Расповед у «Звяздзе» ад 6.06.2014 г. «Мы жылі ў неймаверным страху» глыбока ўзрушыў мяне, чалавека, які сваё першае баявое хрышчэнне прыняў у 16 гадоў. Бачу, нібы наяве, дзяўчынку з малым дзіцем на руках, якая разам з іншымі жыхарамі вёскі Зеляніца Кіраўскага раёна хаваецца ад фашысцкіх карнікаў...
Вёска Зеляніца запала ў маю душу як сімвал нялёгкага партызанскага жыцця. Для нашага атрада № 259 8-й Рагачоўскай партызанскай брыгады Зеляніца была апошнім прытулкам перад паходамі ў прыфрантавую зону ў Рагачоўскім раёне.
Першае знаёмства з Зеляніцай адбылося ў канцы лістапада 1943 года. Наша брыгада з набліжэннем фронту да Рагачова перапраўлялася ў партызанскую зону Клічаўскага раёна. Гэты пераход быў адным з самых цяжкіх. У цемру і непагадзь па ўскрайку дрыгвы 2000 партызан з абозамі павінны былі перайсці шашу Магілёў — Бабруйск, якая ахоўвалася немцамі. У час руху з аднаго бункера пачуліся стрэлы. Але наша баявая ахова іх падавіла, і да поўначы мы выйшлі да бліжэйшых вёсак. Для кароткага адпачынку нам «дасталася» Зеляніца.
Перад намі была не вёска, а папялішча, на якім дзе-нідзе праглядаліся невялікія зямлянкі. У адной з іх, што прытулілася да ўскрайку лесу, і размясціўся наш узвод. На печцы сядзела гаспадыня пажылога ўзросту, а на прыпечку гарэла лучына. На падлозе ўсе палеглі ўпокат і заснулі.
Ноччу высветлілася, што партызан, які патруляваў вёску, пакінуў свой пост і лёг адпачываць у зямлянцы. Па загадзе камандзіра атрада раніцай пастроеныя ў калону партызаны абралі трыбунал, які пасля разбору справы вынес прысуд — расстраляць! Прысуд усе ўхвалілі, і парушальнік партызанскай прысягі на ўскрайку вёскі быў пакараны.
...Праз месяц наша брыгада размясцілася ў зямлянках ва Усакінскім лесе, непадалёк ад спаленай разам з жыхарамі вёскі Усакіна. Мы добра ведалі пра ўсё, пра што распавядала на старонках «Звязды» Зінаіда Авяр'янаўна Комбар: і пра лёс мясцовых жыхароў, і пра тое, што Клічаў знаходзіўся пад уладай партызан брыгады Ізоха, і пра аэрадром сярод Усакінскага лесу, адкуль на самалётах адпраўлялі за лінію фронту дзетак і параненых партызан.
Галоўнай справай нашай брыгады былі баявыя дзеянні на Рагачоўшчыне, хаця ваявалі таксама і на Кіраўшчыне. Нашаму ўзводу пашчасціла пабываць у Зеляніцы больш за 10 разоў, робячы рэйды пад Рагачоў. Аднойчы ўзвод зрабіў засаду на немцаў ля вёскі Крушынаўка і забіў 9 фрыцаў. Падчас іншых паходаў мы ставілі міны, праводзілі разведку. Да паходу і пасля выканання баявога задання кожны раз заходзілі ў тую самую, прытуленую да ўскрайку лесу зямлянку. Есці ў гаспадыні мы не прасілі, бо ведалі, што ў вёсцы нічога няма, ды і самім не было чым аддзячыць. (Толькі аднойчы, сабраўшы ў лесе мёду ад калоды са спілаванай сасны, мы самі паласаваліся і далі пакаштаваць гэтай жанчыне.)
Не пакідае мяне ўспамін пра яшчэ адзін вельмі цяжкі паход, які скончыўся ў той самай Зеляніцы.
У другой палове лютага 1944 года наша брыгада спрабавала прабіцца да сваіх праз калідор, які «адкрыўся» ў Быхаўскім раёне падчас баёў за вызваленне Рагачова. Па засыпаным снегам бездарожжы, пасля пераходу ў 70 км, брыгада на досвітку падышла да лініі фронту. Блізка чуліся выбухі і кулямётныя стрэлы. Сталі чакаць цемры. Вогнішчаў не палілі. Есці нічога, акрамя кавалачка сырой мерзлай каніны, не было.
Але «калідор» быў немцамі закрыты, а нашу разведку заўважылі. Прыйшлося хутка, не затрымліваючыся, бегчы назад. Неяк дабраліся да шашы, але сілы пакідалі людзей. Пад соснамі трапляліся па 3-5 партызан, якія спалі. Нашаму атраду — ён ішоў апошнім — даводзілася будзіць спячых, каб не змерзлі... Сабраўся ж атрад зноў у Зеляніцы.
Да канца вясны баявыя дзеянні атрада і ўсёй брыгады ладзіліся ля шашы Магілёў — Бабруйск і ля гарнізона немцаў у Кіраўску (мініраванне, засады). «На развітанне» мне з двума паплечнікамі (Санька Шаўцоў і Іван Паштароў) пашчасціла выканаць няпростую ролю. У апошнюю дэкаду мая 1944 г. камандзір брыгады даручыў нам правесці ў раёне рэчкі Друць ля мяжы Кіраўскага і Рагачоўскага раёнаў разведку, каб высветліць, дзе немцы ладзяць пераправы, дзе стаяць па вёсках гарнізоны, батарэі. Нам выдалі па дзве гранаты («эфкі»), трохі хлебных сухароў, і мы адправіліся ў паход. З дапамогай мясцовых жыхароў і сялянскіх хлопчыкаў выявілі адну пераправу цераз Друць і два нямецкія гарнізоны. Мы і не здагадваліся, што разведка гэта была патрэбна перад пачаткам аперацыі «Баграціён».
І вось апошняя сустрэча з Зеляніцай. 22 чэрвеня 1944 г. Ноччу армады нашых самалётаў паляцелі ў бок Асіповічаў і Мінска. Пачуліся моцныя выбухі. Праз пару дзён наша разведка сустрэлася з савецкімі разведчыкамі, а на наступны дзень 8-я Рагачоўская партызанская брыгада рушыла ў бок шашы Магілёў — Бабруйск, каб перакрыць адыход немцаў з Магілёва. Але Чырвоная Армія нас апярэдзіла, і 26 чэрвеня ля той самай Зеляніцы мы злучыліся з нашымі. Так скончылася партызанская эпапея.
На ўскрайку лесу брыгада была расфарміравана. З 900 партызан сфарміравалі запасны армейскі батальён. Нас направілі пешшу даганяць сваю часць у бок Мінска...
Пасля парада партызан 16 ліпеня нас расфарміравалі. У кожнага лёс склаўся па-свойму.
...Праз некалькі гадоў у складзе следчай групы я займаўся раскрыццём забойства дзяўчыны ля шашы Магілёў — Бабруйск, якраз насупраць Зеляніцы. Ну як не схадзіць і не паглядзець на такую блізкую вёску? Пешшу я пакрочыў у Зеляніцу. На развілцы дарог стаяў той самы драўляны крыж з абярэгам. Перад вачыма з'явілася невялікая вёска, забудаваная ладнымі новымі хатамі. Пахадзіў па хатах, пагаварыў з мужыкамі. На пытанне — ці памятаюць яны рагачоўскіх партызан — мне адказалі, што праз вёску праходзіла многа партызан і ніхто не пытаў, адкуль яны... Але пра тых, што «асудзілі і расстралялі свайго», мужчыны не толькі памяталі, але і ўнукам расказвалі...
...І вось не так даўно прачытаў у «Звяздзе», што Зеляніца абязлюдзела. Маладыя параз'язджаліся, а старыя адыходзяць... Вельмі шкада — і людзей, і вёску, і памяць аб ёй...
Леанід КАЛІНКОВІЧ,
былы партызан 8-й Рагачоўскай партызанскай брыгады
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/pamyac
[2] https://zviazda.by/be/tags/ragachouski-rayon
[3] https://zviazda.by/be/tags/leanid-kalinkovich
[4] https://zviazda.by/be/tags/partyzan
[5] https://zviazda.by/be/tags/fashysty
[6] https://zviazda.by/be/tags/zelyanica