У рамках чарговага інфармацыйнага праекта «Адзін дзень на «Мінскай пошце» (так называецца пункт міжнароднага паштовага абмену) журналістам рэспубліканскіх і сталічных СМІ была дадзена магчымасць наведаць адну з самых закрытых зон мытнага кантролю Мінскай рэгіянальнай мытні — па працы з міжнароднай карэспандэнцыяй.
[2]— У сувязі з ростам гандлёвых зносін праз інтэрнэт-крамы з выкарыстаннем пошты рэзка ўзрасла загружанасць мытных службаў па кантролі міжнародных адпраўленняў. Напаўненне пасылак і бандэроляў усё больш сведчыць пра тое, што пошта робіцца важным звяном у гандлёвым бізнесе. Узрастае колькасць выпадковых і свядомых парушэнняў перасылкі, усё часцей фіксуецца кантрабандны тавар, — патлумачыў журналістам начальнік Мінскай рэгіянальнай мытні Юрый Сянько.
Уся міжнародная карэспандэнцыя дастаўляецца ў беларускую сталіцу з дапамогаю аўтамабільнага транспарту, чыгункі і авіяцыі. У будынку «Мінскай пошты» яе сартуюць на некалькі відаў і падвідаў — аформленую бездакорна, па ўсіх правілах, і тую, якая мае адрасатныя памылкі і выклікае пытанні. На пасылкі буйнагабарытныя і маленькія пакеты. Але ўсе паштовыя адпраўленні праходзяць абавязковы кантроль праз рэнтген-апарат, узважванне, зверкі заяўленага кошту і змесціва. Бо не заўсёды тое, што заяўлена адрасатам у суправаджальных дакументах, з'яўляецца праўдай. Знаходзіцца нямала ахвотных пазбегнуць уплаты мытных падаткаў і занізіць кошт. Такія пакеты ўскрываюцца, каб пераканацца, што сума ацэнкі тавару адпавядае рэальнаму яго кошту. Выпадак прадэманстраваць журналістам прыклад гэткай неадпаведнасці не прымусіў сябе чакаць: у невялікай бандэролі — сотавы тэлефон. Заяўлены кошт тавару — 20 долараў. Насамрэч кошт «мабілкі» не менш за 200 еўра — гэта мытнікі высвятляюць у сеціве. Парушэнне навідавоку. Адпаведна нормам, кошт тавару, які перасылаецца, не можа перавышаць суму, роўную ў эквіваленце 120 еўра. Калі ён перавышаны — трэба плаціць падатак. Выяўленае парушэнне дае права змясціць тэлефон у даход дзяржавы.
Вось вялікі пакунак з Італіі, які таксама зацікавіў мытнікаў: сярод прадуктаў харчавання, дзіцячых цацак і адзення з дапамогаю рэнтгену была выяўлена бутэлька, як высветлілася — з алкаголем, а гэта забаронены від для перасылкі. Пакет, які больш нагадвае гуманітарную дапамогу, дзякуючы нядбайнаму адпраўшчыку будзе вернуты назад у Італію. Той, хто пакаваў і адпраўляў у Беларусь паштовую скрынку, відаць спадзяваўся, што алкаголь не выявяць.
— Дагэтуль многія адрасаты спадзяюцца на «шчаслівы» выпадак, што пошта не заўважыць парушэння. Хоць інтэрнэт-гандаль толькі за апошні год узрос на 25-30%, наша служба паспяхова спраўляецца з аб'ёмамі, хоць працуе ў ёй усяго 19 чалавек, — паведаміў начальнік Мінскай рэгіянальнай мытні Юрый Сянько.
Паштовыя аб'ёмы сапраўды ўражваюць. Яшчэ ў 2012 годзе праз «Мінскую пошту» прайшло чатыры з паловай мільёнаў штук карэспандэнцыі. Летась яе было ўжо 6,8 мільёна. Сёлета гэтая лічба пераўзыдзе 10 мільёнаў. Штодня праз рэнтген-апарат праходзіць да двух з паловаю тысяч пасылак, а гэта болей за 13 тон вагі.
Вялікія намаганні мінскіх мытнікаў накіраваны на выяўленне забароненых да перасылкі тавараў — цыгарэт, алкаголю, прадметаў гістарычнай каштоўнасці. Але ў найбольшай ступені і небеспаспяхова вядзецца выяўленне наркотыкаў, псіхатропных рэчываў, зброі, боепрыпасаў. Летась было выяўлена 20 такіх выпадкаў перасылкі.
— Дзякуючы сучасным камп'ютарным праграмам і тэхналогіям мы ствараем базы звестак на парушальнікаў, і гэта значна спрашчае працу мытнікаў з паштовым таварам. Шмат хто, паспрабаваўшы выкарыстаць пошту для незаконнай камерцыі, зразумеў, што гэты бізнес у іх наўрад ці будзе мець плён, — паведаміў на сустрэчы журналістам начальнік упраўлення арганізацыі мытнага камітэта Беларусі Віктар Арлоўскі.
Анатоль Кляшчук.
Фота аўтара.
На здымках: старшы інспектар мытнай службы Сяргей Прахорык счытвае інфармацыю з пакета і заносіць яе ў базу звестак; тэлефон, які быў заяўлены па заніжаным кошце; міжнародныя паштовыя адпраўленні, якія падлягаюць дасканальнай праверцы, чакаюць сваёй чаргі; супрацоўнікі мытні і «Белпошты» праводзяць ручны агляд пасылкі з укладзеным таварам, забароненым да перасылкі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/1172.png
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/235.png
[4] https://zviazda.by/be/tags/minskaya-regiyanalnaya-mytnya-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/infarmacyyny-praekt-adzin-dzen-na-minskay-poshce
[6] https://zviazda.by/be/tags/yuryy-syanko-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk-1