя. Напрыклад, тут ганарацца, што тры чвэрці насельніцтва — атэісты, а каталіцкія саборы ўяўляюць сабой прастору для правядзення экскурсій і канцэртаў, а не рэлігійных службаў. Вось і застаецца складанае адчуванне тонкага падману: ёсць найпрыгажэйшая абгортка, унутры якой няма цукеркі. Затое асобы пэўнай арыентацыі тут не саромяюцца яе дэманстраваць. І прадукты з канабісам (каноплямі) прадаюцца паўсюль.
Зайшлі ў кавярню, размешчаную непасрэдна на вуліцы. Афіцыянт правёў для нас яскравую троххвілінную прэзентацыю нацыянальных страў на вельмі добрай рускай мове. Калі мы ўжо былі гатовы зрабіць заказ, адна з нашых турыстак заўважыла ў рускамоўным меню тэкст вельмі дробным шрыфтам — пра тое, што за абслугоўванне на вуліцы прадугледжана 50‑працэнтная «накрутка» і яшчэ столькі ж трэба абавязкова пакінуць «на гарбату». Параіўшыся, мы палічылі за лепшае пашукаць таннейшую кавярню. І вось тут наш афіцыянт вельмі раззлаваўся: скамячыў паперку, на якой пісаў, а потым пачаў лаяцца зусім не па-еўрапейску, але ж зразумела. Затое ў рэстаранчыку побач нас бездакорна і без усялякіх «накрутак» абслугоўвалі вытанчаныя хлопчыкі. На стойцы ляжала рускамоўная газета «Пражский телеграф», і я з задавальненнем пазнаёмілася з творчасцю калег.
Дарэчы, назва нашай краіны выклікала ў выпадковых суразмоўцаў-чэхаў такі асацыятыўны рад: «Беларусь — Азаранка — Мірны». Яшчэ раз сапраўдны гонар «за нашых» мы адчулі ў Вене. Калі выпадкова выйшлі якраз насупраць вялікага мемарыяла з надпісам па-руску: «ВЕЧНАЯ СЛАВА ГЕРОЯМ КРАСНОЙ АРМИИ, ПАВШИМ В БОРЬБЕ С ФАШИСТСКИМИ ЗАХВАТЧИКАМИ ЗА СВОБОДУ И НЕЗАВИСИМОСТЬ НАРОДОВ ЕВРОПЫ».
Агульнавядома, што ўсіх «нашых» на Захадзе вылічваюць імгненна. Выйшлі з харчовай крамы — і адразу пачалі каштаваць купленае цірамісу. Набылі сукенку — трэба яе разгарнуць адразу ж. У прыбіральню — толькі натоўпам і з гучнымі каментарыямі. Італьянцам і французам не зразумець такія звычайныя для нас зімой рэчы, як пухавікі і боты на тоўстай падэшве. Тое, што ўсходняму славяніну добра, еўрапейцу як мінімум нязручна. Але ж мне здаецца, мы перасталі саромецца таго, што мы такія, якія ёсць. Нас не бянтэжыць няведанне мовы. Галоўнае, што мы ведаем запаведнае слова «sale» (распродаж са зніжкамі). І ўпэўнена рухаемся да адпаведных вітрын. Прынамсі, у іх, як і ў нас, не заўсёды чырвоная паперка са знакам «-%» азначае зніжку рэальную. Вось дзе народу больш топчацца — там сапраўды штосьці каштуе менш.
Праваслаўных руска-ўкраінска-беларускага паходжання мы заканамерна сустрэлі ў прыходзе Амвросія Медыяланскага ў самым цэнтры Мілана. Зямля, аказваецца, сапраўды вельмі маленькая — у царкве San Vіto al Pasquіrolo зараз служыць святар Сергій Бяспалаў, які раней жыў і служыў у Гомелі. Настаяцель — архімандрыт Амвросій (Макар) — чалавек з бліскучай заходняй багаслоўскай адукацыяй, паліглот, у мінулым прарэктар Кіеўскай духоўнай акадэміі — цяпер кіруе праваслаўнымі суполкамі не толькі ў Мілане, але і ў яго наваколлях. Храм, дзе мы пабывалі, раней быў прыходскай царквой католікаў, але ж спусцеў, і таму каталіцкія царкоўныя ўлады перадалі яго праваслаўнай суполцы.
Нас віталі гасцінна, як паломнікаў — адразу ж пасадзілі за стол і добра накармілі. Настаяцель расказаў, што большасць прыхаджан — гэта тыя, хто прыехаў у Італію на заробкі: украінцы, малдаване, расіяне, беларусы, грузіны. Ёсць і італьянцы, якія прынялі праваслаўе. Большасць шукае і знаходзіць у прыходзе не толькі кавалачак радзімы, але і істотную дапамогу — у тым ліку пры працаўладкаванні: важную ролю адыгрываюць рэкамендацыі. Іх могуць даць тыя, хто даўно жыве тут і ўжо аброс стасункамі і сувязямі.
Украінка Раіса, якая правяла нас да міланскіх агульнахрысціянскіх святыняў, расказвала, што прыехала сюды з заходнеўкраінскіх Чарнаўцоў некалькі гадоў таму — збегла ад беспрацоўя. Тут вывучыла італьянскую мову і працаўладкавалася пакаёўкай. Было вельмі няпроста: сутыкнулася з гаспадарамі, якія яе зневажалі і не заўсёды выплачвалі заробак. Але ж цяпер яна задаволена: мае асобны пакой у кватэры, дзе прыбірае, з гаспадыняй сябруе і яшчэ дадаткова падпрацоўвае на чатыры сям'і. Гаворыць, што італьянцы ставяцца да нашых людзей станоўча — хаця б таму, што тыя з'яўляюцца таннай рабочай сілай, не прэтэндуюць на нейкія пазіцыі ў грамадстве, пры гэтым сумленна выконваюць сваю працу — вельмі часта гэта догляд хворых і пажылых людзей.
Для многіх Мілан — гэта пераважна распродажы, тэатр «Ла Скала», ажурны кафедральны сабор Дуома і «Тайная вячэра» Леанарда да Вінчы. Між тым, у гэтым горадзе шмат агульнахрысціянскіх святынь. У тым жа Дуома, узведзеным у гонар Раства Багародзіцы, знаходзяцца цвік ад Крыжа Хрыстова, мошчы святой роўнаапостальнай Фёклы, сярэбраны каўчэг у выглядзе дрэва. Мы змаглі пабываць і каля мошчаў свяціцеля Амвросія Медыяланскага — заступніка горада Мілана. У каталіцкай базіліцы, якая носіць яго імя, побач з яго целам — целы двух першых міланскіх пакутнікаў: братоў-блізнят Гервасія і Пратасія. Кожны чацвер у крыпце праваслаўныя служаць літургію і акафіст. Прынамсі, у Мілане ў гонар свяціцеля Амвросія названы ўніверсітэт, пінакатэка (выставачная зала) і нават каталіцкі банк. Таксама пакланіся і заступніцы жанчын, святой пакутніцы Наталлі — ёй (і яе мужу, святому пакутніку Адрыяну) моляцца аб сямейным шчасці. Мошчы святой знаходзяцца ў старажытнай базіліцы Сан-Ларэнца.
І, на заканчэнне, аб вельмі важным у туры «па Еўропе» — гэта нашы зусім юныя гамяльчанкі, студэнткі ВНУ Масквы і Мінска Галя Малашкова, Лера і Лара Чудаевы, Карына Клешчава і іншыя. Здаецца, многіх адкрыццяў ва ўсіх краінах, дзе атрымалася пабываць, мы не зрабілі б, каб не іх дапытлівы розум, веданне моў і жаданне паўсюль пабываць. За што ім вялікі дзякуй!
Ірына АСТАШКЕВІЧ, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/reparcer
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/1-25.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/1-16.jpg
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/1-15.jpg
[7] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/1-14.jpg
[8] https://zviazda.by/be/tags/praga
[9] https://zviazda.by/be/tags/chehiya
[10] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-vysocki-0