Сексуальнасць чалавека рэалізуецца ў першую чаргу праз сексуальныя стасункі з партнёрам. Таму гаворачы пра якасць сексу, мы павінны гаварыць пра якасць гэтых стасункаў. Для іх апісання спецыялісты выкарыстоўваюць паняцце сексуальнай гармоніі. У каго ёсць такая гармонія — даведаемся ад урача-сексолага Мінска-
га гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Мікалая ХВАШЧЫНСКАГА.
— Сексуальная гармонія ёсць, калі палавое жаданне і актыўнасць у пары прыводзяць да аптымальнага зліцця эратычных адчуванняў, да аргазму, поўнага псіхасексуальнага задавальнення абодвух партнёраў! Словам, якасны секс указвае на гарманічныя сексуальныя стасункі. На першы погляд усё даволі проста: было б жаданне — астатняе прыкладзецца... Аднак моцныя ўзаемныя пачуцці — яшчэ не гарантыя паспяховасці ў інтымным жыцці.
Для сапраўднай гармоніі ў пары патрабуецца супадзенне вельмі многіх рэчаў — агульнай культуры, каштоўнасцяў, маральных прынцыпаў... Важнае і супадзенне этнічных асаблівасцяў, матываў інтымнай блізкасці, стыляў мужчынскіх і жаночых паводзін, псіхасексуальных тыпаў (хто «лідар», а хто «падпарадкаваны»), ідэалізаваных фантазій аб сумесным жыцці і сямейнай структуры. Што да наяўнасці ўзаемнага кахання, глыбокай эмацыянальнай сувязі, спалучэння рыс характару, то гэта, безумоўна, толькі ўзбагачае сексуальнае жыццё.
Павысяць якасць сексу і супадзенне палавых тэмпераментаў партнёраў, адсутнасць адрозненняў у індывідуальных біярытмах, падабенства ўяўленняў аб псіхафізіялогіі мужчынскай і жаночай сексуальнасці, веданне яе ўзроставых і фізіялагічных асаблівасцяў. Існуюць і «тэхнічныя» крытэрыі якасці сексуальных адносін — адсутнасць стэрэатыпаў у палавым жыцці, супадзенне сексуальных інтарэсаў. Не будзем скідваць з рахунку і разуменне сексуальных жаданняў партнёра, адэкватнае выражэнне сваіх уласных, уменне прыстасоўваць палавыя патрэбы ў пары.
— Мужчына і жанчына заўсёды па-рознаму глядзяць на секс. У гэтым сэнсе існуе і мноства міфаў. А чаго ж на самой справе хочуць адны і другія?
— Вядома, у сексуальнасці мужчын і жанчын ёсць адрозненні. Традыцыйна лічыцца, што для моцнай паловы характэрнае больш выражанае сексуальнае жаданне, сексуальная агрэсіўнасць, напорыстасць, нястрыманасць. Больш частыя сексуальныя думкі і фантазіі: 12-19-гадовыя юнакі пастаянна думаюць пра секс, мужчыны 40-50 гадоў — недзе раз у паўгадзіны. Мужчыны не так моцна эмацыянальна ўцягваюцца ў інтымныя адносіны. Яны больш схільныя да сексуальнай разнастайнасці і «кароткіх» сувязяў — вельмі спрэчны, дарэчы, тэзіс. У іх больш выражаная рэакцыя на візуальныя сексуальныя стымулы — тое, што называюць «любіць вачыма». Асноўны матыў палавой блізкасці — сексуальнае жаданне. Мужчыны аддаюць перавагу сексу перад іншымі заняткамі і гатовы ахвяраваць многімі рэсурсамі дзеля сексу. Характэрная і «выканаўчая трывожнасць» — сумненні ў сваім майстэрстве, страх перад магчымай сексуальнай няўдачай. У мужчын больш высокія сексуальныя запыты і меншая сексуальная задаволенасць. Пік сексуальнай актыўнасці назіраецца ва ўзросце 20-25 гадоў. Гэта, так бы мовіць, агульныя характарыстыкі. Не варта гэта ўспрымаць літаральна да кожнага асобнага мужчыны...
Гэткім жа чынам можна сказаць, што ў цэлым для жаночай сексуальнасці характэрная залежнасць сексуальнай задаволенасці ад якасці стасункаў з партнёрам (у шчаслівых шлюбах жанчыны часцей указваюць на наяўнасць аргазму). Асноўны матыў палавой блізкасці — пачуцці, каханне. Характэрны і мацярынскі інстынкт, вельмі значным будзе першы сексуальны вопыт. Росквіт сексуальнасці адбываецца павольна. У першыя тры месяцы пасля замужжа каля 20 працэнтаў жанчын перажываюць аргазм, праз 10 гадоў — 90 працэнтаў. Жанчыны, у сваю чаргу, «любяць вушамі» — больш рэагуюць на аўдыяэратычныя стымулы. Адсутнасць аргазму для жанчыны не выключае магчымасці перажывання сексуальнай задаволенасці. Цікавая сувязь лібіда і аргазму з узроўнем адукацыі і прафесіяй. Так, у жанчын-гуманітарыяў лібіда і аргазм больш моцныя, чым у хатніх гаспадынь. А пік жаночай сексуальнай актыўнасці прыпадае на ўзрост пасля 30.
Большасць секс-стэрэатыпаў звязаныя, вядома, з сексуальнасцю мужчынскай: «сапраўдны мужчына праяўляецца найперш у сексе»; «мужчына заўсёды жадае і заўсёды гатовы да сексу»; «у сапраўднага мужчыны няма сексуальных праблем»; «у сексе мужчына не павінен слухаць жанчыну»; «чым больш жанчын і палавых актаў, тым лепш»; «адмовіцца ад сексу — распісацца ў сваёй няздольнасці як мужчыны»; «мужчына павінен «давесці» партнёрку да аргазму»; «інтымная блізкасць — гэта працяглы палавы акт, пяшчота — другасная».
Цікава, што часам не толькі самі мужчыны, але і жанчыны культывуюць ды ўсяляк «замацоўваюць» у сваёй свядомасці падобныя міфы.
— Што хутчэй «забівае секс» у асобнай пары: шлюб, нараджэнне дзяцей, злоўжыванне алкаголем?
— Наогул існуе шмат прычын, якія «забіваюць» секс. Спецыялісты дзеляць іх на псіхагенныя і арганічныя. Скажам, гэта могуць быць нейкія «сітуацыі»: неспрыяльныя ўмовы для інтымных адносін, страх перад цяжарнасцю ці венерычным захворваннем, псіхічная і фізічная стомленасць, алкагольнае ап'яненне. Нашкодзіць могуць і псіхічныя траўмы, звязаныя з успамінамі аб колішніх сексуальных няўдачах, нейкія апасенні адносна няздольнасці задаволіць партнёра, страх пацярпець фіяска падчас палавой блізкасці. Асобны момант — праблемы ў пары, бытавыя канфлікты, недавер, рэўнасць, абыякавасць, абразы, страта павагі адзін да аднаго. Могуць быць і асабістыя праблемы — трывожныя рысы характару, заніжаная самаацэнка, схільнасць да самаедства, залішняя адказнасць за поспех інтымных адносін, памылковыя ўяўленні аб палавым жыцці.
Аднак секс становіцца немагчымым і пры некаторых захворваннях, якія, скажам, парушаюць кровазварот у палавых органах, — атэрасклероз, цукровы дыябет. Нельга забывацца і на зніжэнне выпрацоўкі палавых гармонаў з узростам. Тытунь, алкаголь, наркотыкі з цягам часу таксама істотна пагаршаюць сітуацыю і не стасуюцца з нармальным сексуальным жыццём.
Той, хто клапоціцца аб наяўнасці сексуальнай гармоніі ў сваім жыцці, павінен, у прынцыпе, сачыць за сваім фізічным здароўем, своечасова вырашаць псіхалагічныя праблемы — з дапамогай псіхолага, псіхатэрапеўта ці сексолага. Гэта зусім не складана, калі з павагай ставішся да сябе і партнёра.
— Ці расце ў нас колькасць сексуальных расстройстваў, паталогій? Як можна ацаніць сексуальнае здароўе сучасных мужчын і жанчын?
— Рост колькасці зваротаў па сексалагічную дапамогу абумоўлены найперш павышэннем агульнага культурнага і адукацыйнага ўзроўню насельніцтва. Сёння да ўрачоў-сексолагаў звяртаюцца мужчыны і жанчыны ад 18 да 80 гадоў. Аднак і аб'ектыўна колькасць сексуальных парушэнняў будзе расці, паколькі жыццё сучаснага чалавека прасякнутае моцнымі псіхічнымі перагрузкамі, а распаўсюджванне захворванняў сардэчна-сасудзістай і эндакрыннай сістэм істотна пагаршае сітуацыю.
— «Секс-цацкі», спецыяльныя прыстасаванні для сексуальных гульняў сапраўды робяць палавое жыццё больш разнастайным?
— А вы падумайце, ці можна зрабіць больш разнастайнай любоў да свайго дзіцяці... Любоў або ёсць, або яе няма. Ніякая новая «цацка» яе не стварае. З сексуальнымі стасункамі тое ж самае. Калі ёсць моцнае пачуццё, яно не павінна дазволіць лібіда завязнуць у «быце». З іншага боку, ніхто не адмаўляе эксперыменты ў сексе. У пары дапушчальныя самыя разнастайныя формы сексуальных адносін. Патрэбны дзве ўмовы: узаемная згода дарослых, свядомых партнёраў і адсутнасць фізічнай або маральнай шкоды сабе, партнёру або іншым людзям.
Матэрыялы старонкі падрыхтавала Святлана БАРЫСЕНКА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/zdaroue
[3] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[4] https://zviazda.by/be/tags/seks
[5] https://zviazda.by/be/tags/mikalay-hvashchynski