«Кожны студэнт-першакурснік нашай ВНУ будзе забяспечаны месцам у інтэрнаце», — паабяцаў падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка Аляксандр ЖУК.
Як вядома, сёлета магчымасць паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без экзаменаў атрымалі школьныя медалісты, уладальнікі дыпломаў ССНУ з адзнакай і прызёры абласных этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Усяго ў гэты пералік увайшлі 22 спецыяльнасці. Але галоўнай інтрыгай застаецца пытанне: ці многія з выдатнікаў скарыстаюцца прадастаўленай ім прывілеяй і зробяць свой выбар на карысць педагогікі? Аляксандр Жук настроены вельмі аптымістычна:
— Мы папрасілі спісы ўсіх медалістаў з Мінска і Мінскай вобласці і ўсім ім накіравалі лісты ў школы. Нашы запрашальныя лісты былі агучаны на апошніх званках. У сацыяльных сетках створаны групы БДПУ, якія рэгіструюць пытанні, што тычацца ўступнай кампаніі. Абітурыенты з кола медалістаў і прызёраў алімпіяды ўжо тэлефанавалі ва ўніверсітэт, цікавіліся ўмовамі прыёму.
Міжнародны імідж і акадэмічная мабільнасць
На думку Аляксандра Жука, прадастаўленне студэнтам месца ў інтэрнаце — хоць і вельмі важны, але далёка не адзіны аргумент на карысць выбару месца навучання. У БДПУ ў будучых педагогаў ёсць магчымасць рэалізоўваць свой патэнцыял не толькі ў адукацыйнай сферы. Напрыклад, ва ўніверсітэце ёсць шмат спартыўных клубаў. Каманды ўніверсітэта з'яўляюцца прызёрамі і пераможцамі рэспубліканскай універсіяды па розных відах спорту: па футболе, футзале, барацьбе. Таксама ва ўніверсітэце дзейнічаюць шмат творчых калектываў.
— Адна з нашых задач — павышэнне міжнароднага іміджу ўніверсітэта, — падкрэсліў Аляксандр Жук. — Сёння БДПУ мае дагаворы аб супрацоўніцтве з больш чым 60 ВНУ як блізкага, так і далёкага замежжа. Напрыклад, заключаны дагавор аб супрацоўніцтве з Фларэнтыйскім універсітэтам. Па-першае, ён мае на ўвазе арганізацыю моўных курсаў. Студэнты БДПУ, якія вывучаюць італьянскую мову, будуць выязджаць для праходжання навучання ў Італію. Такая магчымасць з'явіцца ў іх ужо на зімовых канікулах, а ў наступным годзе — падчас летніх канікул. Мы дамовіліся з гэтым універсітэтам таксама пра так званае «ўключанае навучанне». Гэта значыць, што нашы студэнты будуць выязджаць у Італію на семестр або на ўвесь навучальны год для засваення праграм, узгодненых паміж дзвюма ВНУ. Адпаведна, будзем чакаць у Беларусі будучых псіхолагаў і сацыяльных работнікаў, якіх рыхтуе Фларэнтыйскі ўніверсітэт.
Акрамя таго, з дапамогай італьянскай асацыяцыі «Пуэр», якая займаецца аздараўленнем беларускіх дзяцей пасля чарнобыльскай аварыі, у нас будзе арганізаваны цэнтр псіхалагічнага кансультавання сем'яў, якія ўсынавілі дзяцей. Кансультацыі змогуць атрымаць і бацькі, і дзеці. Мы дамовіліся, што выкладчыкі і студэнты БДПУ, якія будуць працаваць на валанцёрскай аснове ў цэнтры, змогуць летам выязджаць з групамі дзяцей на аздараўленне. Там яны будуць сумяшчаць работу і адпачынак, выступаючы ў якасці псіхолагаў-кансультантаў.
Акрамя таго, у педагагічным універсітэце рэалізуецца праграма Erasmus+. Мы ставім задачу па пашырэнні магчымасцяў для праходжання стажыровак і навучання ў замежных універсітэтах, павялічваючы акадэмічную мабільнасць нашых студэнтаў і выкладчыкаў.
Прафарыентацыя за школьнай партай
Адказваючы на пытанне, з якімі баламі ўніверсітэт хацеў бы бачыць абітурыентаў у гэтым годзе, рэктар БДПУ патлумачыў сваю пазіцыю:
— Справа не ў абсалютных балах. Хацелася б (і такую задачу я паставіў перад калектывам), каб у гэтым годзе прахадны бал ва ўніверсітэт быў прыкладна на 10-30 пунктаў вышэйшы за мінулагодні. Уся Мінская вобласць у нас разбіта на сектары, нашы факультэты працуюць са школамі. Я сустракаўся з начальнікамі раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Мінскай вобласці: 18 з 23 — нашы выпускнікі. У Мінску таксама большасць начальнікаў упраўленняў — нашы выпускнікі. У верасні мы сумесна з упраўленнем адукацыі Мінскай вобласці і сталічным Камітэтам па адукацыі плануем абмеркаваць вынікі ўступнай кампаніі і арганізацыю прафарыентацыйнай работы на перспектыву. Заключым дагавор аб узаемадапамозе. Універсітэт прапануе школам дапамогу ў падрыхтоўцы да абласных, гарадскіх і раённых алімпіяд, арганізуе школы юных матэматыкаў, фізікаў і г.д. Будзем працаваць са школьнікамі, пачынаючы з сярэдніх класаў. Усё гэта робіцца для таго, каб на момант заканчэння школы мы мелі ўжо патэнцыяльных абітурыентаў.
У 20-й сталічнай гімназіі плануецца стварыць першы профільны педагагічны клас. А ў больш аддаленых планах — стварэнне спецыяльнай установы дашкольнай адукацыі, дзе педагогамі, выхавальнікамі і псіхолагамі змогуць папрацаваць і студэнты БДПУ. Такім чынам, можна будзе казаць пра стварэнне сістэмы бесперапыннай адукацыі.
Пакарэнне Эверэста
Сацыяльны статус настаўніка — адна з галоўных прычын падзення прэстыжу прафесіі педагога ў грамадстве. І, адпаведна, зніжэння цікавасці з боку моладзі да педагагічных спецыяльнасцяў. Аляксандр Жук знаходзіцца ў эпіцэнтры распрацоўкі новага сацыяльнага пакета для настаўніка. Акрамя ўжо агучаных урадам планаў па павелічэнні педагогам з 1 верасня заработнай платы на 15-18%, цяпер сумесна з Міністэрствам культуры прапрацоўваецца пытанне па прадастаўленні спецыяльных зніжак педагогам на квіткі ў тэатры і музеі. Яшчэ адна прапанова прадугледжвае сістэму зніжак на тэлефонныя размовы па мабільным тэлефоне — увядзенне тарыфнага плана «Настаўніцкі». Папярэднія перамовы з аператарамі мабільнай сувязі ўжо прайшлі ў Міністэрстве адукацыі.
— Пакуль што рана казаць пра канкрэтныя тэрміны ўвядзення такога плана, але нам бы вельмі хацелася папрацаваць з мабільнымі аператарамі над такім праектам, — дадаў Аляксандр Жук.
Восенню гэтага года Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт адзначыць 100-годдзе свайго заснавання. Святкаваць свой прыгожы юбілей будучая педагагічная эліта краіны збіраецца нестандартна. Напрыклад, турыстычна-спартыўны клуб БДПУ плануе пакарыць Эверэст і ўстанавіць там вымпел педагагічнага ўніверсітэта. Ва ўніверсітэцкім басейне будзе арганізаваны марафон сярод школьнікаў, студэнтаў, педагогаў, ветэранаў, чэмпіёнаў свету і прызёраў алімпійскіх гульняў.
А яшчэ ў планах значыцца ўстаноўка скульптурнай кампазіцыі з умоўнай назвай «Настаўніца першая мая». Па словах рэктара Аляксандра Жука, у Беларусі ўстаноўлена шмат скульптурных кампазіцый, але такой пакуль няма. Таму было б здорава, калі б яна з'явілася каля ўвахода ў вядучы педагагічны ўніверсітэт нашай краіны.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/adukacyya
[2] https://zviazda.by/be/gazeta
[3] https://zviazda.by/be/tags/vnu
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-zhuk
[5] https://zviazda.by/be/tags/student
[6] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[7] https://zviazda.by/be/tags/pedagagichny-universitet
[8] https://zviazda.by/be/tags/prahadny-bal