У жыцці кожнага народа ёсць лёсавызначальныя дні, якія становяцца кропкай адліку новага этапу.
3-га чэрвеня 1944 года — знакавая для нашай краіны, для кожнага яе жыхара дата, сапраўды ўпісаная ў сэрцы крывёю. Менавіта гэты дзень па волі беларусаў стаў Днём Незалежнасці, звязаўшы ў адно цэлае такія паняцці, як «перамога» і «свабода».
Свабоду нельга здабыць па загадзе, дзякуючы росчырку пяра. Наша незалежнасць заснавана на заслугах пакаленняў пераможцаў. А абараняць і захоўваць яе — нам. Так, дарэчы, лічаць і тыя, каму мы прапанавалі адказаць на, здавалася б, простае і, разам з тым, вельмі складанае пытанне: «Што такое незалежнасць?»
Мікалай САМАСЕЙКА, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах:
— Любая дзяржава, якая пазіцыяніруе сябе як паспяховая, павінна ставіць перад сабой рэалізацыю дзвюх асноўных задач: забеспячэнне нацыянальнай бяспекі і клопат пра дабрабыт. Выкананне гэтага і фарміруе незалежнасць краіны. Свята 3 ліпеня — гэта свята ўсенароднае, калі кожны беларус адчувае сваё дачыненне да тых працэсаў, што адбываюцца ў рэспубліцы; свята, якое дорыць аптымістычныя надзеі на будучыню.
Адам КАВАЛЬКА, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, старшыня Астравецкага райвыканкама:
— Калі чалавек незалежны, ён самы шчаслівы чалавек. І гэта тычыцца ўсіх кірункаў нашага жыцця. Тое самае можна сказаць і пра дзяржаву. На незалежнасць нашай дзяржавы працуе і грандыёзны праект, які сёння ажыццяўляецца на Астравеччыне, — будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Яго мэта — не толькі ўнесці важкі ўклад у эканоміку краіны, бо 25 працэнтаў электрычнай энергіі ад патрэб усёй Беларусі дасць наша станцыя. Самае галоўнае — у выніку мы зменшым выкарыстанне газу, а значыць, знізім энергетычную залежнасць краіны, што, у сваю чаргу, звязана з нацыянальнай бяспекай.
Дзень Незалежнасці ў Беларусі асаблівы яшчэ і тым, што супадае з 70-годдзем з дня вызвалення нашай сталіцы ад гітлераўскіх захопнікаў. Гэта — вялікае свята, асаблівая радасць!
Аляксандр ФЕНЬ, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, удзельнік вызвалення Беларусі:
— Аб незалежнасці сведчыць тое, што мы можам самастойна планаваць развіццё нашай дзяржавы, вырашаць, з кім наладжваць міжнародныя сувязі, а не падпарадкоўвацца загадам іншых дзяржаў, як сёння гэта адбываецца ва Украіне. Да вайны мы былі незалежнымі: усе рэспублікі былога Савецкага Саюза складалі адзіную незалежную дзяржаву. Калі гітлераўская Германія, парушыўшы дагавор аб ненападзенні, вераломна напала на СССР, мы сталі залежнымі ад дзеянняў фашысцкіх элементаў, якія падпарадкавалі сабе ўвесь Захад. Мы ўступілі ў барацьбу за нашу незалежнасць і дамагліся свайго. І сёння ўдзельнікі вайны вельмі рады, што тая барацьба за незалежнасць была недарэмнай.
Сцяпан Бамбіза, генеральны дырэктар Нацыянальнага парку «Прыпяцкі»:
— Асабіста для мяне незалежнасць — гэта найперш прыгожая, цудоўная, моцная краіна, гэта шчаслівыя людзі, дагледжаныя дарогі і палі, па якіх едзеш і разумееш, што ўсё ў нас у парадку. Гэта таксама і мудрае, узважанае кіраванне краінай, дзякуючы якому сталі магчымымі ўсе названыя дасягненні. Гэта аптымізм, з якім людзі глядзяць у будучыню, і непаўторнае адчуванне, калі мы самі, беларусы, ганарымся сваёй краінай.
Уладзімір ГРОЗАЎ, старшыня праўлення міжнароднага дабрачыннага фонду «Сям'я — Яднанне — Айчына», намеснік старшыні Грамадскай рады па маральнасці ў Беларусі:
— Увесь час гісторыя распараджалася так, што Беларусь пастаянна імкнуліся паглынуць, падмяць — то з усходу, то з захаду... А з атрыманнем незалежнасці беларусы, па сутнасці, упершыню сталі самі сабой — як нацыя, духоўная супольнасць, цэласнае грамадства. І ўсведамленне таго, што мы — адзіная, незалежная, свабодная, дружалюбная сям'я, дарагога каштуе. Для мяне як грамадзяніна, для маіх дзяцей гэта вельмі важна. А як прадстаўнік духоўнай сферы, дадам, што духоўны вектар для хрысціянства — таксама незалежнасць: незалежнасць ад граху, ад усяго таго, што пастаянна цягне чалавека да нізкага. Беларуская праваслаўная царква ў гэтым сэнсе ўяўляе сабой прыклад гарманічнага супрацоўніцтва з дзяржавай, з грамадствам — і гэта зноў жа вынік нашай рэальнай незалежнасці.
Алена Спірыдовіч, тэлевядучая, заслужаная артыстка Беларусі:
— На міжасабовым узроўні, куды ні зірні, мы паўсюдна залежым адно ад аднаго. Каб атрымалася добрая сям'я, трэба, каб людзі кахалі, любілі і залежалі адно ад аднаго; тое ж неабходна для моцнага сяброўства. Каб зрабіць разам вялікую, вартую справу, людзі павінны залежаць ад таленту, працы, прыстойнасці сваіх калег. Асабіста ў мяне — чым больш я ад кагосьці залежу, тым лепш усё атрымліваецца. Таму я вітаю такую залежнасць — у чалавечых стасунках. Сябры, давайце будзем залежаць адно ад аднаго!
А вось што датычыцца краіны, то вельмі хочацца, каб у свеце нашу краіну паважалі, каб прыслухоўваліся да яе пазіцыі. І для гэтага якраз не проста патрэбная, а жыццёва неабходная незалежнасць. Каб ніхто звонку не ўказваў, як нам жыць і што рабіць.
Святлана Сітнікава, рэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат педагагічных навук:
— Для мяне незалежнасць — гэта магчымасць развіцця краіны ў тым кірунку, які дазваляе ёй быць канкурэнтаздольнай на сусветным рынку, калі казаць пра эканоміку. Калі браць іншыя аспекты, то гэта свабода перамяшчэння і волевыяўлення грамадзян па любым пытанні. Гэта — магчымасць фарміравання іміджу канкрэтнай установы, арганізацыі або спецыяліста не толькі ўнутры краіны, але і ў сусветным кантэксце. Калі гэтыя складнікі рэалізуюцца, тады фарміруюцца самасвядомасць, патрыятызм, людзі ганарацца сваёй краінай, домам, родам. А значыць — жывуць у згодзе з сабой.
Васіль Прадун, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Баранавіцкага гарадскога канцэртнага аркестра:
— Я думаю, што гэта магчымасць свабодна хадзіць па вуліцах, калі няма налётаў і абстрэлаў. Я сам родам з Украіны, і мне балюча глядзець на тое, што там цяпер адбываецца. А яшчэ незалежнасць асабіста для мяне — гэта магчымасць займацца сваёй любімай справай, тварыць без якіх-небудзь перашкод.
Давід РОТМАН, дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў Белдзяржуніверсітэта:
— Мяркую, размову трэба весці пра магчымасць і права дзяржавы прымаць самастойныя рашэнні. Гэтыя рашэнні павінны быць не толькі выгаднымі нашай дзяржаве, але і, безумоўна, адпавядаць міжнародным нормам і правілам.
Раман КРУЧКОЎ, сямейны псіхолаг:
— Незалежнасць, па вялікім рахунку, пачынаецца са стану душы, унутранай свабоды канкрэтнага чалавека, з яго жадання і магчымасці мець уласнае меркаванне. Тое, што ўяўляе сабой унутраная свабода кожнага з нас, і складае нашу агульную незалежнасць — на ўзроўні грамадства, народа.
Яўген КЯПУРКА, выпускнік 2014 года Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь:
— Калі казаць пра незалежнасць на ўзроўні дзяржаўнага ладу, то гэта значыць, што краіна не залежыць ад іншых дзяржаў: сваёй палітычнай сістэмай, эканамічным і ваенным патэнцыяламі. Нават наяўнасць сваіх Узброеных Сіл сведчыць аб незалежнасці краіны. Безумоўна, у тым, што сёння мы жывём у такой краіне, вялікая заслуга ветэранаў. Калі нямецкая машына хацела захапіць нашу тэрыторыю і зняволіць беларускі народ, нашы дзяды і прадзеды, бабулі і прабабулі адстойвалі сваю зямлю цаной уласных жыццяў. Гонячы фашызм на захад, яны гэтым самым захоўвалі для нас мір, тэрытарыяльную цэласнасць і незалежнасць.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[2] https://zviazda.by/be/tags/dzen-nezalezhnasci
[3] https://zviazda.by/be/tags/patryyatyzm
[4] https://zviazda.by/be/tags/gonar
[5] https://zviazda.by/be/tags/svyadomasc