Работніца Гродзенскага заапарка вырашыла пагладзіць ільва і засталася без рукі, паведаміў дырэктар дзяржаўнай установы культуры «Гродзенскі заалагічны парк» Алег Жданкін.
Інцыдэнт адбыўся ў суботу 8 лютага. Вопытная 37-гадовая супрацоўніца заапарка, работніца кармакухні, закончыўшы сваю рабочую змену, сабралася ісці дадому. Але па дарозе жанчына вырашыла пагладзіць ільва, пералезла праз агароджу секцыі «драпежныя жывёлы» і прасунула руку паміж жалезнымі прутамі вальера. У адказ леў напаў на жанчыну.
З вялікай укушанай ранай правага перадплечча жанчына была шпіталізавана. Ёй выканана ампутацыя на ўзроўні правага пляча. Паведамляецца, што яе стан цяпер здавальняючы.
«Пацярпелая працуе ў нашым заапарку 15 гадоў, але яе работа ніколі не была непасрэдна звязана з жывёламі. Яна повар на кармакухні. Мне цяжка сказаць, з якіх меркаванняў яна была такой неасцярожнай. Гэта адзінкавае і вельмі сумнае здарэнне для нас. Хачу нагадаць усім наведвальнікам нашага заапарка, што неабходна строга выконваць правілы бяспекі», — сказаў дырэктар. Па факце нападзення льва на чалавека праводзіцца праверка.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/zdarenni
[2] https://zviazda.by/be/naviny-u-belarusi
[3] https://zviazda.by/be/tags/grodna
[4] https://zviazda.by/be/tags/zaapark
[5] https://zviazda.by/be/tags/leu
[6] https://zviazda.by/be/tags/grodzenski-zaalagichny-park
[7] https://zviazda.by/be/tags/aleg-zhdankin