Фота Анатоля КЛЯШЧУКА. У вёсцы Баркалабава і суседніх з ёю захаваўся грамнічны звычай «браціна». Пасля набажэнства ў царкве і асвячэння свечак, прачытаўшы малітвы і абкурыўшы свае хаты, жанчыны збіраюцца на невялікую бяседу, на якой абавязковым рытуалам з'яўляецца выпіванне з аднаго кубка «набрыжэўшага» квасу. Кубак пускаецца па коле і кожная з удзельніц, прыгубіўшы, гаворыць пажаданні альбо просіць Божага блаславення. Сёння баркалабаўскія жыхаркі зноў сыдуцца ў хату нашай даўняй падпісчыцы Марыі Аляксандраўны Елінай (на фотаздымку) весці няспешную гаворку пра адвечныя каштоўнасці, прыгадваць продкаў і пускаць па колу «браціну» — каб жылі ладна і ў згодзе, дапамагалі адна адной, не цураліся, не крыўдавалі і не забываліся.
[4]Чаму менавіта на Грамніцы і як даўно ладзіцца браціна, цяпер у Баркалабаве дакладна ніхто не патлумачыць. Па сутнасці, гэты грамнічны звычай цяпер жыве дзякуючы мясцоваму фальклорнаму гурту «Спадчына», старэйшыя з удзельніц якога яшчэ крыху памятаюць, як раней адзначаліся Грамніцы — як чакалі свята, рыхтаваліся да яго, запрашалі на браціну родных, сваякоў і суседзяў. Грамніцы дагэтуль застаюцца асаблівым днём для баркалабаўцаў — ад самых старэйшых да моладзі. Бо гэта — сваё, адвечнае, кроўнае.
— Ганарымся, што маем у сваёй духоўнай спадчыне гэткі цікавы звычай, імкнёмся зберагчы яго і іншую баркалабаўскую адметнасць, — кажа дырэктар Дома культуры Алена Усава. — Спрабуем далучаць да традыцый і моладзь.
[5]Набажэнства ў Баркалабаўскай царкве пачынаецца яшчэ ў прыцемку. Жыхары вёскі збіраюцца ў адноўленым храме, каб асвяціць свечкі — васковыя, духмяныя, колеру спелага мёду.
—- Свечкі будзем запальваць у час маланкі альбо буры, — дружна тлумачаць Марыя Еліна, Валянціна Турына, Любоў Матвеева, Зінаіда Квартальная, Марыя Цыркунова, Святлана Чухманава, Марыя Грэбе і Алеся Аседач, якія раней за ўсіх прыйшлі ў храм, каб адстаяць службу і дачакацца моманту асвячэння. — Гэтак рабілі нашыя дзяды і бацькі. Мы таксама верым у цудадзейнасць грамнічнага полымя.
[6]Пасля царкоўнай службы жанчыны нясуць свечкі да сваіх хат, прыкрываючы полымя далонямі, абкурваюць сенцы, пакоі і гаспадарчыя пабудовы — хлявы, паветкі, куратнікі. Ставяць свечкі на покуць. Сядаюць за стол.
Першае слова заўсёды бярэ гаспадыня хаты: «у гэтую браціну піва наліваю, гэту браціну па кругу пускаю! Дай, Божа, усім добрага здароўя!» І напоўнены салодкім «півам» кубак па ходу сонца перадаецца з рук у рукі. Пакуль усе госці не прыкладуцца да кубка, на стол яго ставіць нельга.
У дзень праваслаўнага Стрэчання спрадвеку казалі: «Грамніца — зіме і хлебу палавіца». Асвечаныя ў гэты дзень свечкі называюць грамнічнымі — яны засцерагаюць ад бяды. Па грамнічным надвор'і ў мінулыя часы вызначалі будучы ўраджай: «Калі на Грамніцы растане снег, то на Юр'я на лугах будзе ўжо трава. На Грамніцы адліга — з ураджаю будзе хвіга». Лічыцца, што на Стрэчанне «зіма з летам сустракаюцца».
Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.
Быхаўскі раён.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/z-zhyccya
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/221.png
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/46.png
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/39.png
[7] https://zviazda.by/be/tags/barkalabauskiya-gramnicy
[8] https://zviazda.by/be/tags/zvychay-bracina
[9] https://zviazda.by/be/tags/maryya-elina
[10] https://zviazda.by/be/tags/alena-usava