Мадэрнізацыя прадпрыемстваў канцэрна «Беллеспаперапрам» дасць магчымасць умацаваць экспартны патэнцыял Беларусі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў учора на нарадзе аб стане і перспектывах развіцця арганізацый канцэрна «Беллеспаперапрам», перадае карэспандэнт БЕЛТА.
[3]«Мы ўдзялялі і ўдзяляем асаблівую ўвагу развіццю галіны, не шкадуем сродкаў на яе мадэрнізацыю, таму што бачым перспектыву яе якаснага прарыву і ўмацавання экспартнага патэнцыялу. А гэта валюта. Адсюль жорсткае патрабаванне аддачы капіталаўкладанняў, эфектыўнай работы ўсіх арганізацый», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Як адзначыў Прэзідэнт, няма такой галіны, якой апошнім часам удзялялася б столькі ўвагі, як прадпрыемствам канцэрна «Беллеспаперапрам» і асабліва дрэваапрацоўчай прамысловасці. «На жаль, галоўнай прычынай для гэтага сталі істотныя недахопы ў рабоце і зрывы працэсу мадэрнізацыі прадпрыемстваў. З-за сур'ёзных парушэнняў фінансавай дысцыпліны, бескантрольнасці, адкрытай безгаспадарчасці давялося прымаць самыя жорсткія меры», — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пастаянна падкрэслівае важнасць і перспектыўнасць лясной, цэлюлозна-папяровай і дрэваапрацоўчай прамысловасці, паколькі гэтыя галіны маюць добрую айчынную сыравінную базу і разгалінаваную вытворчую сетку. «Ніхто не спрачаецца, што нам трэба дыверсіфікаваць вытворчасць. Гэта працэс доўгі, пастаянны для нашай краіны з прычыны таго, што вельмі ўжо мы завязаны на рэсурсы, камплектуючыя і іншыя па імпарце і слаба выкарыстоўваем сыравінныя рэсурсы ўласнай краіны. Мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі якраз павінна ўстараніць гэтыя перакосы», — лічыць кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт прывёў прыклад, што ў Беларусі на душу насельніцтва прыпадае 173 кубаметры лесу, што ў 2,5 раза вышэй за сусветны ўзровень. Тым не менш, да нядаўняга часу ў беларускім экспарце гэтай прадукцыі пераважаў лес-кругляк і танныя паўфабрыкаты. «Вывозілі лес, а куплялі за валюту мэблю, якасную паперу і іншую прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю замест таго, каб вырабляць яе ў сябе», — заўважыў беларускі лідар.
Гэтым была абумоўлена неабходнасць кардынальна змяніць існуючыя падыходы і правесці маштабную мадэрнізацыю прадпрыемстваў як дрэваапрацоўчай, так і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. «Можна сказаць, кропкавая мадэрнізацыя ў краіне: узялі некалькі прадпрыемстваў і вырашылі іх мадэрнізаваць», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што пры назначэнні Юрыя Назарава старшынёй канцэрна «Беллеспаперапрам» былі пастаўлены дакладныя задачы па навядзенні парадку на ўсіх прадпрыемствах і забеспячэнні завяршэння мадэрнізацыі ў намечаныя тэрміны.
У ходзе нарады кіраўнік дзяржавы запатрабаваў адказаць на пытанні аб тым, якія меры прымаюцца для паскарэння мадэрнізацыі прадпрыемстваў галіны, выхаду на праектную магутнасць, а таксама наколькі ўзрасце глыбіня перапрацоўкі сыравіны і будзе забяспечаны выпуск вырабаў з высокай доляй дабаўленай вартасці. «Акцэнтую ўвагу на гэтым аспекце, таму што насцярожвае намер адпраўляць на экспарт 60 працэнтаў пліт, якія вырабляюцца на абноўленай вытворчасці. Гэта значыць, зноў паўфабрыкат будзем гнаць за мяжу. Ці па-гаспадарску гэта? Чаму б замест паўфабрыкату не прадаваць гатовыя вырабы з большай дабаўленай вартасцю, напрыклад, мэблю?», — паставіў пытанне Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся тым, якімі чакаюцца эканамічны эфект і важнейшыя вынікі мадэрнізацыі: рост аб'ёмаў вытворчасці і экспарту, імпартазамяшчэнне і павышэнне якасці тавараў.
Аляксандр Лукашэнка даручыў у рамках крымінальнай справы прааналізаваць урон ад зрыву тэрмінаў мадэрнізацыі «Віцебскдрэва».
«Запрасіце генеральнага пракурора і даручыце ў рамках крымінальнай справы разгледзець усе пытанні і палічыць страты. Са мной узгадняць не трэба. Калі трэба за кімсьці сачыць аператыўна, саджаць у следчы ізалятар — саджайце», — даручыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэя Кабякова.
Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч далажыў, што ўрад браў на сябе абавязацельствы запусціць вытворчасці на «Віцебскдрэве» ў снежні. «Гэта тры заводы: фармавання пліты, яе шліфоўка і ламінаванне. У сярэдзіне снежня была атрымана першая пліта. Цяпер ідзе наладка тэхналагічных рэжымаў. Трэба ўвязаць цяпер усе тры вытворчасці ў аўтаматычным рэжыме, і прадпрыемства будзе працаваць», — расказаў ён.
Што датычыцца пытання Прэзідэнта аб прычынах невыканання абяцанага, прэм'ер-міністр выказаў думку, што сістэмных недахопаў пры вырашэнні гэтага пытання дапушчана не было. «Гэта новая тэхналогія, і яна цяпер наладжваецца ў аўтаматычным рэжыме. Было жаданне зрабіць гэта ў снежні, але ёсць усе падставы для таго, каб у лютым работа была забяспечана», — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/prezident
[2] https://zviazda.by/be/aficyyna
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/21.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/ekspart
[5] https://zviazda.by/be/tags/prezident-belarusi-alyaksandr-lukashenka
[6] https://zviazda.by/be/tags/belta-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/bellespaperapram-0