Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў указы, падрыхтаваныя міжведамаснай рабочай групай для вырашэння праблемных пытанняў у аграпрамысловым комплексе, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Указ № 347 «Аб дзяржаўнай аграрнай палітыцы» накіраваны на ўдасканаленне механізмаў рэалізацыі аграрнай палітыкі і прадугледжвае меры па стварэнні эканамічных і прававых асноў для матываванага і эфектыўнага гаспадарання суб'ектаў у сельскай мясцовасці.
Нормы гэтага дакумента забяспечваюць выкананне міжнародных дамоўленасцяў, якія абмяжоўваюць выкарыстанне мер дзяржаўнай падтрымкі, што аказвае скажальнае ўздзеянне на гандаль.
Указ № 348 «Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці работы арганізацый аграпрамысловага комплексу» накіраваны на вырашэнне гэтай задачы па некалькіх кірунках: за кошт стымулявання стварэння буйных арганізацыйных структур (аграхолдынгаў) і за кошт паляпшэння ўмоў крэдытавання сельскагаспадарчых арганізацый.
Меры, прапанаваныя ў дакуменце, дадуць магчымасць стварыць умовы для стымулявання інтэграцыйных працэсаў у аграпрамысловым комплексе, зрабіць больш даступнымі крэдытныя рэсурсы, без якіх развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці немагчыма, вызваліць уласныя абаротныя сродкі гаспадарак на развіццё, павысіць эфектыўнасць іх функцыянавання.
Указ № 349 «Аб рэарганізацыі калгасаў (сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў)» устанаўлівае, што калгасы (СВК) да 31 снежня 2016 г. падлягаюць пераўтварэнню ў гаспадарчыя таварыствы або камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы.
Арганізацыйна-прававая форма юрыдычнай асобы, якая ствараецца ў выніку пераўтварэння калгаса, вызначаецца рашэннем агульнага сходу членаў калгаса. Пры пераўтварэнні калгаса ў гаспадарчае таварыства долі ў статутным фондзе гэтага таварыства размяркоўваюцца паміж фізічнымі асобамі — членамі калгаса, які пераўтвараецца, і адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай, на тэрыторыі якой ён размешчаны.
Згодна з указам, да юрыдычнай асобы, якая ствараецца пры пераўтварэнні калгаса, пераходзіць права карыстання зямельнымі ўчасткамі, а меры эканамічнага стымулявання, устаноўленыя калгасам, захоўваюць у дачыненні да яго сваё дзеянне.
Указ № 350 «Аб асаблівасцях пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб» накіраваны на спрашчэнне правапрымяняльнай практыкі ў гэтай сферы, узаемнае захаванне і абарону правоў, інтарэсаў вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі і яе нарыхтоўшчыкаў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/apk
[5] https://zviazda.by/be/tags/ukaz
[6] https://zviazda.by/be/tags/agrapramyslovy-kompleks