Прэзідэнт акрэсліў перад айчыннымі дыпламатамі эканамічныя і палітычныя кірункі знешняй палітыкі
Учора Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі, якія сабраліся ў Мінску. Сустрэча з дыпламатамі была планавай і прысвячалася падвядзенню асноўных вынікаў знешнепалітычнай і асабліва знешнеэканамічнай дзейнасці.
[5]Перш за ўсё кіраўнік дзяржавы закрануў глабальны кантэкст, у якім знаходзіцца наша краіна. «На нашых вачах імкліва мяняецца сітуацыя ў свеце. Мы сутыкнуліся з зусім новымі геапалітычнымі рэаліямі. Адсутнічае стабільнасць не толькі недзе далёка — у Паўночнай Афрыцы або на Блізкім Усходзе, а зусім побач, у нас пад бокам. І мы бачым: запалаць, выбухнуць можа ў любым месцы», — сказаў Прэзідэнт. «Адбываецца дэвальвацыя нормаў і прынцыпаў міжнародных паводзін, разбурэнне сістэмы міжнароднага права, якая стваралася дзесяцігоддзямі. Ясна адно: б'юць слабых, з моцнымі — лічацца. Таму нам трэба быць моцнымі — і палітычна, і асабліва эканамічна», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь працуе над дасягненнем гэтых мэт і на ўнутраным, і на знешнім полі. На гэта накіраваны пастаўленыя Прэзідэнтам задачы нарошчвання экспарту, мадэрнізацыі эканомікі, павышэння ўзроўню жыцця. «Мы зыходзім з таго, што развіццё міжнароднага супрацоўніцтва, выпрацоўка знешнепалітычнай стратэгіі і тактыкі павінны жорстка праламляцца скрозь прызму нашых унутраных прыярытэтаў. Мэтай з'яўляецца пастаяннае павышэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва, умацаванне міжнародных пазіцый і суверэнітэту дзяржавы», — заявіў Прэзідэнт.
Беларусі неабходна максімальна прагматычна выкарыстоўваць сучасныя сусветныя тэндэнцыі, адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«Новая сітуацыя справакавала рэзкі рост цікавасці да нашага рэгіёна з боку асноўных вядучых сусветных дзяржаў. І нам трэба старанна прааналізаваць гэтую сітуацыю, выкарыстоўваць яе максімальна прагматычна для прасоўвання сваіх нацыянальных інтарэсаў, абароны цэласнасці і незалежнасці краіны», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Па словах кіраўніка дзяржавы, рэаліі сённяшняга дня такія, што імкненне вядучых сусветных гульцоў задзейнічаць сілавыя метады, ціск, эканамічныя і рэсурсныя перавагі стварае дадатковыя крыніцы напружанасці. «У гэтых няпростых умовах дзякуючы нашай шматвектарнай палітыцы мы змаглі выбудаваць устойлівую мадэль супрацоўніцтва з большасцю краін свету. Беларусь ведаюць і паважаюць як дзяржаву, якая праводзіць сапраўды самастойную знешнюю палітыку, уносіць істотны ўклад ва ўмацаванне міжнароднай бяспекі. Але самае галоўнае — мы навучыліся супрацьстаяць любому, нават самаму магутнаму знешняму націску», — падкрэсліў беларускі лідар.
На думку Прэзідэнта, напярэдадні 2015 года ціск на Беларусь прадказальна ўзрасце, што звязана з маючай адбыцца прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй. «Я не раз казаў пра тое, што мы праводзім выбарчыя кампаніі не для Вашынгтона і Бруселя, роўна як і не для Крамля, а для сябе, у строгай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам. І не трэба тут прыніжацца і спрабаваць кагосьці чымсьці задобрыць, каб нам паўсміхаліся або «пагладзілі па галаве», — падкрэсліў беларускі лідар. Прэзідэнт папярэдзіў, што трэба быць гатовымі да супрацьстаяння з глабальнымі гульцамі па пытаннях праводзімай Беларуссю палітыкі. «Так званая мяккая сіла будзе выкарыстоўвацца па максімуме па ўсім перыметры нашых межаў. На танках да нас пакуль ніхто не палезе, але ціск узрасце кратна», — сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні закрануў і падзеі ва Украіне. «Нашы грамадзяне, з глыбокай горыччу назіраючы за падзеямі там, як ніколі ўсведамляюць сапраўдную каштоўнасць суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Па-іншаму глядзяць на стабільнасць і спакой у нашай краіне, — сказаў Прэзідэнт. — Мы дамагліся сваёй дзяржаўнасці дзякуючы гістарычнаму працэсу, які быў выкліканы распадам СССР. І нам трэба ўладкаваць тую дзяржаву, якую мы сёння маем. І гэта нялёгкая задача. Тым больш, што вакол яшчэ не ўсе да канца ўсвядомілі, што суверэнная Беларусь — гэта сур'ёзна і назаўжды», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб эканамічным складніку знешняй палітыкі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прыцягненне прамых замежных інвестыцый з'яўляецца «архіважнай тэмай для беларускай эканомікі». Прэзідэнт лічыць, што праца ў гэтым кірунку вядзецца слаба. «Паслы скардзяцца на фактычную адсутнасць «ліквідных» інвестыцыйных прапаноў. Нават тыя з іх, якія сёння рэалізуюцца або знаходзяцца на стадыі глыбокай прапрацоўкі, з'яўляюцца пераважна вынікам палітычных дамоўленасцяў на высокім узроўні», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт адзначыў, што ў 2014 годзе за кіраўнікамі замежных устаноў Беларусі персанальна замацаваны 34 буйныя інвестыцыйныя праекты на агульную суму інвестыцый каля $4 млрд. Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру замежных спраў прааналізаваць і далажыць, што зроблена. «Яшчэ раз падкрэсліваю: эканоміка — аснова ўсяго. У тым ліку стабільнасці ў дзяржаве і грамадстве. Я ўжо неяк казаў, што само існаванне нашай дзяржаўнасці можа разбурыць толькі эканоміка!» — падкрэсліў ён.
Галоўным партнёрам нашай краіны ва ўсіх адносінах застаецца Расія. Стратэгічна важным Прэзідэнт лічыць супрацоўніцтва з Кітаем, дзе варта пераходзіць ад крэдытнага да інвестыцыйнага ўзаемадзеяння. Вялікія магчымасці адкрываюцца пасля падпісання дагавора аб стварэнні ЕАЭС. Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным замацаваць зрухі ў супрацоўніцтве з краінамі Еўропы, якія намеціліся ў апошнія два гады. «Еўропа была і застаецца для Беларусі адным з найважнейшых кірункаў развіцця гандлёва-эканамічных сувязяў і галоўнай крыніцай тэхналогій і абсталявання», — падкрэсліў беларускі лідар. Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь будзе актыўна працаваць на рынку Украіны. «І якія б там ні адбываліся падзеі ў сувязі з пагадненнем аб асацыяцыі з Еўрасаюзам і іншае, прагматызм украінцаў быў заўсёды, і яны нікуды не падзенуцца ад супрацоўніцтва з Еўразійскім эканамічным саюзам», — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад дыпламатаў шукаць перспектыўных партнёраў у розных рэгіёнах свету, каб развіваць супрацоўніцтва па аналогіі з тым, як Беларусь пабудавала сваё супрацоўніцтва з Венесуэлай у Лацінскай Амерыцы.
На сусветным рынку беларускім экспарцёрам даводзіцца канкурыраваць з вядучымі замежнымі кампаніямі і транснацыянальнымі карпарацыямі. «Значыць, трэба шукаць свае нішы, дзе беларуская прадукцыя была б запатрабавана», — заўважыў Прэзідэнт. Па словах кіраўніка дзяржавы, сучасная беларуская знешняя палітыка павінна з'яўляцца прамым увасабленнем формулы: «Дыпламатыя — гэта мастацтва магчымага». «Але не ў сэнсе «спачываць на лаўрах» ці «спаць у шапку», апраўдваючыся знешнімі неспрыяльнымі ўмовамі. Неабходна ставіць максімальныя мэты, прычым на ўсіх кірунках. І толькі тады можна разлічваць на нейкі прымальны вынік», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт даручыў ураду і Міністэрству замежных спраў вывучыць эфектыўнасць работы дылерскай сеткі беларускіх прадпрыемстваў за мяжой. Паводле слоў Прэзідэнта, наспела неабходнасць аптымізацыі тавараправоднай сеткі і замены, калі гэта неабходна, нядбайных дылераў, стварэння паміж імі канкурэнцыі. Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што сістэмнага падыходу патрабуе і стварэнне знешнеэканамічнай інфраструктуры пад беларускі экспарт.
«Ва ўрада, органаў дзяржкіравання, МЗС, замежных устаноў задача адна — у самыя кароткія тэрміны аднавіць пазіцыі на традыцыйных рынках, нарасціць пастаўкі нашай прадукцыі на новыя перспектыўныя гандлёвыя пляцоўкі і да канца года забяспечыць выкананне ўстаноўленых паказчыкаў знешняга гандлю. Гэта патрабаванне часу», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле БЕЛТА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gazeta
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/palityka-0
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/s01097_027119.jpg
[6] https://zviazda.by/be/tags/zneshnyaya-palityka
[7] https://zviazda.by/be/tags/dyplamaty
[8] https://zviazda.by/be/tags/narad