Усёпаглынальная радасць і татальная цішыня. Менавіта такія розныя «атмасферы» панавалі ў раздзявальнях гродзенскага «Нёмана» і «Мінска». Пасля непрыемнай серыі паражэнняў у чэмпіянаце гродзенцы, як той казаў, ачунялі і на даволі вязкім ад дажджу полі мінскага «Тарпеда» далі бой сталічнай дружыне.
Перавага гасцей яскрава адчувалася ў другім тайме, калі галы градам пасыпаліся ў вароты Уладзіміра Бушмы. У выніку 3:1 — гасцявая вікторыя «нёманцаў», якая не толькі спыніла непрыемную серыю, але і дазволіла ім трапіць у Лігу Еўропы. Рэч у тым, што другім фіналістам стаў салігорскі «Шахцёр», які ў Магілёве перайграў мясцовы «Дняпро» (3:1). Каманда Сяргея Бароўскага яшчэ леташнім снежнем, дзякуючы сярэбраным медалям першынства, заваявала месца ў еўракубках, а таму яшчэ адна пуцёўка, незалежна ад выніку, аўтаматычна пераходзіць фіналісту Кубка краіны.
— Гэта быў па ўсім вельмі важны матч, — пасля сустрэчы прызнаўся Сяргей Саладоўнікаў, галоўны трэнер «Нёмана». — Усе ведаюць, як мы гулялі апошнія матчы (каманда з Гродна саступіла ва ўсіх трох турах чэмпіянату. — Аўт.)... Але я бачыў, з якімі вачыма хлопцы рыхтаваліся да гэтай гульні, і я ведаў, што мы згуляем добра. Што тычыцца чэмпіянату, мы зробім усё, каб выправіць сітуацыю. Ён толькі пачаўся.
Застаецца дадаць, што фінальны паядынак за Кубак краіны адбудзецца 3 мая і пройдзе на сучаснай «Барысаў-Арэне».
Тарас ШЧЫРЫ. Фота аўтара.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taras-shchyry
[2] https://zviazda.by/be/gazeta
[3] https://zviazda.by/be/sport
[4] https://zviazda.by/be/sport-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/sport
[6] https://zviazda.by/be/tags/nyoman
[7] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[8] https://zviazda.by/be/tags/kubak-belarusi
[9] https://zviazda.by/be/tags/shahcyor
[10] https://zviazda.by/be/tags/dnyapro
[11] https://zviazda.by/be/tags/tarpeda
[12] https://zviazda.by/be/tags/fk