Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заяўляе пра неабходнасць развіцця канкурэнцыі ў сферы гандлю прадуктамі харчавання і таварамі народнага спажывання
Пры гэтым асаблівую ўвагу неабходна надаць якаснаму абслугоўванню сельскага насельніцтва і не дапусціць знікнення з рынку магазінаў крокавай даступнасці. Пра гэта ішла размова на сустрэчы кіраўніка дзяржавы са старшынёй савета дырэктараў ТАА «Тытунь-Інвест» Паўлам Тапузідзісам аб развіцці ў Беларусі аб'ектаў гандлёвай сеткі, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта.
«Вы гатовыя пабудаваць да 130 гандлёвых цэнтраў па ўсёй краіне, некалькі сярэдніх і пару буйных. Думаю, гэта цалкам магчыма ў Беларусі», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў яго не выклікаюць неспакою маштабы адпаведнай прапановы, паколькі Павел Тапузідзіс зарэкамендаваў сябе як сумленны прадпрымальнік. «Хацелася б, каб у Беларусі была дастатковая колькасць такіх прадпрымальнікаў, якія ў той ці іншай сферы будуць маякамі і ўзорамі таго, як трэба дзейнічаць і будаваць падобныя прадпрыемствы», — адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў пажаданне, каб заможныя грамадзяне Беларусі, прадпрымальнікі больш актыўна інвеставалі менавіта ў сваёй краіне. «Нам бы пабольш інвестыцый, і менавіта грамадзян Беларусі — людзей, якія жывуць тут, зарабляюць і імкнуцца пашыраць свой бізнэс. Я гэта абсалютна вітаю, вы гэта ведаеце. На гэтую тэму ў нас з вамі ўжо была даўняя размова. Добра, што вы выконваеце тое, што абяцалі», — сказаў беларускі лідар.
Разам з гэтым Прэзідэнт нагадаў, што даручаў органам улады вельмі акуратна, асабліва ў Мінску, ставіцца да ўзвядзення гандлёвых аб'ектаў, каб буйныя гандлёвыя сеткі не задушылі крамы крокавай даступнасці. Аляксандр Лукашэнка таксама бачыць станоўчы эфект ад развіцця канкурэнцыі ў сферы гандлю, што спрыяе забеспячэнню насельніцтва таварамі па разумных цэнах.
Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў функцыянаванне сферы гандлю на вёсцы і ў невялікіх раённых гарадах. Паводле яго слоў, і тут за кошт развіцця канкурэнцыі ёсць магчымасць зніжэння цэн на прадукцыю. «У нас ёсць прадпрымальнікі, гатовыя ўзяць цэлыя вобласці і сельскі гандаль, дайсці да кожнага селяніна, каб ён абслугоўваўся так, як належыць, — адзначыў Прэзідэнт. — Белкаапсаюз актыўна пярэчыць гэтаму. Але мы спажыўкааперацыі далі час, каб яны навучыліся нармальна абслугоўваць беларускіх сялян і каб цэны не былі завоблачнымі. А то атрымліваецца так, што сяляне вырабляюць прадукцыю, а ў вёсцы ім даводзіцца купляць яе па цэнах вышэйшых, чым у горадзе».
«Зразумела, што і лагістыка, і дастаўка таксама патрабуюць грошай. Але трэба шукаць іншыя формы, каб не падымаць на сяле цэны на прадукты харчавання першай неабходнасці, вопратку. І перш за ўсё рынак гэта павінен сфарміраваць, а каб ён сфарміраваў, патрэбна і там канкурэнцыя», — лічыць кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў пра неабходнасць больш актыўнага прасоўвання аб'ектамі гандлю тавараў беларускай вытворчасці. «Калі ў Беларусі ёсць тавар, ён павінен быць выгадна прадстаўлены ў любой краме», — сказаў Прэзідэнт. «Вядома, я буду падтрымліваць і настойваць, каб прадавалі ўсё ж такі беларускае. Гэтае патрабаванне прасоўваецца мною ў мяккай форме, але мы будзем больш актыўныя ў гэтым кірунку, і вы павінны разумець, што трэба прадаваць і беларускія тавары. Па прадуктах харчавання тут праблем асаблівых няма, але трэба, каб быў прадстаўлены і асартымент адзення, абутку і гэтак далей», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што і самому гандлю неабходна больш актыўна патрабаваць і заахвочваць вытворцаў тавараў да выпуску запатрабаванай прадукцыі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/tags/gandal
[3] https://zviazda.by/be/tags/tavary
[4] https://zviazda.by/be/tags/spazhyvec
[5] https://zviazda.by/be/tags/kankurencyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/pradukty-harchavannya