Якасць тавару — лепшая рэклама
Колькі ні даводзілася наведваць павільён № 10 прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Мазырскія малочныя прадукты», што знаходзіцца на Цэнтральным рынку ў Гомелі, заўсёды бачылі там пакупнікоў: чарга з самай раніцы ледзь не да абеда, ды нямала іх і пад канец працоўнага дня. Такое ўражанне, што павільён ніколі не пустуе. Вырашылі пацікавіцца ў прадаўшчыцы Алены Сасніной, у чым тут справа, і ў адказ пачулі: «Вы лепш самі спытайце ў пакупнікоў аб гэтым, бо я — прадстаўніца, як гаворыцца, зацікаўленага боку і магу быць неаб'ектыўнай».
Што ж, парада слушная. Першай нам на вочы трапіла пенсіянерка Валянціна Васільеўна Жалезнякова, што жыве на вуліцы Карповіча. Яна аказалася жанчынай гаваркой і паведаміла, што шмат гадоў з'яўляецца пастаяннай наведвальніцай павільёна, які задавальняе яе ва ўсім. Асартымент тавараў вельмі шырокі, ветлівасці прадаўшчыцам не займаць. Малайцы, адным словам. Няхай у іх вучацца іншыя гандляры.
Гутарым з Анжэлай Верамеевай, якая жыве побач з рынкам і таксама не жадае мяняць павільён на іншую гандлёвую кропку. Ведаеце, сказала яна, прадаўшчыцы адпускаюць тавар не моўчкі, а стараюцца рабіць нейкія каментарыі да іх: якімі, напрыклад, карыснымі якасцямі яны валодаюць, з чым лепш спажываць. Адным з галоўных прыцягальных фактараў з'яўляюцца і прымальныя цэны на прадукцыю прадпрыемства.
Калі ўражанні гэтых дзвюх жанчын мы перадалі Алене Сасніной, яна не ўтойвала свайго задавальнення і паведаміла, што ў павільёне працуе ўжо восьмы год з напарніцай Наталляй Кугаевай, што асартымент тавараў тут, не перабольшваючы, да 60 — 70 найменняў і яны не толькі вытворчасці «Мазырскіх малочных прадуктаў», але і іншых прадпрыемстваў малочнай галіны рэспублікі: з Гомеля, Рагачова, Глыбокага. Вось нядаўна пачалася пастаўка сюды марозіва з Ліды, прычым ажно сямі відаў.
...Мы размаўляем з начальнікам аддзела збыту прадпрыемства Ірынай Дашкевіч і намеснікам дырэктара па ідэалогіі, кадрах і быце Ганнай Зданевіч, якія істотна дапоўнілі вышэйназваны аповед. Дык вось, сказалі яны, у фірменнай гандлёвай сетцы 16 аб'ектаў: магазіны, павільёны, кіёскі ў Гомелі, Мазыры, Петрыкаве, Ветцы. Чым яна зручная і выгадная прадпрыемству? Ды тым, што гэта чыстыя грошы, якія не трэба чакаць (а здараецца, што і доўга), скажам, ад магазінаў, што належаць сістэме спажывецкай кааперацыі. А так: сёння аддалі прадукцыю ў продаж і сёння ж атрымалі выручку. У фірменным гандлі пакупнік, як паказвае практыка, хутчэй даведваецца пра навінкі: прыйшоў па малако ці смятану, убачыў тавар, які раней не прадаваўся, зацікавіўся ім, распытаў, купіў, пакаштаваў гэтую смакату, параіў суседу...
А наогул прадукцыя мазыран рэалізуецца на ўнутраным рынку па ўсёй рэспубліцы, уключаючы горад Мінск. Галоўная ж задача — задаволіць пакупнікоў Мазырскага, Ельскага і Нараўлянскага раёнаў, сельгаспрадпрыемствы якіх з'яўляюцца сыравіннай базай «Мазырскіх малочных прадуктаў». Унутраны рынак, вобразна кажучы, «паглынае» 30 працэнтаў прадукцыі камбіната, а 70 працэнтаў (гэтую лічбу Ірына Віктараўна назвала неяк узвышана) адпраўляецца за межы краіны. Большая частка яе, вядома ж, ідзе ў Расійскую Федэрацыю. У асноўным гэта малако, кефір, смятана, тварог. Апошнім часам актывізаваліся гандлёвыя сувязі з Украінай, якія значна пашырыліся. Суседзям так спадабалася прадукцыя мазыран, што журналісты гэтай краіны паставілі якасць яе ў інтэрнэце на адну прыступку з якасцю тавараў такіх гігантаў малочнай галіны, як «Савушкаў прадукт» і «Бабулін гладыш».
Такая ацэнка, вядома ж, робіць гонар мазыранам і да многага іх абавязвае. Ведаюць прадукцыю «Мазырскіх малочных прадуктаў» таксама і ў Казахстане, дзе ў лістападзе мінулага года праходзіла прафесіянальная дэгустацыя «Лепшы прадукт World Food Kazahstan». Там малако стэрылізаванае тлустасцю 3,2 працэнта было ўдастоена залатога медаля.
— А што вы не называеце ЗША, Германію, Польшчу, Сінгапур, іншыя краіны, якія закупляюць ваш казеін тэхнічны?
— Сёння, вытворчасць яго спынена з эканамічных меркаванняў.
— Згадзіцеся, Ірына Віктараўна, каб прадаць тавар, трэба яго рэкламаваць, каб людзі ведалі, што ён уяўляе сабой...
— Зразумела вас і спрачацца не буду. Асабліва гэта датычыць навінак. Таму трымаем цесную сувязь са сродкамі масавай інфармацыі, праводзім дэгустацыі прадукцыі, удзельнічаем у кірмашах, конкурсах і выставах, прымаем да ведама заўвагі і пажаданні пакупнікоў. Асаблівую ўвагу надаём дызайну ўпакоўкі, бо яркая, сучасная ўпакоўка — гэта, перш за ўсё, павага да пакупніка.
— Карацей кажучы, працуеце па маркетынгавым плане?
— Менавіта так. Для гэтага зацвярджаем на кожны год бюджэт, у якім прадугледжваем усе расходы на ўказаныя мерапрыемствы.
«Здароўе людзей — наш клопат!»
Сёння ПУП «Мазырскія малочныя прадукты» — сучаснае прадпрыемства, прадукцыя якога вядома пад гандлёвай маркай «Вясёлка смаку» («Радуга вкуса»). Яна карыстаецца попытам, які пастаянна расце, і заслужаным прызнаннем спажыўцоў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. «Радугу вкуса» ведаюць і цэняць у Расіі, ва Украіне. Але, не спыняючыся на дасягнутым і ўлічваючы запатрабаванні рынку, прадпрыемства распрацавала новую лінейку смачных і карысных прадуктаў пад гандлёвай маркай («Крепость здоровья») «Моц здароўя», якія ўзбагачаны біфідабактэрыямі.
— Сёння, — апавядае дырэктар прадпрыемства Галіна Кудзіна, — асартымент нашай прадукцыі налічвае больш за 70 найменняў: малако рознай тлустасці, кісламалочныя прадукты, смятана, вяршкі, тварог і тварожныя вырабы, масла сметанковае 72,5-працэнтнай тлустасці, марозіва, а таксама прадукты дзіцячага харчавання (тварог, тварожныя дэсерты, ёгурты, кісламалочныя прадукты). Штогод мы ўкараняем у вытворчасць новыя віды прадукцыі. Уся яна вырабляецца з натуральнага малака. Мы працуем для людзей. Іх здароўе — наш клопат!
У добрым рытме і рэнтабельна
— Галіна Міхайлаўна, ці задаволены вы вынікамі работы за мінулы год?
— Прадпрыемства спрацавала рэнтабельна, мы павялічылі экспартныя адпраўкі, пашырылі асартымент тавараў, на 40 працэнтаў абнавілі выпуск прадукцыі. Нашы спецыялісты пастаянна адсочвалі і адсочваюць кан'юнктуру рынку, кантралююць навінкі, якія недзе з'яўляюцца, і стараюцца іх укараніць у вытворчасць. І, бадай, самае галоўнае: на розных выставах, кірмашах, конкурсах мы атрымалі цэлы россып узнагарод, а ад спажыўцоў нашай прадукцыі пачулі нямала падзяк.
Толькі наперад
— Ёсць упэўненасць, што і сёлета працоўны напал вашага калектыву будзе такім высокім, ці не?
— У народзе кажуць: маўляў, калі ўзяўся за гуж, то трэба цягнуць воз. Будзем працягваць традыцыю, старацца, памятаючы, якая сёння канкурэнцыя, што спыняцца на дасягнутым нельга, бо можаш застацца ззаду «паравоза». Перад калектывам сёлета стаяць вельмі важныя задачы па далейшым пашырэнні асартыменту прадукцыі і рэканструкцыі вытворчасці для аптымальнай работы дзеючага абсталявання і механізмаў. Для гэтага нам трэба закончыць план мадэрнізацыі, які ўключае чатыры асноўныя этапы: участак па сушцы малака, тварожная лінія, рэканструкцыя аміячна-халадзільнай устаноўкі і мадэрнізацыя цэха дзіцячага харчавання. Усе яны маюць для прадпрыемства вельмі важнае значэнне.
— Чым усё ж выклікана такая маштабнасць работ?
— Гэтаму некалькі прычын. Нашы сыравінныя зоны (а гэта сельгаспрадпрыемствы Мазырскага, Ельскага і Нараўлянскага раёнаў) актыўна вядуць будаўніцтва новых фермаў, дзе прадугледжана павелічэнне дойнага статка і, як вынік гэтага, чакаецца значна большае паступленне малака для перапрацоўкі. Напрыклад, толькі адзін Мазырскі раён штогод дае прырост малака да 110 працэнтаў, ды не спяць у шапку ў Нароўлі і Ельску. Напрыклад, калі зараз мы перапрацоўваем за суткі 180 тон малака, а ў летні перыяд — 220, то ў якую лічбу выльюцца гэтыя тоны, калі фермы ўвойдуць у строй у бліжэйшыя пяць гадоў? Таму мы і вымушаны ўмацоўваць свае вытворчыя «мускулы», каб не адстаць ад патрабаванняў часу.
Апошні раз у нас капітальная мадэрнізацыя і рэканструкцыя праводзіліся ў 1988—1990 гадах, і мы ведаем, што тое ці іншае абсталяванне, якое раней лічылася прагрэсіўным, ужо адслужыла сваё, састарэла. А ў дзверы настойліва стукаюцца новыя тэхналогіі, і на паліцы магазінаў просяцца новыя тавары, што даспадобы пакупнікам. Вось па гэтых прычынах мы і ўзяліся за вышэйзгаданыя чатыры буйныя інвестыцыйныя праекты, якія ўжо рэалізуюцца. Няхай аб гэтым больш падрабязна раскажа галоўны інжынер.
Інвестыцыйныя праекты
У гутарку ўключыўся Аляксандр Патапаў, які паведаміў, што летась у інвестыцыі было накіравана 14 мільярдаў рублёў, частка якіх фінансавалася з разліковага рахунку прадпрыемства, а другая частка — з выкарыстаннем ільготнага крэдыту, які прадастаўляўся ў рамках адпаведнага Указа Прэзідэнта краіны № 480.
Першы праект — гэта рэканструкцыя аміячна-халадзільнай устаноўкі. Сёння на гэтым аб'екце заканчваюцца будаўніча-мантажныя работы, а праз месяц пачнецца мантаж абсталявання (сучасныя нямецкія машыны) з такім разлікам, каб усё было закончана ў маі. Увод аб'екта ў строй дазволіць ажыццявіць некалькі важных задач. Такіх, напрыклад, як змяншэнне выкарыстання электраэнергіі на 38 працэнтаў (эканомія 1,5 мільярда рублёў у год, што станоўча адаб'ецца на сабекошце прадукцыі), абмежаванне выкарыстання аміяку з 15 тон да 934 (!) кілаграмаў, што, вядома, паменшыць негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе, у тым ліку знізіць колькасць выкідаў яго ў атмасферу.
Важнасць ажыццяўлення другога праекта — будаўніцтва ўчастка па вытворчасці сухога абястлушчанага малака — у тым, што прадпрыемства дагэтуль вышэйзгаданы прадукт не выпускала, а ён жа карыстаецца вялікім попытам за мяжой. З уводам участка ў эксплуатацыю (абсталяванне ўжо зманціравана) экспартныя пастаўкі павінны павялічыцца.
«Вузкім» месцам на прадпрыемсте з'яўляецца тварожны ўчастак, вытворчасць якога наладжана ў розных памяшканнях трох паверхаў корпуса і вядзецца з выкарыстаннем вялікай долі ручной працы. Падобна на тое, што неўзабаве з гэтым мы «развітаемся»: Гомельскі аблвыканкам выдзеліў завадчанам 23 мільярды рублёў для набыцця новай тэхнікі, а будаўнічыя работы прадпрыемства будзе весці за кошт уласных сродкаў. Што чакаецца у выніку? Выпуск новага эксперыментальнага прадукту — тварагу буйназярністага прэміум класа з трыццацісутачнай годнасцю замест пяці сутак, як сёння. Навінка ж дапаможа максімальна ахапіць імі суседнія раёны на тэрыторыі Беларусі, Расіі і Украіны. Пазітыўныя змены ў вытворчасці нясе ў сабе і чацвёрты праект — мадэрнізацыя цэха дзіцячага харчавання.
Акрамя вышэйзгаданага, на прадпрыемстве вядуцца работы па бягучай рэканструкцыі, якія датычаць інжынернага забеспячэння. Наперадзе — планы мадэрнізацыі лініі стэрылізаванага малака, бо ўжо сказваецца фізічны знос абсталявання канвеера. У прыватнасці, прынята рашэнне аб правядзенні тэндара па закупцы за мяжой новага высокапрадукцыйнага абсталявання, якое адначасова будзе вызначацца лепшым дызайнам.
...Сёлета ПУП «Мазырскія малочныя прадукты» будзе святкаваць 70-годдзе. Да свайго юбілею калектыў падыходзіць з добрымі паказчыкамі, упэўненасцю ў заўтрашнім дні, з разуменнем таго, што наперадзе шмат работы, якую трэба выконваць аператыўна і добрасумленна. Пажадаем работнікам прадпрыемства ажыццяўлення ўсіх намечаных планаў.
ПУП «Мазырскія малочныя прадукты»
247760, г. Мазыр Гомельскай вобласці, вул. Пралетарская, 114.
Тэл./факс (8 0236) 37 74 32, 37 66 41.
Тэл. 37-74-33, 37-66-03
Эл. адрас: mozyrgmz@tut.by
УНП 490419919
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/11-2.jpg
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/4.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/8.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/6-1.jpg
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/7-2.jpg
[7] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/5-1-копия.jpg
[8] https://zviazda.by/be/tags/gomel
[9] https://zviazda.by/be/tags/mazyrskiya-malochnyya-pradukty
[10] https://zviazda.by/be/tags/alena-sasnina
[11] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-vasileuna-zhaleznyakova
[12] https://zviazda.by/be/tags/ganna-zdanevich
[13] https://zviazda.by/be/tags/iryna-dashkevich
[14] https://zviazda.by/be/my-razam-belarus