Прычыны аварыі невядомыя. Слова «тэракт» сярод версій не гучыць. У Маскве абвешчана жалоба.
[6]Катастрофа адбылася на Арбацка-Пакроўскай лініі маскоўскага метро ў 08:39 па Маскве на перагоне паміж «Славянскім бульварам» і «Паркам Перамогі»: сышлі з рэек вагоны цягніка. Пры рэзкім тармажэнні вагоны практычна скруціла на стыку, адзін з іх разарвала. У МНС заявілі, што колькасць загінуўшых узрасла да 20 чалавек. Гэтую ж лічбу назваў і афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Расіі Уладзімір Маркін. Раней прыводзіліся іншыя звесткі — усе спадзяваліся, што ахвяр усё ж менш.
Велізарная таксама колькасць пацярпелых: 118 чалавек шпіталізаваны, многія з іх у цяжкім стане. У некаторых траўміраваных — пераломы пазваночніка. Двое — у коме, пішуць СМІ. Восем пацярпелых знаходзяцца ў рэанімацыі ў інстытуце імя Скліфасоўскага. «Уніз пастаянна спускаюцца з насілкамі. Выносяць з‑пад зямлі. Хто без прытомнасці, хто стогне ад болю», — паведамлялі раней відавочцы.
Увогуле сваякі загінуўшых у метро атрымаюць 3 млн руб. кампенсацый, пацярпелыя — да 1,5 млн руб., паведамляе РІА «Навіны». Па даручэнні мэра Масквы Сяргея Сабяніна будуць выплачаны кампенсацыі сем'ям загінуўшых у памеры 1 млн руб., пацярпелым — па 500 000 руб., патлумачыла прэс-сакратар кіраўніка горада Гульнара Пянькова. «Таксама па лініі метрапалітэна дадаткова будзе выплачана страхавое пакрыццё», — цытуе яе агенцтва.
[7]Аб прычынах трагедыі ўчора не паведамлялася. Вядома толькі, што цягнік з пасажырамі затрымаўся ў тунэлі каля станцыі метро «Славянскі бульвар» з‑за падзення напружання, а таксама былі паведамленні пра задымленне, якія цяпер не пацвярджаюцца. «Напружанне на кантактнай рэйцы ўпала на ўчастку ад станцыі «Кіеўская» да станцыі «Маладзёжная», — перадавала ІТАР-ТАСС. На сайце МНС паведамляецца, што ў перагоне паміж станцыямі адбылося памылковае спрацоўванне пажарнай сігналізацыі. Гэта і паслужыла прычынай рэзкага прыпынку электрацягніка. З‑за рэзкага спынення вагоны цягніка (ад аднаго да трох) сышлі з рэек. «Цягнік літаральна разарвала, вагон усмятку. Вельмі шмат людзей пацярпела. Хтосьці аказаўся заціснутым», — распавёў сведка тэлеканалу LіfеNеws. Прадстаўнік Следчага камітэта Маркін адзначыў, што першыя падазроныя па справе аб аварыі ў маскоўскай падземцы могуць з'явіцца ў бліжэйшы час, бо «за кожнай тэхнагеннай катастрофай стаяць канкрэтныя людзі».
Мэр Масквы Сяргей Сабянін аб'явіў 16 ліпеня жалобу ў сувязі з аварыяй у метрапалітэне.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну, усяму расійскаму народу, родным і блізкім загінуўшых пры аварыі цягніка ў Маскоўскім метрапалітэне, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. «Паведамленне пра аварыю цягніка на Арбацка-Пакроўскай лініі Маскоўскага метрапалітэна, што прывяла да чалавечых ахвяр, болем адгукнулася ў сэрцах беларусаў, якія шчыра падзяляюць з Вамі пачуццё смутку», — гаворыцца ў спачуванні.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/bez-rubriki
[2] https://zviazda.by/be/gazeta
[3] https://zviazda.by/be/infarmbyuro
[4] https://zviazda.by/be/zdarenni
[5] https://zviazda.by/be/naviny-u-belarusi
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/168.png
[7] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/239.png
[8] https://zviazda.by/be/tags/maskva
[9] https://zviazda.by/be/tags/metro
[10] https://zviazda.by/be/tags/zdarenni