Каля 1,5 млн уладальнікаў веласіпедаў налічваецца сёння ў Беларусі. А ў сталіцы ўладальнікам веласіпеда з'яўляецца кожны пяты жыхар.
— Узровень цікавасці да язды на веласіпедзе наўпрост залежыць ад наяўнасці ў населеным пункце развітой інфраструктуры, — лічыць намеснік дырэктара па развіцці сеткі «Велазона» Ігар Давыдзенка. — Чым больш у горадзе веладарожак і маршрутаў, тым большая і колькасць веласіпедыстаў. Пад'ём веласіпеднай культуры ўжо закрануў Мінск, а неўзабаве распаўсюдзіцца і на іншыя гарады краіны.
Веласіпедысты складаюць 16 працэнтаў насельніцтва Беларусі. Для параўнання: у Германіі гэты паказчык дасягае 76%, у Даніі — 80%, Швецыі — 64%, Нарвегіі — 61%, Кітаі — 37%. А ў самай «веласіпеднай» краіне свету — Галандыі — на 1 тысячу жыхароў прыпадае 990 веласіпедаў. Беларусы набываюць штогод каля 100 тысяч новых веласіпедаў. Прыкладна 40% з іх знаходзяць сваіх уладальнікаў у Мінску.
Найбольш актыўна асвойваюць веласіпеды мужчыны — яны складаюць каля паловы ўсіх велааматараў у Беларусі. Жанчыны набываюць менш за трэцюю частку веласіпедаў. А вось на дзіцячыя ровары прыпадае кожная пятая пакупка. Найбольш папулярныя ў беларусаў горныя веласіпеды, доля якіх у сучасным велапарку дасягае 70%. На другім месцы — гібрыдныя і дарожныя мадэлі (20%). А на ўсе іншыя мадэлі прыпадае толькі 10% усяго рынку.
Па ацэнках эксперта, колькасць велатурыстаў дасягае ў Беларусі 10 тысяч чалавек.
— Пакуль гэты напрамак толькі фарміруецца: за апошнія гады ў краіне хоць і з'явіліся знакавыя веламаршруты, але цікавасць да іх непараўнальна ніжэйшая, чым да аўтобусных тураў. Звычайна для велавандровак беларусы выкарыстоўваюць горныя або дарожныя байкі. А спецыяльныя турыстычныя веласіпеды на беларускіх дарогах сустракаюцца надзвычай рэдка, — канстатуе Ігар Давыдзенка. — Разам з тым сярод веласіпедыстаў у Беларусі шмат заможных людзей. У адрозненне ад Індыі, дзе веласіпед часцей за ўсё выкарыстоўваюць небагатыя людзі, у Беларусі можна сустрэць на веладарожцы і бізнесменаў, і артыстаў, і менеджараў сярэдняга і вышэйшага звяна.
Цікава, што большую палову ўладальнікаў новых веласіпедаў складаюць аўтамабілісты. Як правіла, ровар яны набываюць не як альтэрнатыву машыне, а як дапаўненне да яе. І робяць гэта не для таго, каб сэканоміць на паліве, а каб заняцца спортам або актыўна адпачываць з сям'ёй.
Беларусь імкліва скарачае разрыў з вядучымі еўрапейскімі краінамі ў галіне веласіпеднай моды і культуры. Усё больш людзей выкарыстоўваюць веласіпед у штодзённым жыцці. Стаўленне да яго змяняецца: цяпер гэта не проста спосаб баўлення вольнага часу, а абавязковы атрыбут здаровага ладу жыцця.
Між іншым, нядаўна ў Мінску і Гродна стартаваў конкурс на самую дружалюбную да веласіпедаў арганізацыю «Дзелавы веласіпед — 2014».
— Стварэнне камфортных умоў для веласіпедыстаў — задача не толькі гарадскіх адміністрацый, але і адказнасць кожнай канкрэтнай арганізацыі перад сваімі супрацоўнікамі, горадам і навакольным асяроддзем, — упэўнены супрацоўнік энергетычнай праграмы Цэнтра экалагічных рашэнняў Павел Гарбуноў.
Дружалюбная да веласіпедыстаў арганізацыя — такая арганізацыя, якая стварае зручныя ўмовы для сваіх супрацоўнікаў і наведвальнікаў-веласіпедыстаў. Узяць удзел у конкурсе могуць арганізацыі любой формы ўласнасці і ўстановы адукацыі.
Пераможцы будуць вызначацца ў наступных намінацыях: «Самая дружалюбная да веласіпедыстаў арганізацыя 2014 года», «Самая дружалюбная да веласіпедыстаў вышэйшая і сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова», «Самая дружалюбная да веласіпедыстаў установа агульнай сярэдняй адукацыі» і «Самая дружалюбная да веласіпедыстаў установа сферы абслугоўвання». Арганізацыі-пераможцы будуць адзначаны дыпломамі, прызамі і атрымаюць банеры пераможцаў для размяшчэння на сваіх рэсурсах.
Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца да 24 ліпеня 2014 года на сайце конкурсу
www.velo.ecoіdea.by [4].
Надзея НІКАЛАЕВА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gazeta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[4] https://zviazda.by/be/www.velo.eco%D1%96dea.by