Як не заблудзіцца падчас лясных вандровак?
Другая палова лета — гэта час, калі ў лес па грыбы і ягады выпраўляецца шмат людзей. Для адных гэта спосаб дадатковага заробку, для другіх — выдатная магчымасць правесці вольны час на свежым паветры і ў цішыні як мага далей ад горада. Аднак і заблудзіцца ў лясным гушчары даволі проста не толькі для неспрактыкаванага чалавека…
[3]—72‑гадовая жыхарка Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці адправілася на прагулку ў лес і прапала, — прыводзіць далёка не адзінкавы прыклад памочнік міністра па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі. — Пошукі старой працягваліся некалькі дзён. Урэшце яна звязалася з родзічамі па мабільным тэлефоне. Дзякуючы гэтаму міліцыянеры змаглі ўстанавіць прыкладны раён месцазнаходжання старой і хутка яе знайшлі. Аказалася, што да бліжэйшай вёскі заставалася ўсяго толькі прыкладна пяць кіламетраў. Але наўрад ці іх змагла б прайсці бабуля, бо яна правяла тыдзень на палянцы без ежы і вады…
Пакіньце дома камуфляж
Многія людзі лічаць, што гэта можа здарыцца з кім заўгодна, але толькі не з імі. А калі пераконваюцца на практыцы, што такое сцвярджэнне памылковае, то «адматаць» стужку часу на некалькі гадзін назад шанцу ўжо няма.
—Менавіта таму яшчэ да паходу ў лес папярэдзьце як мага больш родных і сяброў пра свае намеры, — раіць Віталь Навіцкі. — Сёння гэтую задачу кардынальна спрашчаюць сацыяльныя сеткі, праз якія можна вельмі хутка апавясціць усіх зарэгістраваных там знаёмых людзей. Пажадана пазначыць не толькі раён, у які накіроўваецеся, але і запланаваны час вяртання назад. Калі час «Х» прайшоў, а вы не вярнуліся — гэта будзе сігнал для таго, каб пачаць пошукі.
Акрамя таго, лясное падарожжа патрабуе і дадатковай экіпіроўкі. У яе мусіць уваходзіць невялікі запас пітной вады і высокакаларыйная ежа — печыва, малочны шакалад, цукеркі. Шмат месца яны не зоймуць, а вось вельмі хутка аднавіць сілы дапамогуць. Калі ж вы пакутуеце на хранічнае захворванне, то для перастрахоўкі захапіце з сабой патрэбныя лекі. Калі абвастрэнне адбудзецца пасярод ляснога гушчару, аператыўна на дапамогу не прыйдзе ніхто.
Збіраючыся ў лясную вандроўку, абавязкова надзеньце што-небудзь яркае — напрыклад, нарукаўную павязку, шапку ці нешта яшчэ. Справа ў тым, што нашы грыбнікі і ягаднікі чамусьці любяць адпраўляцца ў лес у камуфляжнай вопратцы. Пры пошуках жа з паветра і нават на зямлі чалавека разгледзець на фоне густога зарасніку даволі цяжка. А калі колер вопраткі зліваецца з лесам, то верталёт можа праляцець над чалавекам, а пілоты яго не заўважаць.
Цалкам зарадзіце батарэю мабільнага тэлефона і не карыстайцеся ім у лесе без асаблівай патрэбы. Як правіла, якасць сігналу пасярод гушчару часта пакідае жадаць лепшага, і акумулятар з‑за гэтага будзе разраджацца хутчэй. Тэлефануючы ў службу выратавання, абавязкова паведаміце дыспетчару, паблізу якой вёскі вы ўвайшлі ў лес. Гэта дапаможа істотна звузіць сектар пошуку.
У ідэале, вядома, пажадана браць з сабой у лясное падарожжа смартфон з загадзя спампаванымі падрабязнымі картамі мясцовасці ды магчымасцю GPS-навігацыі. Аднак для пенсіянераў гэта задорага. Ды і чым чалавек старэйшы, тым цяжэй яму асвоіць новую тэхніку…
«Заблукаў, не ведаў, дзе…»
Назбіраўшы кошык грыбоў ды ягад, наведвальнік лесу накіроўваецца дадому. Аднак праходзіць гадзіна, другая, трэцяя, а доўгачаканага населенага пункта ўсё яшчэ не відаць. А лясному гушчару не відаць ні канца, ні краю. «Заблудзіў» — першая думка, якая праносіцца ў галаве ў небаракі…
—Пастарайцеся прыгадаць ваш маршрут, — раіць Віталь Навіцкі. — Магчыма, вы па дарозе сустрэлі нейкі апазнавальны знак — скажам, валун ці расколатае ўдарам маланкі дрэва, ці нейкі незвычайны ствол. І калі так, то кіруйцеся па гэтых знаках назад. Станьце нерухома і прыслухайцеся. Шум ад аўтамабільнай дарогі можна пачуць за некалькі кіламетраў, а ад чыгункі, асабліва калі па ёй ідзе грузавы цягнік, — і таго больш. І калі вы чуеце гукі ад дзейнасці чалавека, то кіруйцеся проста на іх. Успомніце: мабыць, вы бачылі нейкія прыкметы цывілізацыі. Напрыклад, гэта была лінія электраперадачы, прасека, сельская дарога, хай сабе і закінутая, чыгуначнае палатно.
Аднак можа здарыцца і так, што ніякіх прыкмет дзейнасці чалавека няма на кіламетры навокал. Адзінае, што застаецца зрабіць у такой сітуацыі, — гэта выбраць любы кірунак і прытрымлівацца яго. Але і тут не ўсё так проста. Трэба памятаць, што ў любога чалавека адна нага хоць на лічаныя міліметры, але абавязкова робіць большы крок за другую. І гэтая асаблівасць можа згуляць з непадрыхтаваным чалавекам вельмі дрэнны жарт. Яму будзе здавацца, што ён ідзе прама, хаця насамрэч траса маршруту пачне паціху закругляцца. І ў выніку падарожнік проста апіша акружнасць даўжынёй у шэсць-сем кіламетраў. У горадзе ці вёсцы такое немагчыма з‑за таго, што чалавек, дзякуючы шматлікім надзейным арыенцірам на мясцовасці кшталту прамой вуліцы, міжвольна выпраўляе крок. У лесе ж такіх арыенціраў няма…
Змагацца з гэтай з'явай даволі проста. Трэба стаць каля аднаго дрэва і выбраць праз невялічкую адлегласць на прамой лініі другое. Дайшоўшы да яго, спыняецеся і паўтараеце манеўр зноўку. Дасягнуўшы трэцяга дрэва, трэба сачыць, каб першае дрэва апынулася ззаду на прамой лініі. І так вы хутка дойдзеце да бліжэйшага паселішча або пачуеце гукі ад людской дзейнасці.
Калі ж ужо пачынае змяркацца, а вы так і не выбраліся з гушчару — варыянтаў няма, давядзецца ў лесе начаваць. Пакуль не сцямнела, знайдзіце невялічкую сухую ямку або лагчыну — тое, што можа служыць прыродным укрыццём. Можна нават пабудаваць просты навес з падручных матэрыялаў.
Адметнасць беларускіх лясных нетраў у тым, што іх памеры параўнальна невялікія. Як правіла, шлях да людзей па прамой лініі рэдка перавышае 15–20 кіламетраў…
«Улоў» без наступстваў
Ратаўнікі раяць вельмі ўважліва сачыць за тымі грыбамі і ягадамі, якія збіраеце. Калі ёсць нават нязначныя сумненні — лепш не кладзіце ў кошык падазроны грыб. Бо падчас хады ён можа перамяшацца з астатнімі, і тады знайсці яго будзе ўжо вельмі складана. Да таго ж чалавек можа забыцца аб тым, што такі сумніўны грыб увогуле трапіў у кошык. А наступствы гэтага могуць быць самыя розныя, аж да экстраннай перасадкі печані. Таму лепш выкіньце яго прэч. Як бы там ні было, але лепш ахвяраваць грыбам, чым здароўем…
Валяр'ян ШКЛЕННІК.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/358.png
[4] https://zviazda.by/be/tags/pamochnik-ministra-pa-nadzvychaynyh-situacyyah-vital-navicki
[5] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik-0